СМІ: Расія вярбуе замежнікаў на вайну ва Украіну, выкарыстоўваючы схемы гандлю людзьмі

Да канца 2025 года Расія завербавала каля 18 тысяч грамадзян са 128 краін Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі. Многія з такіх навабранцаў гінуць у першыя 72 гадзіны пасля адпраўкі на фронт. Метады расійскіх вярбоўшчыкаў шмат у чым нагадваюць схемы гандлю людзьмі. Ідуць 1434-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

512712507_1077592421220502_6593533720571295531_n.jpg

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 103 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 студзеня.

Траціна атак прыйшлася на Пакроўскі кірунак — там спынена 33 штурмы расіян паблізу Новага Шахава, Радзінскага, Пакроўску, Котліна, Маладзецкага, Філіі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы 16 разоў атакавалі ў раёне Гуляйполя і ў бок Варвароўкі і Дабраполля.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 15 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Клебан-Быка, Русінага Яру, Сафіеўкі і ў бок Сцяпанаўкі.

* * *

Групоўка войскаў «Усход» Украіны абвергла інфармацыю пра нібыта поўны кантроль расійскіх войскаў над населеным пунктам Арэхава-Васільеўка ў Данецкай вобласці.

Адзначаецца, што распаўсюджаныя інфармацыйнымі рэсурсамі даныя не адпавядаюць рэчаіснасці. Украінскія падраздзяленні працягваюць знаходзіцца ў раёне населенага пункта і ўтрымліваюць пазіцыі. Вайскоўцы 30-й асобнай механізаванай брыгады адбіваюць атакі праціўніка, нягледзячы на значны ціск з боку расійскіх войскаў.

Вайскоўцы дадалі, што абстаноўка на гэтым участку фронту застаецца складанай і дынамічнай, аднак заявы пра поўную акупацыю Арэхава-Васільеўкі з'яўляюцца заўчаснымі і некарэктнымі.

* * *

У ноч на 27 студзеня расіяне абстралялі Адэсу. Пад удар трапілі жылыя дамы практычна ў самым цэнтры горада — у Хаджыбейскім раёне, паведаміў кіраўнік Адэскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.

На горад была здзейснена масіраваная атака ўдарнымі беспілотнікамі. У выніку пашкоджаны аб'ект інфраструктуры, шматкватэрныя жылыя дамы, дзіцячы садок, крамы і будаўнічая пляцоўка. У выніку атакі пацярпелі 22 чалавекі, але загінулых няма.

Праз камбінаваную расійскую атаку каля 80% Харкава і вобласці засталіся без электраэнергіі, паведаміў старшыня Харкаўскай АВА Алег Сінягубаў.

Паводле яго слоў, удары нанеслі ракетамі і БпЛА. Два чалавекі атрымалі раненні. Пашкоджаны дзве школы і аб'ект энергетыкі.

* * *

618308894_1246281111018298_6495239328198183630_n.jfif

* * *

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў, што ў працэсе мірных перамоў па Украіне застаецца вялікае нявырашанае і «вельмі далікатнае» тэрытарыяльнае пытанне. Пры гэтым ён падкрэсліў, што магчымыя кампрамісы з'яўляюцца прэрагатывай выключна ўкраінскага боку, піша The Guardian.

Што тычыцца перспектыў уступлення Украіны ў NATO, Рутэ адзначыў, што Украіна захоўвае зацікаўленасць у сяброўстве. Аднак шэраг краін-членаў Альянсу выступаюць супраць, і таму гэтае пытанне пакуль палітычна не абмяркоўваецца. Ён таксама абверг здагадкі пра тое, што ЗША маглі выкарыстоўваць абяцанні гарантый Украіне для перамоў з NATO па Грэнландыі.

Мірны працэс застаецца прыярытэтам. Паводле Рутэ, працягваюцца перамовы пры пасрэдніцтве ЗША, якія павінны прывесці да мірнага пагаднення ці хаця б забеспячэння працяглага перамір'я. Ён выказаў надзею на як мага больш хуткія вынікі і падкрэсліў неабходнасць прадухіліць паўтарэнне агрэсіі з боку Расіі ў будучыні.

NATO працягвае аказваць Украіне дапамогу ў вялікім аб'ёме, у тым ліку ваенную падтрымку, якая ўключае пастаўкі амерыканскай тэхнікі на мільярды долараў праз механізм PURL і іншыя нацыянальныя праграмы. Генеральны сакратар заклікаў ЕС не ставіць абмежаванняў на выкарыстанне крэдытнай лініі ў 90 млрд еўра і засяродзіцца перш за ўсё на рэальных патрэбах украінцаў.

Рутэ падкрэсліў, што бяспека Украіны непарыўна звязана з агульнай бяспекай краін NATO і адзначыў важнасць працягу падтрымкі ўкраінскай дзяржавы ў супрацьстаянні расійскай агрэсіі.

* * *

Да канца 2025 года Расія завербавала каля 18 тысяч грамадзян са 128 краін Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі, як мінімум 3,3 тысячы з іх былі забітыя ў баях, піша The Telegraph.

Улада РФ выкарыстоўвае фіктыўныя кадравыя агенцтвы і ценявыя міграцыйныя сеткі, каб завабліваць замежнікаў на вайну супраць Украіны. Многія з такіх навабранцаў гінуць у першыя 72 гадзіны пасля адпраўкі на фронт праз адсутнасць падрыхтоўкі і разумення таго, куды яны патрапілі.

Паведамляецца, што сярод 10 тысяч расійскіх вайскоўцаў, якія трапілі ва ўкраінскі палон, 7% складаюць замежнікі. Многія з іх распавядаюць, што ім абяцалі грамадзянскую ці небаявую працу ў тыле, аднак пасля прыбыцця ў РФ прымушалі падпісваць дакументы на рускай мове, адбіралі пашпарты і адпраўлялі на фронт.

Паводле даных Французскага інстытута міжнародных адносін (IFRI), метады расійскіх вярбоўшчыкаў шмат у чым нагадваюць схемы гандлю людзьмі і ашуканскія кол-цэнтры ў Паўднёва-Усходняй Азіі. У Афрыцы для гэтага выкарыстоўваюцца пасрэднікі, якія раней былі выкрытыя ў арганізацыі нелегальнай міграцыі.

«Расія цудоўна ведае, якія краіны з'яўляюцца асноўнымі пастаўшчыкамі мігрантаў. Яна проста выкарыстоўвае існуючыя сеткі», — тлумачыць даследчык IFRI Т'еры Віркулон.

Некалькі афрыканскіх краін, уключаючы ПАР і Кенію, ужо папярэдзілі сваіх жыхароў пра рызыку стаць ахвярамі ашуканскай вярбоўкі, якая можа скончыцца адпраўкай на вайну з Украінай. Як мінімум чатыры дзяржавы патрабавалі ад Расіі вярнуць сваіх грамадзян.

* * *

Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус заявіў, што Берлін не мае магчымасці перадаць Украіне дадатковыя комплексы Patriot са сваіх запасаў, паведамляе Deutsche Welle.

Каментуючы запыты Кіева пра павелічэнне паставак боепрыпасаў для супрацьпаветранай абароны, Пісторыус адзначыў, што Германія ўжо зрабіла «непрапарцыйна вялікі ўклад» у перадачу сістэм Patriot Украіне, аддаўшы больш за траціну ўласнага арсенала. Далейшыя пастаўкі пакуль немагчымыя, паколькі Бундэсвер чакае замену перададзеных комплексаў і адначасова павінен захоўваць здольнасці для навучання асабовага складу і тэхнічнага абслугоўвання гэтых сістэм.

У той жа час Пісторыус адзначыў, што Германія застаецца адзінай дзяржавай, якая пастаўляе Кіеву комплексы IRIS-T, і робіць гэта «ў пэўным сэнсе на пастаяннай аснове». Аднак, з-за істотнага росту інтэнсіўнасці расійскіх атак, папярэдніх паставак не хапае.

Звяртаючыся да заходніх партнёраў, міністр абароны ФРГ заклікаў правесці сумесную інвентарызацыю ўласных запасаў узбраенняў, асабліва ў тых краінах, якія яшчэ могуць мець даступныя рэзервы.