Relikt выдаў альбом-падарожжа ў залатыя часы беларускага рока

Беларускі гурт Relikt выдаў альбом «Byli, Jość, Budziem». Рэліз без перабольшання можна назваць скарбонкай беларускага рока — на ім змясціліся кампазіцыі культавых гуртоў і выканаўцаў з 80-90 гадоў мінулага стагоддзя: «Мроя», ULIS, «Бонда», «Камэлот», Сяржук Сокалаў-Воюш і іншых.

relikt_byli_josc_budziem.jpg

«Многія раслі на беларускай музыцы, але, на жаль, з цягам часу старыя стужкі заціраюцца і апынаюцца на сметніку, а добрае забываецца. І ўсё ж так быць не павінна — трэба захоўваць успаміны пра шчаслівую будучыню, якімі жылі таленавітыя беларусы, нашы гіганты, у часы, калі краіна дыхала паветрам Адраджэння», — адзначае лідар Relikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.

Сярод іншых у складанцы можна пачуць перасэнсаваныя ў розных музычных стылях ад пост-панка да пост-рока і сучасна запісаныя каверы «Atlantyda», «Plac Francyska», «Kraina taleraŭ», «Ja žyŭ», «Biełaruś maja».

На вокладцы «Byli, Jość, Budziem» змешчаны стылізаваны партрэт культавага беларускага музычнага журналіста і крытыка Вітаўта Мартыненкі.

«Гэтым альбомам мы хацелі аддаць даніну павагі не толькі «генералам айчыннага року», але і такім асобам, як, напрыклад, Анатоль Мяльгуй, Вітаўт Мартыненка, Сяргей Філімонаў, — усім тым, хто рупіўся на ніве Беларушчыны», — падкрэслівае Аляксандр Дземідзенка.

Зараз гурт базуецца ў Польшчы і мае шэраг запланаваных на лета канцэртаў, наступны з якіх адбудзецца у Garage Pub у Кракаве 4 жніўня.

relikt_photo_5.png

Relikt — беларускі гурт, які знітоўвае сёння і мінулае, паказваючы яго ў нязвыклым выглядзе і робячы актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае.

У дыскаграфіі каманды 8 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя DVD і 13 відэакліпаў, музыка да фільма «У агні народжная», а таксама гімн футбольнага клуба «Крумкачы». Гурт атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі (Гран-пры — фестываль Jesień Bardów, Гран-пры і прыз глядацкіх сімпатый — фестываль Rockowisko Hajnowka, «Альбом года», «Лепшы рок-альбом», «Артыст года» і шмат іншых, неаднаразова выступаў ва Украіне і Літве.