Ва Украіне загінуў святар РПЦ, які заклікаў расіянак нараджаць больш дзяцей для войска

Прэс-служба Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ) паведаміла, што раніцай 6 лістапада 2022 года на фронце ва Украіне «пры выкананні пастырскіх абавязкаў» загінуў клірык Маскоўскай епархіі, протаіерэй Міхаіл Васільеў.

20221106065023_797383.jpg

Ён стаў вядомы пасля таго, як у эфіры тэлеканала «Спас» заявіў, што расіянкі павінны нараджаць больш дзяцей, каб не так моцна перажываць, адпраўляючы іх на фронт.

«Я разумею, што кожнай даме Гасподзь у большасці выпадкаў папусціў нарадзіць мноства дзетак, — заявіў Міхаіл Васільеў. — Калі дама выконвае запаведзь Божую «пладзіцеся і множцеся», адмовілася ад штучных сродкаў перапынення цяжарнасці, то відавочна, дзіцятка ў яе будзе не адно. А значыць, ёй не так балюча і страшна будзе з ім расставацца».

Гэта не адзіная гучная гісторыя са святарамі РПЦ, якія падтрымліваюць вайну ва Украіне.

Раней пратаіерэй з Уфы Віктар Іваноў патлумачыў, чаму хрысціў рускіх мабілізаваных у мяшках для трупаў.

«У хрышчэнні чалавек памірае для граху, і яны хрысціліся ў «пахавальных» пакетах. Нараджаецца новы чалавек — воін Хрыстоў, а яны рукі апускалі ў скрыню з-пад боепрыпасаў...», — патлумачыў ён.

Паводле яго слоў, у распалажэнні расійскіх мабілізаваных не аказалася тазікаў, а таму прыйшлося рабіць купель з таго, што было: мяшкоў з цыраты для трупаў і скрынь.

Паводле яго слоў, усе мабілізаваныя «разумеюць, дзе знаходзяцца і што можа адбыцца», таму паставіліся да таго, што адбываецца, як да «рэальнасці, дзе атрыбутыка смерці не ўводзіць людзей у ступар».