«Разам лягчэй». Гісторыі беларусаў, якія з пратэсту супраць вайны перайшлі на беларускую мову

Пасля пачатку вайны ва Украіне і намеру расейскіх дэпутатаў прызнаць усіх рускамоўных "соотечественнікамі" шмат беларусаў перайшлі на беларускую мову ў паўсядзённым жыцці. Дзве гісторыі пра матывацыю і перашкоды — у DW.

Фота Арыны Сянькевіч

Фота Арыны Сянькевіч

Аляксандр і Міхаіл жывуць у розных гарадах Беларусі. Большую частку свайго жыцця яны размаўлялі на рускай мове, як і іх бацькі, сябры, аднакурснікі. Усё змяніліся пасля пачатку вайны ва Украіне: менавіта тады яны вырашылі перайсці на беларускую мову, каб адасобіць сябе ад расейскай агрэсіі, хоць гэтае рашэнне саспявала яшчэ з 2020 года. Упершыню DW пагутарыла з Аляксандрам і Міхаілам у красавіку. Прайшло больш за два месяцы — мужчыны па-ранейшаму поўныя рашучасці і ўпэўненасці весці сваю паўсядзённую камунікацыю на беларускай. Распавядаем іх гісторыі.

Мова як апошні сродак пратэсту

Аляксандру 38 гадоў. Ён прадпрымальнік, валодае двума крамамі ў Менску, якімі цяпер кіруе яго жонка: сам Аляксандр з’ехаў са сталіцы ў вёску, набыў сабе трактар і пачаў займацца пчалярствам.
На беларускую мову ў паўсядзённым жыцці Аляксандр перайшоў праз месяц пасля пачатку вайны ва Украіне: кажа, на гэтае рашэнне найперш паўплывала ініцыятыва расейскіх дэпутатаў прызнаць "соотечественнікамі" усіх, хто размаўляе на рускай мове. Нагадаем, што ў сакавіку 2022 года дзяржаўная дума Расеі прапанавала прызнаць суайчыннікамі ўсіх, хто размаўляе на рускай мове і жыве ў краінах былога СССР.
Такая перспектыва падштурхнула Аляксандра да дзеянняў. Яшчэ ў 2020 годзе ён пачаў задумвацца пра тое, хто такія беларусы, чым яны адрозніваюцца ад іншых народаў, што ўтварае іх дзяржаву і нацыю. "Менавіта тады я падумаў, што мог бы перайсці на беларускую мову. Але калі пачуў пра "саацечэственнікаў", вырашыў, што далей адцягваць не варта".
Беларускай мовы ў публічнай прасторы няшмат, лічыць Аляксандр.
Некалі Аляксандр вучыўся ў беларускамоўным класе — адзіным на ўсю школу, што ў Менскім раёне. Узгадвае, што часам вучоба давалася складана. І не таму, што цяжка было засвойваць прадметы, а таму, што рускамоўныя дзеці кпілі з беларускага акцэнту, называлі беларускамоўны клас "колхознікамі".
Тым не менш, дзякуючы школьным заняткам па беларускай мове Аляксандр добра засвоіў граматыку і арфаграфію, а беларуская літаратура ўзбагаціла яго слоўнікавы запас. Хоць пасля школы ён амаль не размаўляў па-беларуску: ні ў сям’і, ні з сябрамі.
Даволі частая гісторыя людзей, якія хацелі б перайсці на беларускую мову, гучыць так: "Ведаю яе недасканала, раблю памылкі, не хачу яе абражаць, таму лепей наогул не буду размаўляць". Аляксандр такую стратэгію не падзяляе: "З памылкамі, але ціхенечка ды памаленечку да сваёй мэты".
"І ведаеце, зараз руская мова нават рэжа слых. Мозг перастройваецца даволі хутка. Заўважыў, што ў рускай і беларускай моваў нават розныя танальнасці. Руская гучыць даволі рэзка", - дзеліцца сваімі назіраннямі Аляксандр.
Ён кажа, што пакуль яму бракуе практыкі і беларускамоўных суразмоўцаў. "Я стараюся чытаць беларускія кнігі, глядзець фільмы ў перакладзе на беларускую, тады ўзгадваю пэўныя словы. Але наогул цяжка, калі ў публічнай прасторы амаль не чуеш родную мову. Хіба толькі ў касцёле".
Дачка Аляксандра цяпер ходзіць у пачатковую школу, з ёй ён таксама размаўляе на беларускай. Напачатку, кажа суразмоўца, яна здзіўлена глядзела на бацьку і не разумела яго, цяпер інакш: стараецца адказваць на беларускай мове.
— Як вашае атачэнне паставілася да таго, што вы вырашылі змяніць мову камунікацыі?
— Я ніколі на акружэнне не глядзеў і на чужое меркаванне пра сябе не зважаў. Заўжды гнуў сваю лінію. Таму магу сказаць, што спакойна, — усміхаецца.
Па словах Аляксандра, беларуская мова стала для яго ледзь не апошнім сродкам выказаць свой пратэст супраць расейскай агрэсіі ва Украіне. "Я хачу жыць у сваёй дзяржаве, а не ў расейскай губерні. У роднай краіне нам не даюць быць беларусамі, і гэты пратэст ніяк не выказаць, апроч як мовай. Апроч яе, іншых сродкаў у нас не засталося", — падсумоўвае Аляксандр.

Перайшлі на беларускую ўсёй сям’ёй: "Разам лягчэй"

Міхаіл працуе ў галіне IT, нядаўна ён скончыў каледж, гэтым летам плануе паступаць ва ўніверсітэт.
Перайсці на беларускую мову ён таксама вырашыў пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Зрабіць гэта адразу не атрымалася: Міхаіл вырас цалкам у рускамоўным асяроддзі. З заняткаў па беларускай у школе ён запомніў няшмат: напрыклад, тое, што настаўніца была аматарам БАТЭ і ў гонар перамогі каманды над "Баварыяй" адмяніла самастойную работу. Ці тое, што настаўніца па беларускай літаратуры прапаноўвала чытаць "Мы з Санькам у тыле ворага" на рускай, аргументуючы тым, што "так будет понятней". Вучыць родную мову гэта не дапамагала.
У 2019 годзе Міхаіл трапіў у каманду валанцёраў, якія перакладалі інтэрфейс мэсэнджару Telegram на беларускую мову. Толькі тады ён даведаўся, што ў беларускай мове ёсць розныя варыянты правапісу: "тарашкевіца" і "наркамаўка", а таксама лацініца і нават арабская вязь.
Хаця гісторыяй Беларусі і ў цэлым рэгіёну Міхаіл пачаў цікавіцца значна раней. У 2018-м, расказвае суразмоўца, ён нарэшце разабраўся, што адбылося ва Украіне ў 2014 годзе. Прыкладна ў гэты ж час ён перайшоў з праваслаўя ў грэка-каталіцкую царкву.
У лютым 2022-га Міхаіл вырашыў паступова перайсці на беларускую мову ў паўсядзённым жыцці: расейскі законапраект пра суайчыннікаў стаў для яго "тлустым клічнікам". Спачатку змяніў інтэрфейс ва ўсіх наладах і мэсэнджарах, пасля пачаў размаўляць на беларускай у сям’і - гэта было іх агульнае рашэнне. "Па шчырасці, я баюся рабіць памылкі нават перад самім сабой. Таму на беларускай пакуль размаўляю толькі з блізкімі. Гэта як сумеснае пахудзенне: разам лягчэй. Для мяне гэта іспыт, які я не хачу праваліць".
Каб слоўнікавы запас папаўняўся, Міхаіл шмат чытае на беларускай, а таксама глядзіць відэа ў TikTok і Youtube. Кажа, што ў інтэрнэце цяпер можна знайсці шмат цікавага кантэнту па-беларуску.
"Пасля пратэстаў 2020 года маё адчуванне сябе беларусам абвастрылася. Асабліва калі шмат знаёмых з’ехала, і я сам не аднойчы паўставаў перад выбарам: застацца ці таксама пачаць жыццё ў іншай краіне? Але вырашыў, што хачу ўбачыць новую незалежную Беларусь тут, а не прачытаўшы пра гэта ў інтэрнэце", — расказвае пра сваю матывацыю заставацца дома Міхаіл.
Большая частка яго знаёмых паставілася да рашэння Міхаіла перайсці на беларускую мову станоўча, "як да натуральнага кроку". У сям’і ён таксама знайшоў падтрымку. Толькі бабуля, якая жыве ў расейскім Мурманску, спытала: "Вы, напэўна, гэтых фашыстаў ва Украіне падтрымліваеце?" Пасля гэтага, кажа Міхаіл, ён з ёй не стасаваўся.
— Для вас родная мова — гэта сродак камунікацыі, каштоўнасць, дзяржаўны сімвал, пазнака, хто вы, ці нешта іншае?
— "Не забывайце мовы сваёй, каб не ўмёрлі". Гэтае выказванне Францішка Багушэвіча мне блізкае. Мова хоць і сродак камунікацыі, але гэта і тое, што адрознівае ад іншых. Дзякуючы мове мяне адразу ідэнтыфікуюць беларусам. Гэта важна.