Прысуд Сафіі Сапега агучылі ў Гродне — 6 гадоў калоніі (абноўлена)
Прысуд палітзняволенай Сафіі Сапега агучылі сёння, 6 траўня, — 6 гадоў калоніі. Такі прысуд вынеслі сёння ў гродзенскім судзе.
Прысуд Сафіі Сапега агучылі ў Гродне — 6 гадоў калоніі.
Суд над расіянкай пачаўся 28 сакавіка, ён праходзіць у закрытым рэжыме. Крымінальную справу разглядаў Гродзенскі абласны суд, піша Еўр*радыё.
Сафія Сапега будзе адбываць пакаранне ў калоніі агульнага рэжыму. Яе ўзялі пад варту ў залі суда. Да таго яна ўтрымлівалася пад хатнім арыштам.
Сафію Сапега разам з Раманам Пратасевічам знялі з борта самалёта Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву і быў пасаджаны ў Беларусі 23 траўня 2021 года. Яе абвінавачваюць у адміністраванні тэлеграм-канала, дзе публікаваліся асабістыя звесткі беларускіх сілавікоў.
Агулам абвінавачанні расіянцы выставілі па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса («распальванне сацыяльнай варожасці», «незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці...» і г. д.). З улікам дасудовага пагаднення са следствам Сафіі пагражала па гэтых артыкулах да шасці гадоў зняволення. Менавіта столькі прасіў для яе пракурор.
Сапега пісала прашэнне аб памілаванні. Толькі ў першыя месяцы пасля затрымання яна знаходзілася ў СІЗА КДБ, пасля яе перавялі пад хатні арышт.
Беларускія праваабаронцы яшчэ ў траўні 2021-га прызналі Сафію Сапега палітзняволенай.