На святара з «Плошчы Перамен» Уладзіслава Багамольнікава завялі крымінальную справу

Супраць затрыманага напярэдадні святара Уладзіслава Багамольнікава распачалі крымінальную справу.

photo_2022_09_01_17_05_56.jpg

У адным з праўладных каналаў паведамляецца, што справа заведзена паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання ці ўдзел у ім).

1 верасня Уладзіслаў Багамольнікаў быў арыштаваны на 14 сутак.

ГУБАЗіК выламаў дзверы ў кватэру праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава і затрымаў яго. Цяпер іерэй знаходзіцца на Акрэсціна.

Раней святар абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а ў 2020 годзе служыў літыю на «Плошчы Перамен» па забітым сілавікамі Рамане Бандарэнку.

Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык прыхода храма Богаяўлення ў Мінску, загадчык царкоўна-гістарычнага музея Беларускай Праваслаўнай Царквы, член епархіяльнага суда Мінскай епархіі.

Артыкул 361-1 прадугледжвае цяжкае пакаранне. Фрылансер «С*абоды» журналіст Андрэй Кузнечык паводле такога ж абвінавачвання атрымаў шэсць гадоў калоніі.