Змітраўскія Дзяды ў Вільні (фота)
5 лістапада на Змітраўскія Дзяды беларусы Вільні ўшанавалі памяць продкаў і наведалі Еўфрасіннеўскія ці Ліпаўскія могілкі, на якіх пахаваныя шматлікія беларускія дзеячы і дзяячкі мінулага і сучаснага культурнага жыцця.

Алесь Адамковіч, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве, правёў цікавую і пазнавальную экскурсію па могілках.
Наведвальнікі змаглі аддаць даніну памяці Алене Сакаловай-Лекант, Паўлу Карузу, Лявону Мурашку, Сяргею Паўловічу, Зоі Коўш і Аляксандру Каўшу, Міхаілу Плісу, Аляксею Анішчыку, Аляксандру Данілевічу, Антону Антановічу, Юрыю Зімніцкаму, Канстанціну Шышэю, Хведару Нюньку ды іншым.

Дзякуючы Таварыству беларускай культуры ў Літве многія наведвальнікі з беларусаў новай хвалі змаглі ўпершыню адкрыць для сябе яшчэ адзін беларускі някропаль Вільні — нароўні з Росамі, Сонечнымі і Антокальскімі могілкамі.
Зрэшты, ва ўмовах немажлівасці для многіх паехаць на радзіму на могілкі, такое наведванне могілак у Вільні сталася важнай заменай і знаёмствам з мясцовай беларускай культурай.