У даклад ICAO аб пасадцы самалёта Ryanair уключылі паказанні непасрэднага сведкі падзей
У Манрэалі адбылося абмеркаванне справаздачы ICAO па прымусовай пасадцы борта Ryanair у Мінску.
Са студзеня дакумент быў істотна пашыраны. У прыватнасці, у
яго дадалі паказанні сведкі, які 23 траўня 2021 года быў у дыспечарскай вежы
мінскага аэрапорта і прымаў непасрэдны ўдзел у падзеях. Пра гэта распавёў
Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай.
Пакуль што справаздача не апублікаваная, але зрабіць гэта
ICAO плануе ў бліжэйшыя дні. Па словах Вячоркі, арганізацыя не хацела
публікаваць дакумент, але супраць гэтага выступілі шэраг краін — у прыватнасці,
Польшча, Літва, Латвія, Іспанія ды ЗША.
Вячорка сцвярджае, што ў дакладзе даказаная віна рэжыму
Лукашэнкі ў прымусовай пасадцы самалёта ў Мінску з мэтай затрымаць
журналіста-дысідэнта Рамана Пратасевіча. Справаздача будзе асновай для звароту
ў міжнародны суд па справе аб паветраным тэрарызме.
Прымусовая пасадка самалёта кампаніі Ryanair у Беларусі
адбылася 23 траўня 2021 года. Самалёт ляцеў з Афін у Вільню. Беларускія ўлады
заявілі, быццам атрымалі паведамленне пра бомбу на борце самалёта. Пасля
пасадкі самалёта ў Мінску былі затрыманыя два пасажыры — журналіст Раман
Пратасевіч і яго сяброўка Сафія Сапега. Сапегу ўжо асудзілі на шэсць гадоў калоніі,
абвінаваціўшы ў адміністраванні тэлеграм-канала "Чорная кніга
Беларусі". Суд над Пратасевічам дагэтуль не адбыўся.
Паводле «Еўрарадыё».