Аляксандр Фядута: «Мне за сябе не сорамна»
Аляксандр Фядута ў СІЗА КДБ пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы
Марына Шыбко, жонка палітолага і літаратуразнаўца Аляксандра Фядуты, на сваёй старонцы ў фэйсбуку падзялілася апошнімі навінамі пра палітвязня.
Аляксандра Фядуту тыдзень таму зноў перавялі ў СІЗА КДБ. Ён пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы і пракаментаваў гэта: «Перачытаў свае допыты. Том, які быў прысвечаны мне. Пакуль мне за сябе не сорамна».
Таксама Аляксандр Фядут перадае падзякі за падтрымку “ўсім, хто мяне памятае, я адчуваю іх падтрымку і стараюся быць яе варты”.
Палітвязень у прагулачным дворыку робіць зарадку, але са здароўем яшчэ ёсць праблемы, бо ён зноў пачаў задыхацца.
У сярэдзіне снежня ў Аляксандра Фядуты на Валадарцы дыягнаставалі вострую сардэчную недастатковасць, а праз тры дні ў яго здарыўся прыступ стэнакардыі і арытміі. За кратамі палітвязня ўтрымліваюць ужо больш за год. Супрацоўнікі КДБ затрымалі яго 12 красавіка ў Маскве. Цяпер ён — фігурант крымінальнай справы аб "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" (арт. 357 КК).