Беларуская эканоміка: у галінах ўсё сумна
ТГ-канал «Нашы грошы» аналізуе нядаўнюю справаздачу Белстата па першым паўгоддзі 2022 года ў беларускай эканоміцы.
Працягваем размову пра ВУП. Спад эканомікі Беларусі за першае паўгоддзе ў 4,2%, як сярэдняя тэмпература па бальніцы, мала кажа пра стан асобных галін. Агульная карціна ў разрэзе сфер выглядае гнятліва. Большасць галін дэманструе падзенне аб'ёмаў у вартасным выражэнні. Некаторыя з іх пачалі ўстойліва падаць пасля сакавіка, але ёсць і такія, дзе падзенне пачалося нашмат раней.
Самае істотнае зніжэнне валавай дабаўленай вартасці назіраецца ў транспартнай і будаўнічай сферах. Транспартная сфера па выніках шасці месяцаў 2022 знізілася на 14,2%, будоўля — на 12,5%. Але калі сфера транспарту відавочна пацярпела пасля лютага па меры ўзмацнення санкцый, то будаўніцтва адчувае хранічныя цяжкасці.
Апрацоўчая прамысловасць па выніках шасці месяцаў бягучага года прадэманстравала падзенне на 6,4%. У сакавіку вычарпаў сябе рост гэтай сферы, дасягнуты за студзень-люты на хвалі экспартнага цуду папярэдняга года. З красавіка падзенне носіць устойлівы характар.
Горназдабыўная прамысловасць, наадварот, усё яшчэ знаходзіцца ў зоне росту адносна вынікаў першага паўгоддзя папярэдняга года. Аднак, аб'ём прамысловай вытворчасці ў гэтай сферы складае менш за 2% агульнага аб'ёму вытворчасці беларускай прамысловасці.
Сфера сельскай гаспадаркі адносна першага паўгоддзя мінулага года знізіла аб'ёмы вытворчасці на 1,5%. Гэта трохі менш за негатыўны паказчык па выніках студзеня-траўня. Тут, верагодна, адбіваюцца ўплыў новага ўраджаю і павелічэнне экспарту на расійскі рынак.
Сферы энергетыкі і водазабеспячэння дэманструюць адмоўную дынаміку адносна паказчыкаў мінулага года: адзначаны спад на 2,0% і 1,1% адпаведна. Тут дынаміка з'яўляецца адлюстраваннем агульнага скарачэння эканомікі Беларусі, выяўляецца ў зніжэнні патрабаванняў да рэсурсаў дадзеных галін.
Сфера гандлю за першае паўгоддзе ўпала на 8,1%. Негатыўныя тэндэнцыі ў галіне рэзка нарастаюць з красавіка на фоне зніжэння пакупніцкай здольнасці насельніцтва, высокай інфляцыі, разрыву традыцыйнай лагістыкі паставак і санкцыйных абмежаванняў.
Сфера інфармацыі і сувязі з'яўляецца адзінай, дзе па выніках паўгоддзя назіраецца істотны рост (+7,1%). Але і тут тэмпы прыросту запавольваюцца, акрамя таго, аб'ём дадзенай сферы хоць і важны для эканомікі, але ўсё ж недастатковы для таго, каб яна ў адзіночку выцягнула эканоміку ў зону росту.