Матэвуш Маравецкі: Беларускае грамадства далучыцца да сям'і свабодных і дэмакратычных краін

Польшча падтрымлівае еўрапейскія памкненні беларускага грамадства. Яно гатова далучыцца да сям'і свабодных і дэмакратычных краін. Пра гэта заявіў на форуме Каліноўскага ў Еўрапарламенце прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.

moraveczki.jpg


Ён адзначыў, што канферэнцыя праходзіць у кантэксце вайны ва Украіне. Ён падкрэсліў, што гэты канфлікт будзе мець велізарныя наступствы для бяспекі, будучыні Украіны і Беларусі. Па яго словах, гэта паваротны момант у еўрапейскай гісторыі. Расія разбурыла міжнародны парадак, які складаўся дзесяцігоддзямі, перадае REFORM.by.

«Два гады таму адбылося тое, чаго Лукашэнка не чакаў. Сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, каб змагацца за свае правы. Пачаўся працэс, які нельга спыніць ні заключэннем актывістаў па палітычных матывах, ні пераследам і запалохваннем людзей за думкі», — сказаў ён.

«Беларускае грамадства змянілася. Яно гатова далучыцца да сям'і свабодных і дэмакратычных краін. Мы будзем на баку дэмакратычнай Беларусі. Беларускія дэмакраты могуць разлічваць на нашу падтрымку ў адпаведнасці са сваімі патрэбамі», — працягнуў польскі прэм'ер.

Прэм'ер-міністр Польшчы адзначыў, што перш за ўсё трэба дапамагчы Украіне спыніць і адбіць расійскі напад. Гэта стане магутным сігналам для Беларусі.

«Па-другое, трэба падтрымаць беларусаў, тых, хто вымушаны пакінуць сваю краіну, і тых, хто жыве пры аўтарытарным рэжыме Лукашэнкі. Па-трэцяе, трэба дапамагчы, каб свабодныя беларусы заставаліся бачнымі на міжнароднай арэне. Мы хочам, каб вы заставаліся важнай часткай еўраатлантычнай сям'і. Я бачу, што гэта нялёгкая справа, але падчас маіх сустрэч з беларускімі лідарамі дэмакратычнай апазіцыі і простымі грамадзянамі я адчуваю такую мэтанакіраванасць і рашучасць, што я не сумняваюся, што мы як ніколі блізкія да выканання волі Каліноўскага і вызвалення ўсіх народаў у нашым рэгіёне», — сказаў Маравецкі