ГУБАЗіК арыштаваў іерэя Уладзіслава Багамольнікава, які служыў літыю па Рамане Бандарэнку (дапоўнена)
Затрыманы святар, які ў 2020 годзе праводзіў службу на «Плошчы Перамен» па забітым Рамане Бандарэнку, паведамляюць праваабаронцы. Праўладны тэлеграм-канал пазней напісаў, што супраць святара распачалі крымінальную справу аб удзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні.

ГУБАЗіК выламаў дзверы ў кватэру праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава і затрымаў яго. Цяпер іерэй знаходзіцца на Акрэсціна. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».
Святар абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю на «Плошчы Перамен» па забітым сілавікамі Рамане Бандарэнку.
Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык прыхода храма Богаяўлення ў Мінску, загадчык царкоўна-гістарычнага музея Беларускай Праваслаўнай Царквы, член епархіяльнага суда Мінскай епархіі.
Увечары 1 верасня стала вядома, што Уладзіслаў Багамольнікаў арыштаваны на 14 сутак. Аднак за што — невядома. Пазней праўладны тэлеграм-канал паведаміў, нібыта супраць святара распачалі крымінальную справу аб удзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні.

