Затрыманы супрацоўнік дабрачыннага фонду «Вяртанне» Сяргей Макарэвіч

Зараз Макарэвіча ўтрымліваюць у Гродзенскім ІЧУ.

Сяргей Макарэвіч. Фота: facebook.com

Сяргей Макарэвіч. Фота: facebook.com


Да супрацоўніка дабрачыннага фонду «Вяртанне» Сяргея Макарэвіча ўчора раніцай прыйшлі сілавікі. Дома ў Макарэвіча прайшоў ператрус, а ў другой палове дня яго самога затрымалі. Пра гэта паведаміў у сваім фэсйбуку сябар Макарэвіча Павел Падкарытаў, прадпрымальнік, мецэнат, уладальнік «Маёнтка Падароск». Ініцыятыва, якая аднаўляе сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску, была выкупленая Падкарытавым у 2013 годзе.
27 кастрычніка з ператрусам прыходзілі і ў сам маёнтак. Былі затрыманыя кіраўнік ініцыятывы Юрый Меляшкевіч, фінансавы дырэктар Дзмітрый Карабач і бухгалтарка Вольга Балтрукевіч. Апошнюю праз трое сутак адпусцілі, а Меляшкевічу і Карабачу выставілі абвінавачанне ў «нявыплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў работнікаў амаль на 400 000 рублёў». Таксама падчас ператрусу былі вынятыя камп'ютары і дакументацыя арганізацыі.
Павел Падкарытаў з'яўляецца заснавальнікам дабрачыннага фонду «Вяртанне», які спрыяў развіццю беларускай культуры, навукі і адукацыі. 25 кастрычніка рашэннем Мінскага гарадскога суда фонд быў ліквідаваны.
Затрыманне Сяргея Макарэвіча пракаментавала выдавецтва «Янушкевіч», з якім ён супрацоўнічаў:
«Нашага выдатнага партнёра і вернага паплечніка Сяргея Макарэвіча арыштавалі. Нашы кнігі — ягоная заслуга, у асаблівасці Нобелеўская серыя "Noblesse Oblige". На ім трымалася дзейнасць выдавецтва, увогуле менавіта з такімі людзьмі, якіх мала, робяцца вялікія і паважныя справы».