Як вярнуць беларусам кантакты з Еўропай?

Арцём Гарбацэвіч разважае пра тое, ці справядліва наклалі санкцыі на «Белавію».

fthznfax0aee2ey.jpg

Калі немагчыма зняць санкцыі з «Белавія», трэба вярнуць хаця б пасажырскае чыгуначнае злучэнне з Беларуссю. Беларусам патрэбныя кантакты з Еўропай. Пасажырскі рух — гэта win-win, хоць штосьці ўзаемавыгаднае нават у сітуацыі халоднай вайны.
«Белавія» не мела дачынення да пасадкі самалёта Ryanair, але была за гэта пакараная.
Абмежаванні авіяцыйнай мабільнасці праз санкцыі на «Белавія» ўдарылі па рэпутацыі лукашэнкаўскага рэжыму, паслалі сігнал міжнароднаму бізнэсу, але адначасова яны абрэзалі злучэнні між Беларуссю і еўрапейскім кантынентам.
З вайной сітуацыя яшчэ ўскладнілася. Цяпер «Белавія» пад санкцыямі двойчы: за Ryanair і за напад на Украіну.
Пры гэтым, трэба разумець, што для нацый, якія змагаюцца за сваю незалежнасць (Беларусь), нацыянальная авіякампанія — важны атрыбут дзяржаўнага суверэнітэту ва ўсіх сэнсах: палітычным, эканамічным, гуманітарным, камунікацыйным, а таксама ў сэнсе мабільнасці людзей.
Стратэгічна было б няправільна, каб кампанія памерла, бо Лукашэнкі не вечныя, а «Белавія» была да іх і будзе пасля іх — глабальна людзі будуць лётаць ўсё часцей і больш.
Дэмакратычныя сілы маглі б падняць пытанне разблакавання пасажырскіх палётаў з Мінска ў ЕС узамен за нейкія крокі Мінска, хаця і цяжка сабе ўявіць такое, пакуль лукашысты робяць тое, што робяць.
Але «Белавія» гэта толькі частка праблемы.
Многія назіральнікі ўжо параўноўваюць наяўную геапалітычную сітуацыю з разломам крыгі, калі дзве паловы разыходзяцца ў розныя бакі. Крытычна важна захоўваць масточкі паміж гэтымі крыгамі.
Цяпер усе сілы лукашэнкаўскай і пуцінскай дзяржавы скіраваныя на тое, каб дэманізаваць Захад, спыніць кантакты, пабудаваць альтэрнатыўную рэальнасць для простага чалавека, апусціць заслону.
У дрыбінскіх і хойніцкіх раёнках цэлыя развароты адводзяць пад апісанне, як кепска жывецца на Захадзе.
Людзі павінны мець магчымасць жыўцом бачыць, якая прорва ў якасці жыцця існуе паміж «Рускім светам» і развітым.
Калі аднаўленне паветранага руху немагчымае на сёння, то чаму б не аднавіць хаця б пасажырскае чыгуначнае злучэнне? Гэта здыме супярэчнасць: чаму тавары чыгункай ездзяць, а людзі — не? Каго гэтым пакаралі?
Аднаўленне пасажырскага руху між Мінскам і Варшавай, Мінскай і Вільняй, Мінскам і Берлінам магло б дапамагчы людзям выязджаць і вяртацца. Пасажырскі рух — гэта win-win, хоць штосьці ўзаемавыгаднае нават у сітуацыі халоднай вайны.