Расійскія БпЛА атакуюць грамадзянскія судны ў Чорным моры

Расійцы наносяць удары па камерцыйных суднах каля Адэсы, і ў чарновы раз здзейснілі маштабную дронавую атаку на Украіну. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі чакае канкрэтнага адказу на мірныя прапановы ад Пуціна, і ў адваротным выпадку настойвае на ціску на РФ. Ідуць 1420-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 159 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 13 студзеня.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 34 атакі расіян у раёне Гуляйполя і ў бок Аленаканстанцінаўкі і Варвараўкі.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 26 штурмаў расіян у раёнах Мірнаграду, Пакроўску, Запаведнага, Радзінскага, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Пляшчыеўкі, Шчарбінаўкі, Іванаполле, Русінага Яру.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 16 разоў, намагаючыся прасунуцца каля Навасёлаўкі, Рэдкадубу, Зарэчнага, Ямпалю і ў раёне Ліману, Стаўкі, Дробышава.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак у раёнах Злагоды, Вербавага і ў бок Новага Запарожжа.

На Паўднёва-Слабажанскім, Купянскім і Славянскім кірунках зафіксавана па шэсць боесутыкненняў на кожным.

* * *

Сілы абароны завяршаюць зачыстку Купянска ад расійскіх войскаў. Байцы з корпуса Нацгвардыі «Хартыя» ўсталявалі сцяг над будынкам мэрыі.

«Купянская аперацыя даказвае, што дзякуючы планаванню, навучанасці камандзіраў і штабоў і якаснай падрыхтоўцы падраздзяленняў можна паспяхова спыняць і знішчаць ворага», — перадае прэс-служба словы камандзіра 2-га корпуса НГУ «Хартыя», палкоўніка Ігара Абаленскага.

* * *

У Харкаве ўдарны дрон тыпу «Шахед» трапіў у дзіцячы санаторый, адбыўся пажар. Здарэнне адбылося ў Шаўчэнкаўскім раёне горада. Расія таксама ўдарыла па тэрмінале «Новай пошты» ў прыгарадзе Харкава. У выніку ўдараў па прыгарадзе Харкава чатыры чалавекі загінулі, яшчэ шасцёра пацярпелі.

Расіяне з дапамогай БПЛА паразілі два грамадзянскія судны пад сцягамі Панамы і Сан-Марына, паведаміла Адміністрацыя марскіх партоў Украіны і кіраўнік Адэскай АВА Алег Кіпер.

Першы ўдарны БпЛА трапіў па судне пад сцягам Панамы, якое знаходзілася ў зоне чакання і накіроўвалася ў порт Чарнаморска для загрузкі алеем. Адзін член экіпажа атрымаў цяжкае раненне. Другі ўдар расійцы нанеслі па сухагрузе пад сцягам Сан-Марына, які ажыццяўляў рух на выхад з раёна чакання. Пажар аператыўна лакалізаваны, пацярпелых няма.

Расійскія войскі раніцай, 13 студзеня, працягнулі масіравана атакаваць Украіну дронамі. Паветраныя сілы УСУ паведамлялі, што ў паветранай прасторы Украіны знаходзілася каля 30 БпЛА з начной атакі. Асноўная маса — у Чарнігаўскай і Сумскай абласцях.

Таксама было заяўлена, што ў краіну заходзяць новыя групы беспілотнікаў з Бранскай і Курскай абласцей Расіі.

Паралельна з гэтым у Паветраных сілах напісалі пра пагрозу балістыкі для Мікалаеўскай, Херсонскай і ўсходніх абласцей Украіны.

* * *

615433741_1235098228803253_8356132883081293416_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале заявіў, што Украіна завяршае працу над дакументам аб гарантыях бяспекі з ЗША: перагаворная каманда павінна давесці яго да фіналу і перадаць на ўзровень прэзідэнтаў.

Зяленскі напісаў, што абмеркаваў з камандай графік сустрэч з амерыканскім бокам, у тым ліку і па «магчымым падпісанні» дакумента аб гарантыях бяспекі.

Таксама прэзідэнт даручыў прэм’ер-міністру Юліі Свірыдзенка, віцэ-прэм’ер-міністру Тарасу Качку і міністру эканомікі Аляксею Собалеву забяспечыць «экспертызу ўсіх эканамічных аспектаў» будучых пагадненняў паміж Украінай, Злучанымі Штатамі і Еўропай.

Зяленскі паўтарыў, што чакае «выразны фідбэк» ад расійскага боку па завяршэнні вайны, інакш ціск на Расію павінен узмацняцца.

«Разумеем, што амерыканскі бок знаходзіцца ў камунікацыі з Расіяй адносна базавай палітычнай рамкі для заканчэння вайны. Мы сфармулявалі наша бачанне, і павінен быць выразны фідбэк ад Расіі, ці гатовыя яны скончыць вайну на рэальных умовах. Калі такой гатоўнасці не будзе, ціск на агрэсара павінен і ў далейшым узмацняцца», — напісаў прэзідэнт Украіны.

* * *

Перамовы з Пуціным непазбежныя, але пакуль ён не мае намеру ў іх удзельнічаць, заявіла галоўная спікерка Еўрапейскай камісіі Паўла Пінью падчас размовы з журналістамі ў Бруселі 12 студзеня.

«Мы вельмі настойліва працуем дзеля міру ва Украіне. Цяпер мір ва Украіне залежыць ад аднаго адзінага чалавека — гэта, як вы вельмі добра ведаеце, прэзідэнт Пуцін. Таму, відавочна, у пэўны момант прыйдзецца правесці перамовы і з прэзідэнтам Пуціным», — заявіла Пінью.

Яна падкрэсліла, што ў гэтым кірунку «вядзецца шмат працы».

«На жаль, мы не бачым ніякіх прыкмет, што прэзідэнт Пуцін мае намер удзельнічаць у такіх перамовах. Таму мы яшчэ не там. Але ў пэўны момант мы сапраўды спадзяемся, што адбудуцца нейкія такія перамовы, якія ў канчатковым выніку прывядуць да міру ва Украіне», — падкрэсліла галоўная спікерка Еўракамісіі.

Паўла Пінью дадала, што ў ЕС лічаць, што «гаворка ідзе і пра нашу бяспеку, паколькі Украіну мы разглядаем як частку нашай Еўропы».

* * *

Іран паставіў Расіі балістычных і зенітных ракет на суму каля 2,7 мільярда долараў для вядзення вайны супраць Украіны. Агульны аб’ём іранскай ваеннай дапамогі Маскве з канца 2021 года ацэньваюць у больш чым 4 мільярды долараў, піша Bloomberg са спасылкай на неназванага заходняга чыноўніка ў сферы бяспекі.

Паводле звестак крыніцы, супрацоўніцтва Масквы і Тэгерана пачалося яшчэ да паўнамаштабнага ўварвання: першыя кантракты на пастаўку ракет былі заключаны ў кастрычніку 2021 года.

У пакет на 2,7 мільярда долараў увайшлі сотні балістычных ракет малой дальнасці Fath-360, амаль 500 іншых балістычных ракет блізкага радыуса дзеяння і каля 200 ракет «зямля-паветра» для сістэм СПА. Акрамя таго, Тэгеран адгрузіў мільёны патронаў і артылерыйскіх снарадаў.

Асобным артыкулам выдаткаў стаў кантракт на 1,75 мільярда долараў, падпісаны ў пачатку 2023 года. Ён прадугледжваў пастаўку дронаў-камікадзэ Shahed-136 і перадачу тэхналогій для іх вытворчасці на тэрыторыі Расіі пад маркіроўкай «Герань-2».

Заходні чыноўнік адзначыў, што гэтыя лічбы не з’яўляюцца канчатковымі, паколькі «чакаюцца новыя пастаўкі ўзбраення».