Беларусы паступаюць у расейскія вайсковыя ВНУ: куды паступілі ў 2024-м і пра што гэта сьведчыць

Тое, што беларусы навучаюцца ў Расеі, у тым ліку і ў вайсковых ВНУ — само па сабе ня ёсьць заганным. Аднак небясьпека зразумелая: ніхто не дае гарантый, што мы не пабачым потым іх прозьвішчы ў сьпісах «Беларусаў, якія загінулі, ваюючы ва Украіне на баку Расеі».

Ілюстрацыйнае фота з msvu.mil.ru

Ілюстрацыйнае фота з msvu.mil.ru

У дадатку да вынікавага пратаколу Вайсковае акадэміі Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2024 года №3 маецца сьпіс расейскіх ваенных вышэйшых навучальных установаў, у якія паступілі беларускія абітурыенты, і нават пайменны сьпіс гэтых абітурыентаў. Усяго іх 79 чалавек.

Гэты дакумант разьмешчаны на «Яндэкс-дыску», а спасылка на яго — на старонцы Вайсковае акадэміі. Хутчэй за ўсё, аналягічныя пратаколы складаюцца кожны год, але не выкладаюцца ў адкрыты доступ.

З гэтага дакуманту бачна, што ў 2024 годзе абітурыенты зь Беларусі паступілі ў тым ліку на:

  • спецыяльнасьць «Прымяненьне падраздзяленьняў і эксплуатацыя шматканальных тэлекамунікацыйных сістэмаў» у Ваенную акадэмію сувязі РФ — 12 чалавек;
  • спецыяльнасьць «Прымяненьне падраздзяленьняў і эксплуатацыя комплексаў тактычных, аператыўна-тактычных ракетаў, РСЗВ і спецыяльных вырабаў» у Міхайлаўскую ваенную артылерыйскую акадэмію — 6 чалавек;
  • спецыяльнасьць «Прымяненьне падраздзяленьняў і эксплуатацыя стартавага, тэхнічнага і энергетычнага абсталяваньня зенітных ракетных сістэмаў супрацьпаветранае абароны далёкага дзеяньня» ў Яраслаўскае вышэйшае ваеннае вучылішча СПА — 6 чалавек;
  • спецыяльнасьць «Прымяненьне падраздзяленьняў артылерыі паветрана-дэсантных войскаў» у Міхайлаўскую ваенную артылерыйскую акадэмію — 8 чалавек;
  • спецыяльнасьць «Прымяненьне падраздзяленьняў паветрана-дэсантных войскаў» у Разанскае гвардзейскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча — 8 чалавек;
  • спецыяльнасьць «Прымяненьне спецыяльных падраздзяленьняў» у Разанскае гвардзейскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча — 5 чалавек.

То бок, два асноўныя напрамкі навучэньня — па-першае, падрыхтоўка вайсковых спецыялістаў для працы зь зенітна-ракетнымі комплексамі (асабліва пастаўленымі ў Беларусь з Расеі) і РСЗВ, а па-другое — падрыхтоўка афіцэрскага складу дэсантных войскаў.

Варта нагадаць, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца пастаўленыя Расеяй ЗРК Тор-М2, С-300, С-400, а таксама АТРК «Іскандэр». Дарэчы, ў лістападзе гэтага года ў Беларусь прыбыла чарговая батарэя комплексаў Тор-М2.

1__1__31.jpg

Хто, куды, навошта?

Яшчэ раз варта зазначыць, што згаданы дакумант — гэта пайменны сьпіс, і за выкладаньне ў адкрыты доступ імёнаў і прозьвічшаў абітурыентаў (ужо студэнтаў) адказная, найперш, Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь.

Аналіз пайменнага сьпісу беларусаў, якія паступілі ў расейскія ваенныя навучальныя ўстановы, паказаў, што 20 адсоткаў зь іх, — то-бок кожны пяты — выпускнікі кадэцкіх вучылішчаў або Менскага сувораўскага вучылішча. Магчыма, такіх людзей больш — гаворка ідзе пра тых, факт навучаньня якіх у гэтых вучылішчах знайшоў свае пацьверджаньне.

Зь Менскага сувораўскага ваеннага вучылішча паступілі прынамсі тры чалавекі: Дзьмітры Ждановіч у Міхайлаўскую ваенную артылерыйскую акадэмію на спецыяльнасьць «Прымяненьне падраздзяленьняў артылерыі паветрана-дэсантных войскаў», Уладзімір Ігнатковіч і Аляксей Ганчыц — у Ваенна-медыцынскую акадэмію на спецыяльнасьць «Лячэбная справа ў авіяцыі».

Начальнікам Менскага сувораўскага ваеннага вучылішча зь ліпеня 2023 года зьяўляецца Дзьмітры Кучук. Раней ён узначальваў 5-ю асобную брыгаду спецпрызначэньня, ў тым ліку ў 2020 годзе, калі гэтае падраздзяленьне было задзейнічанае ў падаўленьні пратэстаў.

Зь Менскага абласнога кадэцкага вучылішча паступілі прынамсі 2 чалавекі: Раман Лашманаў у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча на спецыяльнасьць «Прымяненьне спецыяльных падраздзяленьняў», і Андрэй Гур у філіял Ваеннае акадэміі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэньня на спецыяльнасьць «Забеспячэньне войскаў ракетным палівам і гаручым».

Зь Берасьцейскага абласнога кадэцкага вучылішча паступілі прынамсі тры чалавекі: Аляксей Гоман, Раман Кузямцоў і Іван Прохараў, прычым усе тры — ў Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча на спецыяльнасьць «Прымяненьне падраздзяленьняў паветрана-дэсантных войскаў». Магчыма, гэта зьвязана зь існаваньнем у Берасьці 38-е асобнае дэсантна-штурмавае брыгады, на службу ў якой гэтыя людзі разьлічваюць пасьля заканчэньня навучаньня.

З Полацкага кадэцкага вучылішча паступілі прынамсі тры чалавекі: Іван Брынзан у Ваенны інстытут чыгуначных войскаў на спецыяльнасьць «Прымяненьне падраздзяленьняў па аднаўленьні і будаўніцтве збудаваньняў на чыгунцы», Глеб Сяменік у Ваенна-касмічную акадэмію на спецыяльнасьць «Сістэмы сувязі касмічных комплексаў», Уладзіслаў Паныёці — у Вайсковы універсітэт радыёэлектронікі на спецыяльнасьць «Эксплуатацыя сродкаў аналізу і апрацоўкі радыёсігналаў».

Дарэчы, нярэдка будучыя курсанты расейскіх ВНУ удзельнічалі ў розных сумесных мерапрыемствах з расейскімі кадэтамі. Напрыклад, згаданы Глеб Сяменік быў у адной са штогадовых так званых «ваенна-патрыятычных сьменаў» у цэнтры «Арляня» ў Краснадарскім крае Расеі.

Скрыншот з «Весніку Нафтана»

Скрыншот з «Весніку Нафтана»

Зь Віцебскага кадэцкага вучылішча паступілі прынамсі два чалавекі: Аляксандр Сочнеў у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча на спецыяльнасьць «Прымяненьне спецыяльных падраздзяленьняў», і Тодар Кулакоў у Ваенна-касмічную акадэмію на спецыяльнасьць «Астраномагеадэзія».

Зь Гарадзенскага і Магілеўскага кадэцкіх вучылішчаў паступілі прынамсі па адным чалавеку: Мікіта Крылоў і Кірыл Карпека, абодва — ў Міхайлаўскую ваенную артылерыйскую акадэмію на спецыяльнасьць «Прымяненьне падраздзяленьняў артылерыі паветрана-дэсантных войскаў».

Куратарствам кадэцкіх і сувораўскага вучылішчаў (або «шэфствам над выхаванцамі», як напісана ва ўстаноўчых дакумантах гэтае арганізацыі) займаецца створанае яшчэ ў 1992 годзе грамадскае аб'яднаньне «Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў». З траўня 2025 года ягоным кіраўніком зьяўляецца палкоўнік запаса Аляксей Кашпур, які ў 1989 годзе скончыў Ленінградскае вышэйшае ваеннае артылерыйскае каманднае вучылішча, а ў 2009-м — ад'юнктуру пры Міхайлаўскай ваеннай артылерыйскай акадэміі.

Да яго працяглы час «Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў» узначальваў палкоўнік у адстаўцы Сяргей Жыціхін. Ён нарадзіўся ў 1955 годзе ў горадзе Кабанск Бурацкае АССР. У 1976 годзе Жыціхін скончыў Курганскае вышэйшае ваенна-палітычнае авіяцыйнае вучылішча, а ў 1989 годзе — Ваенна-палітычную акадэмію імя Дзяржынскага (створаную ў Польшчы падчас камуністычнае ўлады навучальную ўстанову, якая рыхтавала «палітрукоў» і ў 1990-м спыніла сваё існаваньне).

Існуе яшчэ адна небясьпека, зьвязаная з будучым навучэньнем беларусаў у расейскіх ваенных вышэйшых навучальных установах. Назіраньне за працэсамі, што адбываюцца ў Расеі, сьведчыць: аніводзін чалавек, які мае або атрымлівае вайсковую адукацыю і знаходзіцца пры гэтым на тэрыторыі Расеі, ня можа мець гарантыяў таго, што яго ў любы момант ціскам або прымусам не адправяць ваяваць. А непасрэднае выкарыстаньне беларускіх вайсковых спецыялістаў на вайне супроць Украіны можа адпавядаць прапагандысцкім мэтам Расеі.