«Беларусь была моцнай краінай толькі тады, калі з беларускай мовай усё было добра»
Юрыст і «моўны інспектар» Ігар Случак на падставе сваёй дысертацыі падрыхтаваў кнігу «10 стагоддзяў дзяржаўнасці і дыскрымінацыі беларускай мовы». Аўтар распавёў «Новаму Часу» пра тое, якая сувязь паміж мовай і дабрабытам краіны, а таксама як можна атрымаць выданне.
— Распавядзіце, як утварылася кніга і чаму менавіта цяпер прыйшоў для яе час?
— Ужо больш за 10 год я займаюся абаронай моўных правоў. Я шмат перапісваюся з чыноўнікамі, вытворцамі, спартовымі клубамі, рознымі арганізацыямі і іншымі ўстановамі — у мяне ёсць унікальны архіў доказаў недасканаласці моўнага заканадаўства. Я вывучыў усю магчымую літаратуру пра беларускую мову, пісаў дысертацыю і дыпломную работу пра моўную палітыку ў Беларусі, распрацоўваў змены ў заканадаўства.
На падставе свайго досведу і ведаў пра моўную палітыку я даўно хацеў выдаць такую кнігу, але, калі жывеш у Беларусі і робіш для яе нешта карыснае, нічога немагчыма спланаваць. Бо сёння ты ў адным месцы, а заўтра ўжо вымушаны збіраць Стэфана (сына Ігара Случака і Аліны Нагорная. — НЧ), котку, рэчы і шукаць новае жытло, новыя кампутары. Таму ідэя з кнігай усё адкладалася і адкладалася.
А цяпер мы з Алінай распачалі «Акадэмію Ў» — курсы па абароне моўных правоў, і я зразумеў, што для паўнавартаснага навучання трэба падручнікі. І гэтыя веды важныя не толькі для нашых студэнтаў, але і для ўсіх, хто хоча, каб Беларусь была незалежнай, прававой і дэмакратычнай краінай.
— Назва кнігі вельмі інтрыгоўная і абяцае шмат цікавых гістарычных прыкладаў як панавання, так і дыскрымінацыі беларускай мовы цягам 10 стагоддзяў нашай гісторыі. Ці можаце прывесці некалькі з іх, каб даць уяўленне будучым чытачам, што іх чакае?
— Як прыклад панавання можна прывесці той факт, што каралі польскія карысталіся беларускай мовай, бо ў той час, калі беларуская мова ўжо была мовай прававых актаў, польская пісьмовая мова яшчэ была недастаткова развітая. Таксама ў якасці добрага прыкладу можна ўзгадаць, што мовай дыпламатычных зносін з заходнім светам была лацінская, а з усходнім — беларуская.
Як прыклад дыскрымінацыі можна прывесці той факт, што з 1697 года на беларускай мове забаранілі выдаваць новыя прававыя акты, або тое, што канстытуцыя 3 траўня 1791 года была выдадзена толькі па-польску. Або тое, што сёння заканадаўства ў 98,5% выпадкаў выдаецца на рускай мове.
— Даследаваўшы ажно 10 стагоддзяў існавання беларускай мовы, маглі б вы падзяліцца нейкімі найбольш важнымі высновамі?
— Беларусь была моцнай краінай толькі тады, калі з беларускай мовай усё было добра. Менавіта таму нядобразычліўцы мэтанакіравана стагоддзямі знішчалі нашую мову, каб Беларусь не была самастойнай, а беларусы сталі «лялькамі» чужых інтарэсаў.
У 10 стагоддзі нарадзілася беларуская дзяржаўнасць у выглядзе Полацкага княства — да гэтага палітычнай арганізацыі не было, было толькі кіраванне плямёнамі. І калі з’явілася дзяржава, то з’явілася падства і разважаць пра дзяржаўную мову. І хоць напачатку палітычныя эліты карысталіся сваёй роднай скандынаўскай мовай, але пасля цалкам перайшлі на беларускую.
— Дык чаго ж у гісторыі беларускай мовы было больш — дзяржаўнасці ці дыскрымінацыі? Ці дае кніга адказы на пытанні пра прычыны гэтага?
— Цяпер можна казаць, што гісторыя падзялілася на два роўныя адрэзкі — да 15 ст. было больш дзяржаўнасці, пасля пачалася моўная дыскрымінацыя і, адпаведна, заняпад беларускай дзяржаўнасці. Таму калі мы хочам бачыць Беларусь сапраўды незалежнай і моцнай дзяржавай, гісторыя кажа нам аб тым, што беларуская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай у краіне.
Вынікі дзейнасці "моўнага інспектара" Ігара Случака
— Нядаўна выйшла кніга Аліны Нагорнай «Мова 404» пра дыскрымінацыю беларускай мовы. Ці не будзе паўтарэнняў у вашай кнізе?
— Кніга Аліны — рэальныя гісторыі людзей, што размаўляюць па-беларуску ў Беларусі. Жывыя прыклады дыскрымінацыі. У маёй кнізе — факты, падзеі, юрыдычныя моманты. Але і прыклады з кнігі Аліны таксама ёсць, бо яны цудоўна ілюструюць недасканаласці сённяшняга моўнага заканадаўства.
— Як можна падтрымаць выданне і атрымаць кнігу?
— Трэба паставіць плюсік тут, а мы звяжамся з вамі праз некаторы час.