Вольга Залатар: За кратамі вельмі не хапае беларускамоўнай камунікацыі

«Тут асабліва адчуваецца, як зрусіфікавана краіна», — напісала палітзняволеная Вольга Залатар у лісце з калоніі

photo_2022_04_12_12_01_53.jpg

На волю дайшоў ліст ад палітзняволенай маці пецярых дзяцей Вольгі Залатар, датаваны 3 траўня, паведамляюць праваабаронцы.

Вольга паведаміла, што цяпер шые летнія міліцэйскія курткі, а лісты па-ранейшаму ёй не перадаюць.

«Ужо тыдзень, як я размеркаваная ў атрад і засвойваю працэс тэрмаапрацоўкі. Мая брыгада зараз шые летнія міліцэйскія курткі. Я іх прасую. І заўсёды малюся. Унутры мяне бесперапынна гучыць музыка. Дарма, што не маю ні слыху, ні голасу, каб спяваць. Затое мае дзеткі музычна адораныя. І здольныя ў мастацтве.

Па-ранейшаму, я вяду маналог. Нават на Вялікдзень мне не аддалі ніводнага віншавання. Як звычайна зычу людзям, якія аддалі незаконныя загады і іх выканаўцам усяго добрага, каб іх сэрцы адкрыліся Божаму поклічу і яны пакаяліся ва ўчыненым зле. Мне вельмі не хапае беларускамоўнай камунікацыі. На ўсю калонію дзве-тры зняволеныя, якія размаўляюць па-беларуску. Тут асабліва адчуваецца, як зрусіфікавана краіна. Затое відавочна, што тыя, хто размаўляюць на роднай мове, не злачыннічаюць».

3 снежня Вользе прысудзілі чатыры гады калоніі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Залатар не прызнала віну ні па ніводным артыкуле.

Дасылаць лісты Вользе можна на адрас:
ПК №4, 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Вольга Віктараўна Залатар