Расія вывезла з Украіны 448 тысяч дзяцей

Украіна лічыць гэта выкраданнем.

2_1_14.jpg

За час вайны Расія вывезла з Украіны 448 тысяч дзяцей, паведамляе ТАСС са спасылкай на неназваную крыніцу ў сілавых структурах. З іх 11241 дзіця працягвае знаходзіцца ў пунктах часовага размяшчэння.
Усяго, сцвярджае ТАСС, мяжу перасеклі больш за 2,8 млн чалавек. Палова прыехала з тэрыторый, якія кантралююцца прарасійскімі сепаратыстамі.
Расія называе вываз дзяцей з захопленых абласцей эвакуацыяй і выратаваннем. Украіна абвінавачвае Маскву ў выкраданні дзяцей з акупаваных тэрыторый.
«Прымусовае перамяшчэнне грамадзянскага насельніцтва на тэрыторыю дзяржавы-агрэсара, у прыватнасці дзяцей, мае прыкметы выкрадання, — заявіў МЗС краіны ў сакавіку 2022 года. — Такія дзеянні з'яўляюцца грубым парушэннем міжнароднага права».
Востра стаіць пытанне з дзецьмі-сіротамі — Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб спрошчанай выдачы ім расійскага грамадзянства, што ідзе насуперак нормам міжнароднага права.