Краіна, у якой (амаль) усё ўжо здарылася
Падобна на тое, што мы ўрэшце перасеклі тую лінію, за якой было нешта страшнае і незразумелае. Непрыемныя навіны не выклікаюць панікі, якую яны павінны былі б выклікаць у нармальным стане грамадства. І нават не здзіўляюць. Бадай, рэакцыя адна: «І што?» Нібыта мы, як той пралетарыят, якому няма чаго губляць, апроч сваіх ланцугоў.
ІСАО — Савет Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі — урэшце выкаціў справаздачу наконт пасадкі ў Мінску рэйсу Ryanair у траўні 2021 года, у выніку якой былі арыштаваныя Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега. У выніку расследавання было прызнана, што пагроза выбуху бомбы ў дачыненні да рэйса FR4978 Ryanair была заведама ілжывай, пагражала бяспецы рэйсу, і акрамя таго — была даведзена да экіпажа самалёта па ўказанні вышэйшых службовых асоб Беларусі. Такім чынам, улады Сінявокай парушылі дзве канвенцыі аб грамадзянскай авіяцыі (Чыкагскую і Манрэальскую), абвінавачаныя ў паветраным пірацтве і…
І што далей? Як слушна напісаў тэлеграм-канал «Лісты да дачкі», «усе практычныя наступствы беларускія ўлады атрымалі авансам. А ўлічваючы ўсе іх сукупныя заслугі ва ўмацаванні міжнароднай бяспекі, дадаць да гэтых наступстваў нешта новае ўжо цяжка». «Белавія» ў Еўропу не лётае, лізінгавыя самалёты ў яе забралі з-за ўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны, міжнародныя кампаніі аблятаюць беларускую паветраную прастору бокам, дый частка неба Сінявокай проста закрытая з-за той жа вайны ва Украіне, і нават абвінавачванне нашым службовым асобам у паветраным пірацтве ўжо выстаўленае ў амерыканскім судзе. Што яшчэ можна прыдумаць, каб пакараць вінаватых у «тэлефонным тэрарызме»?
Канешне, ICAO перадала сваю справаздачу ў ААН, але з такім жа поспехам маглі і ў Спортлато напісаць.
Канешне, можна паспрабаваць яшчэ раз ударыць беларускія ўлады рублём — Ryanair можа падаць нейкую позву ў нейкі міжнародны суд і запатрабаваць ад Беларусі кампенсацыі за незаконныя дзеянні. Тое ж самае ў прыватным парадку могуць зрабіць і пасажыры таго няшчаснага рэйсу. Аднак рэйтынгавае агенцтва Moody's ужо наўпрост заявіла аб дэфолце Беларусі — пасля рублёвай выплаты купона па доларавых каштоўных паперах. S&P анансавала прызнанне невыканання абавязацельстваў па заканчэнні льготнага перыяду. Fitch таксама панізіла рэйтынг Беларусі да абмежаванага дэфолту.
Па-факце, сённяшняя Беларусь — банкрут. І ці шмат з яе возьмеш? Беларускія ўлады, дарэчы, могуць нават прызнаць свае абавязальніцтвы, і нават выплаціць усім кампенсацыю — так, як яны «выплацілі» грошы па еўрааблігацыях: на рахунак у «Беларусбанку» у беларускіх рублях. Ці шмат карысці гэта прынясе пазоўнікам?
Канешне, айчынны Мінфін яшчэ варушыцца: нікому не будзе прыемна, калі на яго паказваюць пальцамі і кажуць, што ён, па сутнасці, жабрак. І Мінфіну непрыемна. Таму ён паскардзіўся ўсяму свету на «суб’ектыўнасць» рэйтынгавых агенцтваў. Маўляў, у «нестандартны час немагчыма абмяжоўвацца стандартнымі практыкамі і метрыкамі». Таксама ведамства Юрыя Селіверстава абвінаваціла рэйтынгавыя агенцтвы ў тым, што яны не забяспечваюць у сваіх ацэнках «незалежнасць, аб'ектыўнасць, паўнавартасны ўлік усіх фактараў», і паведамляе, што прымае актыўныя меры па ўрэгуляванні праблем з разлікамі, «аднак ёсць і трэція асобы, дзеянні якіх відавочна нацэлены на выкарыстанне штучных дэфолтных з'яў, прытрымліваючыся генеральнай лініі Захаду».
Ведаеце, што гэта нагадвае? Першы клас, другая чвэрць, і нацягнутая «троечка» не за тое, што выканаў заданне, а за тое, што «стараўся». Беларускі Мінфін менавіта гэтага патрабуе ад рэйтынгавых агенцтваў — ацаніць не выкананне задання, а тое, што яны «стараліся». І крыўда, што гэтыя высілкі не ацанілі.
На жаль, даводзіцца канстатаваць, што жыццё ў цэлым, і сусветныя фінансавыя справы ў прыватнасці — гэта не пачатковыя класы беларускай сярэдняй школы. Тут важныя вынікі, а не памкненні і высілкі. Тым больш, што карані «дэфолтных з’яў» палягаюць менавіта ў дзеяннях беларускага рэжыму. Нельга бясконца груба ігнараваць міжнародныя правілы гульні, і не мець за гэта наступстваў. А «дэфолтныя з’явы» з’явіліся менавіта таму — з-за парушэння агульнапрынятых правоў чалавека, фальсіфікацыі выбараў і саўдзелу ў агрэсіі датычна Украіны.
Я мяркую, што ўсе згодныя з тым, што чалавечае жыццё — гэта каштоўнасць. Што забіваць людзей — дрэнна. І, калі з Беларусі на мірныя гарады Украіны ляцяць ракеты — гэта кепска. І калі «генеральная лінія Захаду» накіраваная на тое, каб гэта спыніць — прычым, фінансавымі сродкамі, а не сілавымі — гэта павінна быць. І скардзіцца трэба толькі на тых, хто дазволіў, каб з Беларусі ляцелі ракеты…
А пакуль гэта ёсць — добрага жыцця не будзе. Ускосна гэта прызнаў і Лукашэнка, які, на сустрэчы з Каранікам заявіў, што ўжо не ставіць задачу па росце ВУП. «Задача стаіць у гэтай сітуацыі захаваць тэмпы мінулага года, выйсці на ўзровень мінулага года», — сказаў ён.
Безумоўна, гэтую задачу можна вырашыць — гледзячы, як лічыць. Канешне, за першае паўгоддзе беларуская эканоміка саслізнула ўніз на 4,2%. Аднак і гэта яшчэ не ўсё.
ВУП Беларусі, зазвычай, вымяраецца ў беларускіх рублях. А інфляцыя ў нас у чэрвені склала 17,6%. Такім чынам, каб у нас ВУП дасягнуў сапраўды «ўзроўню мінулага года», то эканоміка павінна адыграць і ўзровень падзення, і ўзровень інфляцыі, то-бок падскочыць больш чым на 20%. Ці рэальна гэта? Нават неабазнаны чалавек скажа, што не. Нават у самых спрыяльных умовах такога скоку ўверх яшчэ ніхто, падаецца, не дасягаў. А нашыя ўмовы цяжка назваць спрыяльнымі.
Некаторыя абазнаныя людзі сцвярджаюць, што Сінявокая ўжо дасягнула дна, і горш быць не можа. Іншыя, не менш абазнаныя людзі сцвярджаюць, як Астап Бэндэр: «Фінансавая прорва — самая глыбокая з усіх прорваў, у яе можна падаць усё жыццё». Аднак… Ці знойдзецца нешта, што нас у будучыні здзівіць?