Вольга Павук: «З дыктатуры ніхто не можа выйсці нармальным»

Блогерка «Рудабельскай паказухі» расказвае пра тое, як яна ўладкоўвалася ў эміграцыі, калі яна зможа вярнуцца ў Беларусь, і ўвогуле — ці бачыць яна сваё жыццё на радзіме.

Вольга выступае на адным з пікетаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Цяпер большасць людзей, якія трапілі ў кадр, пакараныя вялікімі турэмнымі тэрмінамі

Вольга выступае на адным з пікетаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Цяпер большасць людзей, якія трапілі ў кадр, пакараныя вялікімі турэмнымі тэрмінамі


«Штодзень» паразмаўляў з Вольгай Павук.

— Ты сама вырашыла для сябе, ці будзеш вяртацца ў Беларусь?

— З зімы гэта самае цяжкае пытанне для мяне. Я заўсёды ўпадаю ў ступар, калі мяне пытаюцца пра гэта. Я не ведаю. Нашае жыццё непрадказальнае. Калі браць практычныя аспекты, то вяртацца няма куды: кватэра разбомбленая, то бок хаты няма. Па-другое, у якім стане будзе беларуская сістэма адукацыі і колькі гадоў ёй спатрэбіцца для таго, каб яна неяк выруліла ў цывілізаваны стан. Таксама вельмі цяжка прадставіць, хто можа замяніць Лукашэнку, як гэта будзе ўсё выглядаць. Наколькі будзе гэта бяспечна: ці гэта будзе пераходны перыяд ужо ў дэмакратычным стылі, ці пераходны перыяд, напрыклад, Качанавай. Усе гэтыя пытанні застаюцца адкрытымі. Калі нешта зменіцца, то можна будзе прымаць рашэнне.

Што тычыцца Літвы, то тут нам збольшага падабаецца. Няма праблем з моўным пытаннем: тут па-руску размаўляюць, літоўскую так-сяк вучым.

— То бок важны аспект пры прыняцці рашэння, вяртацца ці не, — гэта дзеці?

— Калі мы пераязджалі сюды, то для дзяцей гэта быў моцны стрэс, нягледзячы на тое, што ўмовы збольшага былі лепшымі: усе свабодныя, усё добра. Першы год дзеці ўвогуле праплакалі, другі не плакалі, але і не вучыліся. І на сённяшні дзень яны толькі пачынаюць выбірацца з гэтай ямы і пачынаюць нешта рабіць, каб нейкая была якасць, нейкі плюс. І калі я ўяўляю вяртанне дадому, то мне робіцца страшна. Незразумела, як зноў заводзіць сяброў, з кім сябраваць, з кім не. Я на сёння не ведаю адказу.

Асабіста я сама хацела б вярнуцца. Але пытанне ў тым, што дзеці ходзяць у школу. Сёння мая дачка не хоча пераходзіць ні ў іншы клас, ні змяняць школу. Таму для мяне гэтае пытанне адкрытае. Будзе вельмі багата залежыць ад таго, якая будзе сітуацыя ў Беларусі і хто прыйдзе да ўлады.

Адзіночны пікет Вольгі ў падтрымку Андрэя Павука, якога кінулі на суткі напярэдадні выбараў у жніўні 2020

Адзіночны пікет Вольгі ў падтрымку Андрэя Павука, якога кінулі на суткі напярэдадні выбараў у жніўні 2020


— Калі ты з сям’ёй вырашыла застацца ў Літве ў 2020 годзе, то ты думала гэта ненадоўга ці на некалькі месяцаў?

— Сапраўды да самай вайны я думала, што гэта ненадоўга. Мы былі аднымі з першых, хто з’ехаў. Гэта быў верасень 2020 года. Мы выпадкова патрапілі ў Літву, так як выехалі з дому і туды ўжо не вярнуліся. Бо праваабаронцы сказалі, што ў нас іншага шансу не будзе, мы павінныя альбо застацца, альбо ехаць дадому і сесці. Мы абралі Вільню, бо я тады была магістранткай Універсітэта Вітаўтаса Магнуса. І таму што палітычны цэнтр складваўся тут, у Вільні. І нас ад пачатку запрасілі да супрацы.

Спачатку я не хацела ні кватэру здымаць, ні школу шукаць, ні рэчы раскладаць па нейкіх шафах. Бо мы думалі, што гэта на некалькі тыдняў і пасля мы паедзем дадому. Потым я была неяк упэўненая, што мы паедзем дадому да новага году. Потым было адчуванне, што наступнага году няма і мы паедзем дадому сёлета. А ўжо калі пачалася вайна ва Украіне, то ў мяне змянілася стаўленне да Беларусі як самой, так і да беларусаў, якія там засталіся. Пасля 24 лютага я ўпершыню стала думаць, што мы можам не вярнуцца менавіта таму, што ў нас хворае грамадства. Я не магу зразумець, што ніхто не рэагуе, што адбываецца, а нават ёсць такія, хто падтрымлівае гэта. Канешне, у гарадах, у Мінску менш адчуваецца.

Калі вяртацца, то я б вярнулася ў сваю вёску, у сваю Рудабелку. Няма ніякага сэнсу ехаць у Мінск і здымаць кватэру. Навошта? Калі здымаць кватэру, то лепей у Вільні жыць. І можна ў Мінск ездзіць. Але калі вяртацца дадому, то для мяне вельмі цяжкае пытанне, як жыць з рудабельцамі побач. Яны і раней нас збольшага ненавідзелі, ставіліся з нейкай падазронасцю. А цяпер я не ведаю, як жыць са сваімі суседзямі.

— А што не так з суседзямі?

— Цікавая гісторыя здарылася з суседзямі зусім нядаўна. Сітуацыя такая, што ў траўні нашую кватэру разбамбілі і апячаталі. Ніхто не мае да яе дасягу: ні мая маці не можа туды схадзіць, ніхто. І з таго моманту я перастала перадаваць грошы за лесвічнае асвятленне, за агульныя дамавыя выплаты. Там 3 рублі на месяц збіраюць з кожнай кватэры. І суседзі маўчалі. А потым накапілася сума ў 20 рублёў. Суседзі і пытаюцца, калі мы ўжо будзем плаціць. Я ім тлумачу, што я не буду плаціць, бо я не хаджу па тых лесвіцах, мы не карыстаемся кватэрай і ўвогуле ніхто з родных не можа ёй карыстацца. Таму на сёння нашая сям’я ставіць на паўзу ўсе стасункі з беларускай дзяржавай. Я прапанавала суседзям, калі яны маюць нейкія прэтэнзіі, звярнуцца ў суд, каб нам святло абрэзалі ці яшчэ нешта.

Мы доўга размаўлялі, мабыць, паўтары гадзіны. Я ім падзяліла тыя 3 рублі на 39 кватэр, і атрымалася па 7 капеек з кожнай. Я сказала суседзям, каб яны з такім імпэтам, як за гэтыя 7 капеек, змагаліся за законы, то не трэба было б і нам з'язджаць, і жылі б у зусім іншай краіне. Але яны вырашылі ненавідзець нас за гэтыя 7 капеек.

І гэтая сітуацыя наклала вялікі адбітак: я не ведаю, як жыць побач з гэтымі людзьмі, не ведаю, як расціць дзяцей там. Таму што калі мы пераехалі ў Вільню, я зразумела, наколькі мы зламаныя. Бо з дыктатуры ніхто не можа выйсці нармальным.