«Каб зрабіць што-небудзь імпартазамяшчальнае, трэба спачатку купіць што-небудзь імпартазамяшчальнае. А яго не прадаюць»

Тэлеграм канал «Лісты да дачкі» ў звыклай для яго іранічнай манеры тлумачыць, як звязаныя беларуская эканоміка і справаздача ICAO аб прымусовай пасадцы рэйсу Ryanair.

dno_1_18_5fd61134239775e4a9386a2079fc218233ae3b7c.jpg


Ужо колькі разоў сведкі стабільнасці з рытарычна пыталіся ў сваім тэлевізары: «Дзе ваша справаздача, ICAO?». Есці, бывае не маглі, так чакалі справаздачы. Вось, нарэшце, дачакаліся. ICAO апублікавала канчатковую справаздачу аб прымусовай пасадцы самалёта. Вось лепш бы не пыталіся, шчыра кажу. Хоць, яны ж не для ICAO малявалі ў тэлевізары праведнае абурэнне, а для свайго гледача. Таго, адзінага для якога беларускі тэлевізар стараецца.

Не ўпэўнены ў практычных наступствах гэтай падзеі. Усе практычныя наступствы беларускія ўлады атрымалі авансам. А ўлічваючы ўсе іх сукупныя заслугі ва ўмацаванні міжнароднай бяспекі, дадаць да гэтых наступстваў нешта новае ўжо цяжка. ICAO, праўда, перадала сваю справаздачу ў ААН, але з такім жа поспехам маглі і ў Спортлато напісаць.

З аднаго боку, рэпутацыя бесшабашнага пірата нікому, акрамя Джэка Вераб’я, на карысць не ішла. А з другога, рэпутацыя беларускіх уладаў знаходзіцца ў такім стане, што яе цяжка чым-небудзь сапсаваць.

Вось Белстат у панядзелак падлічыў практычныя наступствы гэтай сапсаванай рэпутацыі. Калі ў першым квартале беларуская эканоміка саслізнула ўніз на 0,4 адсотка, то ў другім правалілася адразу на 7,6. І цяпер пытанне складаецца ў тым, эканоміка дасягнула дна свайго падзення або проста зрабіла маленькі прыпынак, каб адпачыць па дарозе.

Цяперашняе падзенне эканомікі — вынік санкцый супраць беларускага экспарту. І ў гэтым сэнсе, да таго падзення, якое ўжо ёсць, цяжка будзе дадаць нешта новае. Экспарт, які меў для беларускай эканомікі значэнне, і так, можна сказаць увесь забаранілі.

Але ёсць жа яшчэ і забаронены еўрапейскі імпарт. А забаронены еўрапейскі імпарт, гэта не той імпарт, які сыр і вяндліна, а той імпарт, які абсталяванне, камплектуючыя і карысныя для вытворчасці матэрыялы. Так ужо беларуская эканоміка ўладкаваная, што без імпарту ў ёй ні курачку вырасціць, ні бульбачку пасадзіць. Не кажучы ўжо аб вытворчасцях з больш высокім узроўнем тэхналагічнай складанасці.

А наступствы санкцый на імпарт беларуская эканоміка яшчэ толкам не рассмакавала. Таму што закупіліся загадзя і на складах ёсць запасы. Але на ўсю эканоміку ж не назапасішся. Вось цяпер у беларускіх чыноўнікаў ёсць вялікі план, каб імпартазамяшчаць тое, што адсутнічае ў Расіі, і мець сабе на гэтым шчасце і трохі гешэфту. Але, каб зрабіць што-небудзь імпартазамяшчальнае трэба ж спачатку купіць што-небудзь імпартазамяшчальнае. А яго цяпер не прадаюць. Так што, мне здаецца, пошукі дна беларускай эканоміцы яшчэ наперадзе.