Уладзімір Зяленскі сустрэўся са Святланай Ціханоўскай і запрасіў яе ў Кіеў

У Вільні адбылося тое, чаго доўга дамагаліся дэмакратычныя сілы Беларусі — адбылася не «пратакольная», а даволі працяглая размова Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай. Зяленскі нават запрасіў Ціханоўскую у Кіеў. Пытанняў для абмеркаванняў багата — ад лёсу беларускіх добраахвотнікаў да прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі. Ідуць 1433-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Калаж fakty.com.ua

Калаж fakty.com.ua

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 138 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 41 штурм расіян паблізу Шахава, Дарожнага, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 14 атак — у раёнах Салодкага, Гуляйполя, Даражнянкі і ў бок Варвароўкі, Зялёнага і Прылук.

На Ліманскім кірунку расійцы правялі 12 атак каля Сяргееўкі, Дробышава, Калодзежаў, Навасёлаўкі і Зарэчнага.

На Паўднёва-Слабажанскім і Канстанцінаўскім кірунках зафіксавана па дзевяць боесутыкненняў на кожным.

* * *

У ноч на 26 студзеня расіяне двойчы нанеслі ўдары па Запарожжы. Пашкоджаны прыватныя дамы. Паводле папярэдніх звестак, людзі не пацярпелі.

У ноч на 26 студзеня невядомыя дроны атакавалі расійскі Славянск-на-Кубані. Аператыўны штаб Краснадарскага края пацвердзіў атаку на нафтаперапрацоўчы завод і яшчэ адно прадпрыемства, у выніку чаго на абодвух аб’ектах узніклі пажары. Якое прадпрыемства было атакавана — пакуль невядома.

* * *

Расійскія вайскоўцы для атакі на ўкраінскія верталёты ў раёне Крапіўніцкага прымянілі дроны-камікадзэ тыпу «Шахед» з тэрміналамі спадарожнікавага інтэрнэту Starlink, паведаміў саветнік міністра абароны, эксперт па сістэмах радыёэлектронікі і сувязі Сяргей «Флэш» Бескрэстнаў.

«Учора раніцай праціўнік нанёс удар "Шахедамі" па верталётах у раёне Крапіўніцкага. На відэа бачым аўтазахоп мэты і ручное навядзенне па выяве. Але паблізу не было ніякіх БПЛА для стварэння Mesh-радыёсеткі. Раблю выснову, што мы бачым першае прымяненне "Шахедаў" на Starlink», — напісаў ён.

У снежні 2025 года паведамлялася, што расіяне адаптавалі FPV-дрон «Маланка» для паветранай разведкі, усталяваўшы на яго комплекс Starlink і камеру з трохвосевай стабілізацыяй.

* * *

619235814_1245385267774549_2520969387977223284_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канферэнцыі з лідарамі Літвы і Польшчы ў Вільні заявіў, што дакумент аб гарантыях бяспекі Украіне ад ЗША на 100% гатовы да падпісання.

«Дакумент гатовы на 100 працэнтаў, мы чакаем ад партнёраў гатоўнасці, даты і месца, калі мы яго падпішам», — заявіў ён. Потым пагадненне павінны ратыфікаваць Кангрэс ЗША і Вярхоўная Рада Украіны.

Асобна прэзідэнт Украіны згадаў пра еўрапейскую частку гарантый бяспекі. У іх, паводле слоў Зяленскага, павінны быць зафіксаваны вынікі працы «кааліцыі рашучых» і дата ўступлення ў ЕС.

«Другія гарантыі бяспекі для Украіны — гэта еўрапейскія гарантыі бяспекі, гэта "кааліцыя рашучых" і самае галоўнае — сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе. Гэта эканамічныя гарантыі бяспекі для Украіны. Мы хочам 27-мы год, мы гаворым пра канкрэтную дату, калі Украіна будзе гатовая», — заявіў кіраўнік Украіны.

Паводле слоў Зяленскага, Украіна будзе гатовая адкрыць усе кластары перамоў у першым паўгоддзі 2026-га, а ў 2027-м — цалкам гатовая да ўступлення ў ЕС «на тэхнічным узроўні».

«Мы хочам канкрэтную дату (уступлення ў ЕС) у нашым дагаворы аб заканчэнні вайны, каб потым усе бакі прытрымліваліся гэтых дамоўленасцяў, уключаючы і агрэсара, які будзе падпісваць 20-пунктны план, калі настане такі момант», — дадаў Зеленскі.

* * *

Лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Сярод тэм, якія абмяркоўваліся, — узаемная падтрымка, у тым ліку па вызваленні палітвязняў, прыцягненне да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі і іншыя.

У прэс-службе Ціханоўскай паведамілі, што пры сустрэчы з Зяленскім яна ад імя беларусаў выказала поўную падтрымку ўкраінскаму народу, які змагаецца за свабоду, і падзякавала яму «за падтрымку дэмакратычнай Беларусі і за тое, што кіраўніцтва Украіны падзяляе беларускі народ і рэжым», і за прыём апошняй групы вызваленых палітвязняў.

«Бакі абмеркавалі працэс вызвалення, далейшыя крокі і гатоўнасць Украіны аказваць падобную падтрымку і ў далейшым», — дадалі ў прэс-службе Ціханоўскай.

Бакі закранулі тэмы санкцыйнай палітыкі, сумеснай стратэгіі з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, і прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі і памагатых рэжыму, у тым ліку — за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. Таксама Ціханоўская згадала беларускіх добраахвотнікаў, валанцёраў, партызан, незаконна асуджаных за салідарнасць і падтрымку Украіны, і беларусаў ва Украіне. Лідарка Беларусі асобна звярнула ўвагу на лёс палонных беларускіх добраахвотнікаў.

«Абмяркоўваўся візіт Ціханоўскай ва Украіну: прэзідэнт Зяленскі запрасіў Ціханоўскую наведаць Кіеў», — дадалі ў Telegram Ціханоўскай.

* * *

У Расійскай Федэрацыі адбываецца падрыхтоўка да маштабнай хвалі закрыцця прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу. Прычынай гэтага стаў бюджэтны крызіс, выкліканы вайной, піша ўкраінскі Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі.

На фоне павышэння ПДВ і абмежавання доступу да спрошчанай сістэмы падаткаабкладання фінансавыя аналітыкі лічаць, што закрыюцца да 30% кампаній, якія працуюць у сектары малога і сярэдняга бізнесу.

«Шукаючы спосабы папоўніць дэфіцытны бюджэт, пуцінскі ўрад гуляе ў вельмі небяспечную гульню. Так, у кароткатэрміновай перспектыве сапраўды будуць дадатковыя паступленні ад падаткаў, аднак у канчатковым выніку дзяржава страціць значна больш: бізнес, які закрываецца, не плаціць падаткаў наогул», — гаворыцца ў паведамленні.

У ЦСД дадалі, што ва ўмовах росту выдаткаў на вайну і стагнацыі эканомікі, Крэмль у чарговы раз выбірае самы просты шлях — перакласці фінансавы цяжар на грамадзян і бізнес.

* * *

Французская кампанія EOS Technologie паставіла Украіне некалькі адзінак дронаў Rodeur 330, здольных лётаць на адлегласць да 500 кіламетраў, паведаміла France24.

У кампаніі EOS Technologie заявілі, што дрон Rodeur можа знаходзіцца ў паветры на працягу пяці гадзін, здольны разганяцца да хуткасці 120 кіламетраў за гадзіну і знаходзіцца на максімальнай вышыні да 5000 метраў. Гэтая мадэль можа выконваць як разведвальныя місіі, так і атакі «камікадзэ».

Для заходніх вытворцаў узбраення гэта шанец выпрабаваць свае тэхналогіі ў баявых умовах, дадалі ў кампаніі.