Літоўцаў засцерагаюць ад паездак у Беларусь

Пасля затрымання грамадзянкі Літвы літоўцам не рэкамендуюць ездзіць у нашу краіну.

У 2020 годзе кіраўніцтва Вільнюса вывешвала беларускі нацыянальны сцяг у падтрымку пратэстоўцаў. Фота: delfi.lt

У 2020 годзе кіраўніцтва Вільнюса вывешвала беларускі нацыянальны сцяг у падтрымку пратэстоўцаў. Фота: delfi.lt


У чацвер, 4 кастрычніка, стала вядома, што ў Мінску па абвінавачанні ў «экстрэмізме» была затрыманая грамадзянка Літвы, 58-гадовая настаўніца Алена Цымбаліст, якая працавала ў адной з беларускіх школ. Таксама СМІ паведамлялі пра затрыманне ў Беларусі траіх супрацоўнікаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які месціцца ў Вільні.
Палітолаг Інстытута міжнародных адносін і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта Віціс Юркініс заявіў, што грамадзяне краін ЕС не могуць адчуваць сябе ў бяспецы ў Беларусі, бо прадстаўнікі рэжыму могуць знаходзіць падставы для розных абвінавачанняў, нават калі людзі едуць у краіну на некалькі дзён, паведамляе партал «Delfi».
«Падобна да таго, што рэжым знайшоў падставу для яе затрымання, — гаворыць Юркініс пра затрыманне Цымбаліст. — І мне здаецца, што гэта пэўны пасыл грамадзянам любой іншай краіны Еўрапейскага Саюза, але ў роўнай ступені і грамадзянам Літвы. Што гэтыя падставы можна знайсці. Мы таксама ведаем з папярэдніх гісторый, што яны знаходзілі прычыны прычапіцца. Гэта рэжымная дзяржава, якая не прытрымліваецца прынцыпаў прававой дзяржавы. І людзі не могуць адчуваць сябе ў бяспецы».