
Сяргей Гардун нарадзіўся 4 сакавіка 1959 году ў вёсцы Дзівін
Кобрынскага раёну. Закончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў
па спецыяльнасці «настаўнік ангельскай і французскай моў» (1981). Пасля
заканчэння інстытута працаваў настаўнікам ангельскай мовы ў сельскай школе,
дзе зазнаў ганенні ад савецкіх уладаў за тое, што па нядзелях наведваў
царкву. У 1984 годзе закончыў Маскоўскую духоўную семінарыю, у 1987 — Маскоўскую
духоўную акадэмію.
Прафсар, мiтрафорны протаiерэй, кандыдат багаслоўя (1990),
дацэнт (2000). Быў выкладчыкам Жыровіцкай духоўнай семінарыі, першым
прарэктарам Інстытуту тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла.
Быў членам Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы
па перакладзе кніг Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову.
Агулам валодаў дзевяццю мовамі, праводзіў набажэнствы і па-ангельску.
Айцец Сяргей Гардун адстойваў права вернікаў на беларускамоўныя набажэнствы. У інтэрв'ю выданню «Царкоўнае слова» ў 2004-м годзе ён, у прыватнасці, казаў: «Вельмі мала прыходаў, дзе актыўна выкарыстоўваецца беларуская мова за богаслужэннем, што для многіх з'яўляецца прычынай адмоўнага стаўлення да Царквы».
Айцец Сяргей Гардун лічыў, што ініцыятыва беларускамоўных набажэнстваў можа ісці не толькі ад прыхаджан, але і ад святара, настаяцеля, спевакоў хору.
Паводле «Св*боды».