У Мінску затрымалі дваіх вернікаў пратэстанцкай царквы — меркавана, за малітву

Учора, 22 ліпеня, сілавікі прыйшлі дадому да дваіх вернікаў царквы Хрысціян веры евангельскай Яўгена Барысіка і Максіма Стасілевіча. Сёння павінен адбыцца суд.

Канфіскаваны буклет з малітвай. Фота з фэсбуку Вольгі Барысік

Канфіскаваны буклет з малітвай. Фота з фэсбуку Вольгі Барысік


Пра затрыманне напісала ў сваім фэйсбуку жонка і сястра затрыманых Вольга Барысік. Прычыну затрымання сілавікі не агучылі, але, як мяркуе Вольга, маглі затрымаць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»: пры затрыманні былі вынятыя буклеты з малітвай.

Канфіскаваны буклет з малітвай. Фота з фэсбуку Вольгі Барысік

Канфіскаваны буклет з малітвай. Фота з фэсбуку Вольгі Барысік


«Напэўна, ужо і маліцца за Беларусь супрацьзаконна, асабліва калі на беларускай мове...» — піша жанчына.
У Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі — у тым ліку супраць вернікаў і святароў.
Яшчэ ў 2020 годзе пад пераслед трапілі каталікі: пачынаючы ад кейса Тадэвуша Кандрусевіча, якога не пускалі ў краіну і хацелі пазбавіць грамадзянства, праз затрыманні і суды рэгулярна праходзяць каталіцкія святары. Напрыклад, нядаўна на 15 сутак быў затрыманы ксёндз Андрэй Вашчук. Хроніку пераследу Каталіцкага касцёлу можна пачытаць тут.
Пад пераслед трапляюць і праваслаўныя святары. Яшчэ ў 2020 годзе стала вядомая справа гомельскага святара Уладзіміра Драбышэўскага, якога некалькі разоў арыштоўвалі за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Нядаўна пазбавілі пасады іерэя Андрэя Наздрына — за антываенную пазіцыю і дапамогу пратэстоўцам. «Новы Час» таксама пісаў пра пераслед Праваслаўнай царквы.
Доўгую гісторыю змагання з рэжымам мае і пратэстанцкая царква «Новае жыццё»: пасля таго, як у 2020 годзе пастар царквы асудзіў гвалт сілавікоў, «Новае жыццё» выселілі з будынка, які царква займала не адзін дзясятак гадоў і фактычна стварыла ўласнымі сіламі на месцы былога кароўніка. Але вернікі прыходзілі да будынка памаліцца нават узімку. Некалькі разоў іх разганялі сілавікі.