Як рэжым атакуе праваслаўную царкву Беларусі. Хронікі атакі з 2020

Нядаўна мы пісалі пра шальмаваньне каталіцкага касьцёла ў Беларусі. На гэтым фоне праваслаўная канфэсія нібы выглядае ў бясьпецы. Але на справе — пакутуе і яна. Прасачылі эпізоды, калі ўсходняя традыцыя хрысьціянства зьведала перасьлед, як з боку рэжыму так і з боку ўласнага Сіноду БПЦ.

venijamin_i_karpenkau.jpeg

8 жніўня 2020 за адзін дзень да выбараў прэзыдэнта ў сацсетках стаў распаўсюджвацца флэшмоб з малюнкам, на якім было напісана: «Праваслаўныя супраць: фальсыфікацый, зьнявагі асобы, ціску на асобу». Яго аўтарамі былі сьвятар Аляксандар Кухта і дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч. Акцыя атрымала шырокі рэзананс сярод праваслаўных вернікаў, да яе далучыліся і каля 25 іншых сьвятароў. Распачаўся ціск з боку царкоўнага кіраўніцтва на ўласных сьвятароў з патрабаваньнем прыбраць свае імёны зь ліку тых, хто ўдзельнічае ў флэшмобе. Адначасова з гэтым запрацаваў і рэжым: на галоўную рэдактарку праваслаўнай газэты “Уваскрашэньне” Алену Міхаленку прыйшоў загад з боку епархіі, якая зьяўляецца заснавальнікам выданьня,  з патрабаваньнем прыбраць свой подпіс з пазначэньнем прафэсійнай прыналежнасьці. У выніку рэдактарка пакінула толькі імя.

pravaslaunyja_suprac.jpg

18 жніўня 2020 у менскім Сьвята-Элізавецінскім манастыры адбыўся агульны сход, на якім кіраўнік манастыра протаіярэй Андрэй Лемяшонак зрабіў заяву ў падтрымку Лукашэнкі  сказаў, што выступы людзей, маўляў, адбываюцца супраць Рускай Праваслаўнай Царквы, і пры Ціханаўскай будуць гейпрайды і аднаполыя шлюбы. На пярэчаньні парафіянаў ён заявіў, што жадаў бы, каб у манастыры ўсе былі аднадумцамі, а каму не падабаецца — «ніхто не трымае», і што «ва ўсіх, хто датычны да Элізавецінскага манастыра, адна агульная думка пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі». Пры гэтым Лемяшонак не даў магчымасьці выказацца іншаму клірыку, сьвятару Дзьмітрыю Басалыгу, які спрабаваў узяць слова і выступіць з альтэрнатыўнай думкай. Людзям, якія жадалі выказаць іншае меркаваньне, прапанавалі пакінуць сход, чым многія і скарысталіся. Пасьля агульнага сходу, напрацягу некалькіх месяцаў, значная частка супрацоўнікаў манастыра была звольнена ці вымушана сыйсьці з працы праз сваю грамадзянскую пазыцыю.

Андрэй Лемяшонак

Андрэй Лемяшонак

25 жніўня 2020 Патрыярх Маскоўскі Кірыл адправіў мітрапаліта Паўла ў адстаўку з пасады Патрыяршага Экзарха, замяніўшы яго Веніямінам Тупека. Мітрапаліт Павел узначальваў Беларускую Праваслаўную Царкву з 25 сьнежня 2013. 11 жніўня ён зьвярнуўся да Лукашэнкі з віншаваньнямі наконт яго перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах, аднак пазьней зрабіў шэраг супрацьлеглых заяваў і дзеяньняў. 14 жніўня мітрапаліт Павел выйшаў да вернікаў, якія прыйшлі на несанкцыянаваны царкоўным кіраўніцтвам крыжовы шлях, і папрасіў прабачэньня за заўчаснае віншаваньне Лукашэнкі з перамогай на выбарах. Ён пагадзіўся з прысутнымі, што зло павінна быць названа злом, што нельга мірыцца з гвалтам. Павел паведаміў, што заклікаў Лукашэнку спыніць гвалт над пратэстоўцамі. «Мітрапаліт атрымаў інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, ён бачыў відэа затрыманьня, ён абурыўся, жахнуўся і засмуціўся», — сказаў журналістам прэс-сакратар БПЦ протаіярэй Сяргей Лепін. Мітрапаліт заклікаў да малітоўнай падтрымкі незаконна затрыманых і пакрыўджаных. Такая супольная малітва павінна была праходзіць штодня.

pavel_11.jpg

17 жніўня мітрапаліт Павел наведаў у шпіталі пацярпелых падчас пратэсных акцый, пра што дагэтуль ёсьць навіна на афіцыйным сайце РПЦ у Беларусі: «У шпіталі знаходзяцца людзі, якія паступілі са сьлядамі зьбіваньняў і цяжкіх цялесных пашкоджаньняў з ізалятара часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна. Пацярпелым людзям нанесеная моцная фізычная і псыхалягічная шкода. Мітрапаліт паведаміў усім пацярпелым, што ў Беларускай Праваслаўнай Царкве ўзносяць малітвы аб іх хутчэйшым акрыяньні, і выказаў надзею на справядлівае расьследаваньне злачынстваў, учыненых падчас нядаўніх пратэсных акцый». У сваёй гаміліі на разьвітальнай літургіі 30 жніўня мітрапаліт Павел адзначыў, што зьмена Экзарха была прадыктавана палітычнай сытуацыяй.

pavel_2_3.jpg

18 верасьня 2020 протаіярэя Уладзімера Драбышэўскага ў Гомелі прысудзілі да арышту на 10 дзён. Прычына вельмі сур’ёзная:  за тыдзень перад гэтым сьвятар стаяў ля Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту з самаробным плякатам з выявай партрэта Ісаака Ньютана, а таксама сфармуляванага ім трэцяга закона клясычнай механікі: «На ўсякае дзеяньне ўзьнікае супрацьдзеяньне». 28 верасьня сьвятара прысудзілі яшчэ да 15 дзён зьняволеньня за тое, што прысутнічаў у месцы, ля якога адбываўся несанкцыянаваны сход. У сукупнасці протаіярэй Уладзімер Драбышэўскі правёў за кратамі 25 содняў бесперапынна. У яго адабралі наперсны крыж і падрасьнік. У далейшым на яго працягнуў аказваць ціск Сьледчы камітэт. Сьвятар, які зьяўляецца бацькам шасьці дзяцей, быў вымушаны пераехаць ва Ўкраіну разам з сям’ёю. 28 сьнежня 2020 арцыбіскуп Гомельскі і Жлобінскі Стэфан прыняў загад па якім «дабраславіў» пазбавіць Драбышэўскага права нашэньня сьвятарскай вопраткі, наперснага крыжа і наданьня сьвятарскага блаславеньня». Сьвятар зараз служыць у аўтакефальнай Ўкраінскай Праваслаўнай Царкве.

Уладзімер Драбышэўскі

Уладзімер Драбышэўскі

14 кастрычніка 2020 мітрапаліт Веніямін, выступаючы перад вернікамі ў Сьвята-Пакроўскім саборы Гародні выказаў пажаданьне, каб не выконваўся «сьпеў сьвецкага характару, які падзяляе наша грамадзтва — «Магутны Божа». 22 лістапада выконваць гімн «Магутны Божа» было забаронена кіраўніцтвам Лідзкай епархіі, пра што хору храма Хрыста Збавіцеля ў Лідзе было абвешчана перад нядзельным богаслужэньнем. У гэтай сьвятыні гімн выконваўся традыцыйна больш за шэсьць гадоў напрыканцы набажэнства, калі вернікам падаваўся для цалаваньня крыж.

Веніямін

Веніямін

18 лістапада 2020 Генэральная пракуратура вынесла папярэджаньне каталіцкаму біскупу Юрыю Касабуцкаму і праваслаўнаму сьвятару Сяргею Лепіну. Біскуп напісаў: «Ня выключаю, што да групы людзей, якія знаходзяцца за кратамі, неўзабаве далучацца духавенства, біскуп. Рэпрэсіі працягваюцца і супраць мяне і айца Сяргея Лепіна можа быць заведзеная крымінальная справа. Я гатовы».

Раней Юры Касабуцкі асудзіў разбурэньне супрацоўнікамі органаў народнага мэмарыяла ў Менску ў гонар забітага Рамана Бандарэнкі.

Сьвятар праваслаўнай царквы Сяргей Лепін выказаўся такім чынам: «Не разумею, навошта гэты зьдзек з партрэту забітага, з кветак у яго памяць, навошта гэтае сатанінскае зьневажаньне лампад і абразкоў, дужаньне з імправізаваным мэмарыялам у двары, уздоўж дарог...? У чым сэнс? Ня ўзгоднена, так? А вось такія паводзіны і адносіны — яно ўзгоднена? Зь кім?»

У папярэджаньні, вынесеным пракуратурай, адзначаецца: «У заявах у заведама безапэляцыйнай агрэсіўнай танальнасьці выкарыстоўваюцца вызначаныя тэрміны і абарачэньні («зьдзек з партрэтаў забітага», «навошта гэтае сатанінскае зьневажаньне лампад і абразкоў» і інш.), якія сьвядома падвышаюць узровень напружанасьці, нянавісьці да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку праваахоўных органаў, і, як сьледства, варожасьць у адносінах да названых сацыяльных груп насельніцтва».

Сяргей Лепін

Сяргей Лепін

26 лістапада 2020 падаў заяву аб звальненьні з пасады Старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ протаіярэй Сяргей Лепін. У яго падтрымку 69 дзейных сьвятароў зьвярнуліся да мітрапаліта Веніяміна. На знак салідарнасьці з Лепіным прашэньні аб звальненьні мітрапаліту Веніяміну падалі і іншыя, у тым ліку намесьнік Лепіна протаіярэй Яўген Грамыка, які быў зьняты з пасады 22 сьнежня 2020.

 27 лістапада 2020 упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка вынес Беларускай Праваслаўнай Царкве пісьмовае папярэджаньне. Ён зьвярнуў увагу на «няўхільны абавязак» усіх рэлігійных арганізацый выконваць артыкул 16 Канстытуцыі, што забараняе рэлігійныя арганізацыі, дзейнасьць якіх «скіравана супраць сувэрэнітэту Беларусі, яе канстытуцыйнага ладу». Папярэджаньне таксама спасылалася на Закон «Аб свабодзе сумленьня», які забараняе правядзеньне ў культавых будынках «мерапрыемстваў палітычнага характару, а таксама выступы, заклікі, якія абражаюць прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, службовых асобаў і асобных грамадзянаў». У папярэджаньні было напісана, што калі рэлігійная суполка паўторыць «парушэньне» напрацягу года, упаўнаважаны можа зьвярнуцца ў суд з заявай аб пазбаўленьні рэлігійнай супольнасьці яе легальнага статусу і, як сьлед, права на існаваньне.

 1 сьнежня 2020 у Берасьці была затрыманая і зьмешчаная пад варту сям'я праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча, настаяцеля храма сьвятога Арханёла Міхаіла ў аграгарадку Сьцяпанкі Жабінкаўскага  раёна — ён сам, яго жонка Любоў і сын Павел. Яны праходзяць па крымінальнай справе разам зь Мікалаем Аўтуховічам, па нібыта стварэньню тэрарыстычнай групоўкі, якая займалася падпалам аўтамабіляў і дамоў сілавікоў — артыкул 289 Крымінальнага кодэкса — «Акт тэрарызму». Уся сям’я Разановічаў прызнаная палітвязьнямі. 18 траўня 2022 пачаўся суд па «справе Аўтуховіча». Жонку сьвятара Любоў Разановіч як «асабліва небясьпечную» зьмясьцілі ў асобную клетку. Сяргей Разановіч у судзе адмовіўся даваць паказаньні, таму былі зачытаныя паказаньні, дадзеныя ім падчас следзтва. Зь іх вынікае, што ён нібыта чуў ад Мікалая Аўтуховіча аб расплывістых плянах зьбіць з ручнога гранатамёта самалёт Лукашэнкі.

Сяргей Разановіч

Сяргей Разановіч

21 студзеня 2021 са складу місіянэрскага аддзела БПЦ быў выведзены сьвятар Аляксандар Кухта, адзін з арганізатараў пазначанага вышэй флэшмоба. Ён таксама адслужыў на Плошчы Пераменаў паніхіду па Раману Бандарэнку. А таксама 20 студзеня сьвятар узяў паручальніцтва за палітвязьня Ігара Лосіка. Таксама з пасады кіраўніка Сінадальнага місіянэрскага аддзела БПЦ, нібыта «з прычыны вялікай нагрузкі і некаторых іншых абставінаў» быў зьняты протаіярэй Сяргей Цімашэнка, які ў лістападзе крытычна пракамэнтаваў сустрэчу мітрапаліта Веніяміна з Лукашэнкам і выступіў у падтрымку гімна «Магутны Божа».

Аляксандар Кухта

Аляксандар Кухта

8 чэрвеня 2021 Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэньне хадайнічаць перад Патрыярхам Маскоўскім Кірылам «аб сыходзе на супакой арцыбіскупа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія па стане здароўя». На наступны дзень члены Сьвятога Сінода РПЦ разгледзелі дадзенае хадайніцтва на экстранай нарадзе ў рэжыме анлайн і прынялі рашэньне аб звальненьні арцыбіскупа. Сам Арцемій сьцвярджае, што гэта было зроблена «па ўказцы дзяржавы». Пасьля выбараў 2020 арцыбіскуп Арцемій некалькі разоў публічна выступаў супраць фальсыфікацый і гвалту. Але БПЦ спрабавала дыстанцыявацца ад выказваньняў Арцемія  — было апублікавана афіцыйнае тлумачэньне «Аб удзеле вернікаў у грамадзка-палітычным жыцьці», у якім аўтары спасылаліся на нейкія нібыта «шматлікія звароты і пытаньні па сутнасьці прамоўленай ім гаміліі 16 жніўня 2020 года». Разам з тым паведамілі, што «любыя заявы ў сувязі з цяперашняй няпростай сытуацыяй у Рэспубліцы Беларусь, зробленыя асобнымі прадстаўнікамі, зьяўляюцца формай выказваньня іх асабістай грамадзянскай пазыцыі і адлюстроўваюць выключна асабісты погляд заяўнікаў на тое, што адбываецца».

Арцемій

Арцемій

Пазьней супраць арцыбіскупа Арцемія была распачата кампанія цкаваньня: у манастыры, які ўзначальвае ігуменія Гаўрыіла, быў ініцыяваны збор подпісаў за адстаўку арцыбіскупа. Праўладныя блёгеры здымалі ролікі супраць самога арцыбіскупа Арцемія. 17 сьнежня 2020 мітрапаліт Веніямін звярнуўся з лістом да арцыбіскупа Арцемія, у якім інфармаваў яго аб вынясеньні папярэджаньня. Сярод прэтэнзій да арцыбіскупа быў «падзел грамадзтва», аднак ён абверг гэтае абвінавачваньне. Адна са скаргаў палягала ў тым, што на здымках, якія яму прадэманстравалі, у адной з цэркваў епархіі хлопчык намаляваў на вялікодным яйку выяву «Пагоні». У ліпені, пасьля свайго звальненьня з пасады, арцыбіскуп Арцемій заявіў, што «прадстаўнікі ўлады раз'язджаюць па епархіях і размаўляюць з царкоўнымі людзьмі. Нават я чуў, што просяць не маліцца за тых, хто ў зьняволеньні. Такія малітвы забаронены, каб нідзе не было ні найменшага іншадумства», — заявіў арцыбіскуп. «Кроў ахвяраў і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні — на сумленьні тых, хто сьвядома сам забіваў або прымушаў іншых забіваць праўду! Пра тое, што так нельга рабіць тым, хто лічыць сябе праваслаўным хрысьціянінам, папярэджвалі нашы сьвятары, якія заклікалі да іх сумленьня і нагадвалі запаветы Божыя! Але, на жаль, іх слухалі ў апошнюю чаргу», — пісаў Арцемій у сваім звароце да вернікаў у жніўні 2020.

10 чэрвеня 2021 у тэлеграм-канале з назвай «Н*К і М*йк» была апублікаваная інфармацыя аб тым, што кіраўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы падало ў 4-е галоўнае ўпраўленьне КДБ спіс з каля 100 «нядобранадзейных» сьвятароў. Пасьля адхіленьня арцыбіскупа Арцемія ад кіраваньня Гродзенскай епархіі, шэраг сьвятароў былі адпраўленыя ў адстаўку са сваіх пасадаў новым біскупам Антоніем Дараніным. 19 ліпеня 2021 настаяцеля Сьвята-Пакроўскага катэдральнага сабора ў Гародні Георгія Роя звольнілі з пасады і прызначылі на пасаду настаяцеля храма ў аграгарадок Квасоўка. У саборы пры Рою праводзілася рэгулярная малітва за спыненьне тэрору і за мір у Беларусі. У знак гэтага і дзеля падтрымкі пацярпелых і іх блізкіх штогадзіну гучаў вялікі звон сабора. У той жа дзень протаіярэй Анатоль Ненартовіч быў вызвалены ад пасады сакратара Гродзенскай епархіі. 22 ліпеня 2021 іярэй Мікалай Гайдук быў вызвалены ад пасады выконваючага абавязкі настаяцеля дамавога храма сьвяціцеля Мікалая Цудатворца Гродзенскага епархіяльнага ўпраўленьня на Архіярэйскім падворку і прызначаны клірыкам гэтага храма.

Георгі Рой

Георгі Рой

10 чэрвеня 2021 намесьнік старшыні галоўнага ўпраўленьня па ідэалягічнай працы і справах моладзі Гродзенскага выканкама Сяргей Шумейка скіраваў праваслаўнаму Лідзкаму біскупу Парфірыю ліст, у якім прадпісваў яму арганізаваць звон у яго епархіі апоўдні 22 чэрвеня ў дзень нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз. «Просім да 16.06.2021 інфармаваць галоўнае ўпраўленьне аб прынятым рашэньні, з пазначэньнем храмаў, якія прымуць удзел у дадзенай акцыі», — загадвае чыноўнік. У напісанай ад рукі рэзалюцыі біскуп прадпісвае сьвятарам выканаць гэтую інструкцыю, атрыманую ад рэжыму.

szumejka.jpg

13 жніўня 2021 быў затрыманы іярэй Іаан Цюцюньнікаў, праваслаўны сьвятар з Жодзіна, настаяцель храма, які будуецца ў гонар Праабражэньня Гасподняга, сын інашага сьвятара — Мікалая Цюцюньнікава. Прычынай затрыманьня стала тое, што ў яго машыне гучала песьня Цоя «Перамен!», і сьвятар атрымаў за гэта 10 содняў арышту. Па словах парафіянаў, пакараньне было іншым — штраф у памеры 5 тысяч рублёў.

Іаан Цюцюньнікаў (зправа)

Іаан Цюцюньнікаў (зправа)

7 верасьня 2021 адбыўся ператрус у клірыка парафіі абраза Божай Маці «Усіх тужлівых Радасьць» у Менску іярэя Дыянісія Карасьцялёва. Сьвятар знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошваньні.

 14 верасьня 2021 дадому да праваслаўнага сьвятара Аляксандра Шрамко прыйшоў міліцыянт, патлумачыўшы сваякам сьвятара свой візыт цікавасьцю да «дэструктыўнай» дзейнасьці Аляксандра Шрамко ў яго аўтарскім тэлеграм-канале «Поп па-за гульнёй». Самога сьвятара не было дома — ён знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў сувязі з рызыкай перасьледу.

28 лютага 2022 падчас антываеннай акцыі супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, якая праходзіла каля чыгуначнага вакзала ў Менску, быў затрыманы сьвятар Міхаіл Маруга. Ён трымаў у руках букет кветак. Яму прысудзілі 13 дзён за кратамі, якія сьвятар правёў у Жодзіна.

 3 сакавіка 2022 праваслаўныя маці запрасілі верніцаў прыходзіць у Менскі катэдральны сабор на вячэрнюю службу, каб разам памаліцца за Ўкраіну і за сваіх сыноў, каб ім не давялося ехаць ваяваць на баку Расеі. На заклік да малітвы адгукнулася каля сотні кабетаў, але ў прызначаны час сабор і прылеглая да яго тэрыторыя былі ачэпленыя сілавікамі ў цывільным і спецтранспартам. Усіх, хто ўваходзіў на службу, здымалі на камеру, а пасьля службы чатырох жанчынаў затрымалі і даставілі ў РУУС, нягледзячы на ​​пратэсты сьвятара. Журналістку «Новага Часу»  Дыяну Серадзюк і яе мужа Яўгена Батуру у той дзень таксама затрымалі каля царквы. Абодвум прысудзілі 15 содняў.

 8 траўня 2022 прапагандыст Азаронак зьмясьціў ва ўласным тэлеграм-канале абурэньне гаміліяй архімандрыта Аляксея Шынкевіча ў катэдральным саборы з заклікам памаліцца аб спачыне душы першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. Уладальнік ордэна Азаронак назваў сьвятара «Юдай», «Хрыстапрадаўцам», якога трэба «вытруціць з цела Царквы», і суправадзіў заклікам да «органаў дзяржбясьпекі» разабрацца ў сытуацыі ў катэдральным саборы.

Аляксей Шынкевіч

Аляксей Шынкевіч

18 траўня 2022 сьвятар Андрэй Наздрын, пробашч парафіі храма Сьвяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Гародні быў звольнены ад усіх пасадаў, якія ён займаў ў Гродзенскай епархіі. Яго пазбавілі настаяцельства ў гэтай парафіі, а таксама зьнялі з пасады кіраўніка місіянэрскага аддзела і адказнага па пытаньнях фізычнай культуры і спорту Гродзенскай епархіі. Сьвятар Андрэй Наздрын быў адным з тых гарадзенскіх сьвятароў, хто дапамагаў затрыманым падчас пратэстаў 2020. Раней на сьвятара скардзілася праўладная актывістка Вольга Бондарава за антываенную пазыцыю Наздрына.

Сінод БПЦ часта можна пераблытаць зь іншай абрэвіятурай — КДБ.

Сінод БПЦ часта можна пераблытаць зь іншай абрэвіятурай — КДБ.


Захаваны аўтарскі правапіс