Расія высоўвае новыя ўмовы для замірэння ва Украіне. І гэта не «дэнацыфікацыя»

Адной з умоваў міру ва Украіне з'яўляецца дазвол на працу праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату. Пра гэта заявіў МЗС РФ, нягледзячы на тое, што «царква аддзеленая ад дзяржавы». У той жа час расіяне бамбяць не толькі Украіну, але і свой жа Белгарад. Ідуць 1431-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

У цэлым на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 136 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 24 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 41 штурм расіян ў раёнах Дарожнага, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Сухецкага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 22 атакі расіян у раёнах Салодкага, Гуляйполя і ў кірунку Святапетраўкі, Зялёнага, Варвароўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Клебан-Быка, Плешчыеўкі, Сафіеўкі і ў кірунку Іллінаўкі, Сцяпанаўкі, Новапаўлаўкі.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 12 разоў у раёнах Навасёлаўкі, Твердахлебава, Дробышава, Торскага, Ямпалю і іншых.

* * *

Аналітычны праект DeepState паведамляе, што расійская армія працягвае ціснуць у раёне Ваўчанска ў Харкаўскай вобласці. «У апошнім абнаўленні было прасоўванне каля Сінельнікава і Цагельнага. Таксама павялічылася шэрая зона ў Вільчы», — пішуць эксперты.

Паводле звестак праекта, РФ бярэ пад агнявы кантроль лагістычныя шляхі, з-за чаго трымаць абарону Ваўчанска і навакольнага раёна цяжка.

* * *

У ноч на суботу, 24 студзеня, расійскія ўдарныя беспілотнікі трапілі ў жылыя дамы ў Індустрыяльным і Немышлянскім раёнах Харкава. Гарэлі кватэры ў шматпавярхоўцы, пацярпелі інтэрнат з перасяленцамі, бальніца і радзільны дом. 14 чалавек траўмаваныя, сярод іх — цяжарная жанчына і дзіця.

Гарадскі галава Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што расійцы атакавалі горад амаль 2,5 гадзіны, прымяніўшы 25 дронаў. «Гэта быў свядомы ўдар па мірным горадзе — па людзях, якія проста жывуць, працуюць, гадуюць дзяцей», — заявіў ён.

У ноч на 24 студзеня расійскія войскі здзейснілі камбінаваную атаку на Кіеў, прымяніўшы ўдарныя беспілотнікі і балістычныя ракеты. Зафіксавана трапленне ў трох раёнах, вядома пра прынамсі аднаго загінулага і трох пацярпелых у цяжкім стане.

* * *

616594217_1243589801287429_355540715916843081_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што падчас Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе дамовіўся з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам аб наданні Украіне ракет PAC-3 для сістэм Patriot.

Адказваючы на пытанне аб выніках візіту ў Давос, Зеленскі паведаміў, што дамовіўся аб атрыманні ракет PAC-3. Колькасць ён не ўдакладніў. «Мы гаварылі пра глабальныя рэчы, але мы вырашылі пытанне, якое дакладна адпавядае таму, для чаго я туды паехаў», — адзначыў ён.

* * *

Украіна замовіла 18 комплексаў супрацьпаветранай абароны IRIS-T у нямецкага вытворцы Diehl Defence, паведаміў генеральны дырэктар кампаніі Гельмут Раўх, піша Deutsche Welle.

Паводле яго слоў, цяпер ва Украіне эксплуатуецца дзевяць сістэм IRIS-T і яна зацікаўлена ў дадатковых агнявых адзінках. Таму кампанія плануе значна пашырыць вытворчасць агнявых установак для сістэм IRIS-T SLM і IRIS-T SLS, адпаведна сярэдняга і малога радыуса дзеяння.

«У сярэднетэрміновай перспектыве мы плануем пашырыць вытворчасць да 16 агнявых установак — прыкладна за два гады. Калі мы ўбачым большы попыт з боку нашых кліентаў, мы зможам яшчэ больш павялічыць вытворчасць», — сказаў Раўх і дадаў, што сёлета кампанія плануе вырабіць да 10 установак.

Diehl Defence працуе над ракетай IRIS-T SLX, далёкасць палёту якой складзе 80 кіламетраў. Германія выказала зацікаўленасць у ракеце, а Егіпет ужо яе замовіў. Чакаецца, што IRIS-T SLX паступіць у серыйную вытворчасць у 2029 годзе.

* * *

Сакратар СНБА Украіны Рустэм Умераў у Facebook пацвердзіў, што трохбаковая сустрэча ў Абу-Дабі з удзелам Украіны, ЗША і Расіі працягнецца ў суботу 24 студзеня.

«У Абу-Дабі разам з Кірылам Буданавым, Давідам Арахаміяй і Сяргеем Кісліцам прынялі ўдзел у трохбаковай сустрэчы — украінскі, амерыканскі і расійскі бакі. З боку ЗША ў кансультацыях прынялі ўдзел спецыяльны пасланнік Стыў Уіткаф, Джарэд Кушнер, Джош Груенбаўм, генерал Дэніэл Дрыскал і генерал Алекс Грынкевіч. У расійскай дэлегацыі — прадстаўнікі ваеннай разведкі і арміі», — напісаў ён.

Умераў дадаў, што сустрэча была прысвечана параметрам заканчэння расійскай вайны і далейшай логіцы перамоўнага працэсу з мэтай прасоўвання да годнага і працяглага міру.

* * *

Сустрэча з удзелам Украіны, ЗША і Расіі, якая пачалася ў Абу-Дабі ў пятніцу, 23 студзеня, ацэньваецца Белым Домам, як выніковая, паведамляе Sky News са спасылкай на неназванага прадстаўніка адміністрацыі Дональда Трампа.

* * *

У Міністэрстве замежных спраў Расіі назвалі адну з ключавых умоў для ўрэгулявання вайны ва Украіне. Паводле ведамства, на перамовах са Злучанымі Штатамі расійскі бок будзе акцэнтаваць увагу на так званых «прыцясненнях» Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП).

«Неабходнасць спынення пераследу УПЦ, уключаючы адмену прынятага ў жніўні 2024 года закона "Аб абароне канстытуцыйнага ладу ў сферы дзейнасці рэлігійных арганізацый", якім прадугледжана стварэнне юрыдычнага механізма па забароне кананічнай царквы, разам з ліквідацыяй парушэнняў правоў расійскага і рускамоўнага насельніцтва, з'яўляецца адной з ключавых умоў дасягнення ўстойлівага ўрэгулявання ўкраінскага крызісу», — падкрэслілі ў МЗС РФ.

* * *

На Белгарад некалькі дзён таму ўпала авіябомба ФАБ-500. Яе «выпусціў» расійскі бамбавік, піша ASTRA.

21 студзеня губернатар Белгарадскай вобласці напісаў пра тое, што ў Белгарадзе на вуліцы Губкіна «была выяўлена варонка ад боепрыпасу», але не ўдакладніў, як яна там з’явілася.

Крыніцы ASTRA ў экстранных службах Белгарадскай вобласці распавялі, што на горад упала паўтонная авіябомба. Яна не разарвалася, але прабіла варонку ў зямлі глыбінёй у 20 метраў.

Пасля з трох бліжэйшых шматпавярховак эвакуіравалі каля 1600 чалавек, у тым ліку 272 дзіцяці. З іх 43 жыхары адправілі ў пункт часовага размяшчэння, астатнія з’ехалі да сваякоў.

На месцы здарэння працавала сапёрная група, бомбу дасталі і даставілі на палігон для знішчэння.

Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны неаднаразова паведамляла пра тое, што з-за тэхнічных непаладак частка бомбаў не дасягае мэтаў ва Украіне і падае на населеныя пункты прыгранічных раёнаў Расіі. Паводле звестак ASTRA, у мінулым годзе расіяне «выпусцілі» на ўласную тэрыторыю больш за сотню КАБаў.