Напярэдадні распаду СССР. Версія Мясніковіча
Былы кіраўнік беларускага ўрада Міхаіл Мясніковіч наважыўся напісаць мемуары. У іх ён расказвае ў тым ліку і пра вечар напярэдадні знакамітай дамовы ў Белавежскай пушчы, пасля якой СССР перастаў існаваць. Вытрымкі з мемуараў палітыка апублікавала «Народная воля».
Складана назваць кіруючую пасаду, якой не займаў Міхаіл Мясніковіч. Былы прэм'ер-міністр, былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, былы кіраўнік Савета Рэспублікі, былы кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук. Сёння Мясніковіч узначальвае Калегію Еўразійскай эканамічнай камісіі, пераважна знаходзіцца ў Маскве і, нарэшце, адважыўся на мемуары.
«Так было. Асабістае » — кніга, выдадзеная выдавецтвам «Беларуская навука» невялікім накладам у 400 асобнікаў.
У кнізе шмат цікавага. Напрыклад, выкладзена яшчэ адна версія падзей снежня 1991 года, калі ў беларускіх «Віскулях» Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне. Міхаіл Мясніковіч у той час займаў пасаду віцэ-прэм'ера ў беларускім урадзе.
Як Мясніковіч апынуўся ў «Віскулях»?
«Варта адзначыць, што на той час рашэнні прымаліся досыць хутка, — піша ён. — Бюракратызм сыходзіў разам з дырэктыўнай эканомікай і старой дзяржаўнай сістэмай. Узгадненні зводзіліся да мінімуму, многія ўстаноўкі рэалізоўваліся вуснымі распараджэннямі.
Гэта ў поўнай меры адносілася да мерапрыемстваў, якія праводзяцца на высокім дзяржаўным узроўні. Так было і з візітам Б. М. Ельцына ў Мінск 7 снежня 1991 года. Ельцын патэлефанаваў напярэдадні, 6 снежня, Шушкевічу і прапанаваў запрасіць у Мінск Л. М. Краўчука, які 1 снежня быў абраны прэзідэнтам Украіны. Нагода, як расказваў Шушкевіч, была: утраіх абмеркаваць бягучыя справы і выпрацаваць лінію паводзін да сустрэчы ў Гарбачова, якая мела адбыцца і планавалася на 9 снежня ў Нова-Агарове ў сувязі з гатоўнасцю да падпісання новай Саюзнай дамовы. Хутчэй за ўсё, у Ельцына быў да гэтага званка кантакт з Краўчуком, але карэктней было атрымаць запрашэнне Шушкевіча як прымаючага боку.
Краўчук пагадзіўся і 7 снежня 1991 года быў у Мінску. Звярніце ўвагу: візіт прэзідэнта краіны ў іншую дзяржаву і сустрэча трох першых асоб Расіі, Украіны і Беларусі былі арганізаваны на працягу сутак!
Шушкевіч і Кебіч прынялі рашэнне: Кебіч будзе прысутнічаць на прыёме ў гонар Ельцына, а Шушкевіч і Краўчук вылятаюць у Белавежскую пушчу, куды Кебіч з Ельцыным прыляцяць пасля прыёму. Ад урада з Шушкевічам і Краўчуком ляціць Мясніковіч.
Я аператыўна, проста з пасяджэння Вярхоўнага Савета, выехаў у Нацыянальны аэрапорт. Шушкевіч таксама прыбыў. У аэрапорце нас ужо чакаў Краўчук. З ім быў прэм'ер-міністр Украіны У.П. Фокін і невялікая дэлегацыя. Было прынята рашэнне ляцець у пушчу на самалёце Ту-134 Краўчука. Пры гэтым выйшла замінка, сутнасць якой заключалася ў тым, што пратакол Краўчука заявіў, што кіраўнікі дзвюх дзяржаў не могуць ляцець адным бортам. Паабмяркоўвалі пару хвілін, Краўчук узяў адказнасць на сябе, і мы ўсе разам вылецелі ў пушчу.
Прызямліліся на вайсковым аэрадроме, нас сустракаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама В. І. Бурскі. Дзяўчаты ўручылі гасцям хлеб-соль, кветкі, і картэж машын выехаў у напрамку «Віскулёў» — дзяржаўнай рэзідэнцыі. Цяпер гэта немагчыма ўявіць. Аніякіх перадавых груп, на незнаёмым аэрадроме — вайсковым, што знаходзіцца ў падпарадкаванні ВПС Мінабароны СССР — прызямляюцца тры прэзідэнты…
Нішто не прадказвала, як той казаў…
Прыехалі ў рэзідэнцыю «Віскулі», размясціліся ва ўрадавых (гучна сказана) катэджах, якія ўяўлялі сабой дыхтоўныя драўляныя домікі. Цэнтральная сядзіба прызначалася для Ельцына.
Увечары ўкраінскія госці вырашылі папаляваць. Спачатку было шмат жадаючых, але ў выніку на паляванне пайшоў толькі Краўчук і яшчэ пару суправаджаючых. Фокін са сваім лекарам шпацыравалі па алеях.
Праз гадзіну-паўтары яны вярнуліся з паляўнічым трафеем: застрэлілі кабанчыка-сяголетка, які, як потым жартавалі, быў прывязаны да дрэва. Краўчук моцна і не спрачаўся, ён быў задаволены.
…
Ельцына і Кебіча ўсё няма. Настрой ва ўсіх пачаў псавацца. Мінск праз тэлефон адказваў, што прыём яшчэ ідзе. Што рабіць? Вырашылі, што пара павячэраць.
…
Раптам нечакана адчыняюцца дзверы ў сталовую і заходзіць усмешлівы Ельцын.
— А што вы тут без мяне вячэраеце?
— Ды не, мы думалі, што вы вырашылі адпачыць, — наперабой загаварылі прысутныя.
Ельцын пераключыў усю ўвагу на сябе. Ён вельмі ярка і шчыра павіншаваў Краўчука з абраннем на пасаду прэзідэнта Украіны, шмат і аргументавана гаварыў пра патэнцыял Украіны, які ва ўмовах суверэнітэту пад кіраўніцтвам Краўчука атрымае магутнае развіццё, асабліва прадпрыемствы абароннага комплексу, металургіі, вугальнай галіны.
— Дарагі Макарыч, — з добрай усмешкай сказаў Барыс Мікалаевіч. — Мы з табой зможам многае зрабіць.
— Згодны, — не пярэчыў Краўчук.
…
Перайшлі да пытання Нова-Агароўскага працэсу. Гарбачову завочна дасталася ад усіх удзельнікаў. Вядома, асноўную размову вялі першыя асобы: Ельцын, Краўчук, Шушкевіч. «Разаграваў» сітуацыю Бурбуліс. Яго рэзкія эпітэты ўзбуджалі суразмоўцаў. І ўсё зводзілася, па вялікім рахунку, да наступнага: «А хто такі Гарбачоў?», «Чаму ён навязвае нам, суверэнітэтам, сваю волю?», «Мы і самі, без яго, можам дамовіцца, як нам жыць далей».
У рознага роду кнігах, мемуарах, інтэрв'ю, іншых даступных для шырокага кола асоб матэрыялах шмат гаворыцца няпраўды. Аніякай п'янкі не было! Праходзіла ўмеранае застолле. Палітычная нітка перарывалася хвалебнымі водгукамі пра беларускія разнасолы, расповедамі пра гісторыю пушчы, яе флору і фаўну. Не адпавядаюць рэчаіснасці і сцвярджэнні, што Ельцын прыляцеў у Беларусь з праектам дамовы аб развале Савецкага Саюза. Удзельнікі той сустрэчы — Краўчанка, Косцікаў і Шахрай — могуць пацвердзіць мае словы.
Менавіта з-за адсутнасці якой-небудзь «нарыхтоўкі» было прынята рашэнне, што ехаць да Гарбачова 9 снежня 1991 года ў Нова-Агарова з пустымі рукамі нельга, не мае сэнсу, і трэба падрыхтаваць альтэрнатыўны варыянт Саюзнай дамовы, які павінен стаць прадметам абмеркавання з кіраўнікамі саюзных рэспублік. Таму лідары трох дзяржаў даручаюць прадстаўнікам урадаў да раніцы нядзелі 8 снежня 1991 года падрыхтаваць адпаведны праект.
Наўпрост гаворка пра ліквідацыю СССР за сталом 7 снежня 1991 года не ішла. Як я разумеў, у Ельцына была думка пра захаванне Саюза, але ў выглядзе канфедэрацыі. Такую ж пазіцыю адстойваў Краўчук, сцвярджаючы, што калі застануцца хоць нейкія органы саюза, то з часам яны ўмацуюць свае пазіцыі і падамнуць рэспублікі.
Мазгавы штурм
Сабраліся ў гасцінай катэджа, дзе размясціліся Гайдар і Шахрай. Гайдар толькі-толькі стаў намеснікам старшыні ўрада РСФСР, які курыруе эканоміку і рэформы. З расійскага боку таксама ўдзельнічаў Козыраў (кіраўнік МЗС. — Заўв. рэд.), некалькі іншых супрацоўнікаў.
За сталом — Гайдар, на канапе ляжыць Шахрай, Козыраў ходзіць па пакоі.
З беларускага боку — Мясніковіч, Краўчанка і Косцікаў. Украінцаў няма. Мы іх чакалі, але, паколькі дзень наблізіўся да канца, вырашылі пачынаць без іх.
Шмат часу пайшло на выпрацоўку назвы праекта дамовы. Выкарыстоўвалі і «Саюз суверэнных рэспублік» — адхілена, бо абрэвіятура нагадвае СССР (ССР-СССР), «Саюз суверэнных дзяржаў» — адхілена (ССД — асацыяцыя з адгалоскам часоў Вялікай Айчыннай вайны). Абмяркоўвалі таксама назву «Новыя незалежныя дзяржавы» і інш. На карысць «Садружнасці незалежных дзяржаў» спрацавала тое, што гэта будзе садружнасць (амаль Вялікабрытанія) незалежных (лепш, чым суверэнных, паколькі пастаянныя згадкі пра суверэнітэт наводзяць на думку пра рэальнасць таго суверэнітэту, пра які часта гаворыцца). «Дзяржавы» — гэта агульнасусветны тэрмін, зразумелы лепш, чым «рэспубліка», які, у прынцыпе, азначае форму дзяржаўнага ладу, а ва ўмовах СССР меўся на ўвазе як форма ўваходжання ў Савецкі Саюз, які і быў дзяржавай, а рэспублікі — яго часткамі.
Гарачыя дыскусіі выклікала тэма «А хто мы, якія прапануюць стварэнне Садружнасці незалежных дзяржаў? Хто ўпаўнаважыў планаваных падпісантаў на такі крок?». Пытанне абмяркоўвалася шырока, акрамя адной дэталі — адказнасці за зробленае.
Пазней з'явіліся ўкраінскія прадстаўнікі. Вядома, без Краўчука і Фокіна. Калі яны азнаёміліся з першымі фразамі праекта, у іх быў вельмі сур'ёзны стрэс. Не турбуючы сябе дыскусіяй, яны заявілі: «Нам батьки ничого не говорили!» І сышлі.
У выніку абмену думкамі, у асноўным з падачы Шахрая, які пазіцыянаваўся як кампетэнтны юрыст, што ведае дзяржаўнае права, прыйшлі да высновы, што Расія, Беларусь і Украіна з'яўляліся заснавальніцамі Саюзнай дамовы 1922 года, і яны маюць права прымаць рашэнне аб спыненні яе існавання.
Рок? Лёс?
Гайдар і я пайшлі ў гасцініцу шукаць машыністку, якой Козыраў аддаў тэкст.
Знайшлі нумар, у якім начавала гэта дама. Яна адчыніла нам дзверы, яшчэ не да канца прачнуўшыся. На наша пытанне, дзе дакумент, яна са здзіўленнем адказала: «Які дакумент, пра што наогул гаворка?» Козырава яна не бачыла ні ўвечары, ні раніцай, аніякіх чарнавікоў тым больш.
Я пабег у рэзідэнцыю, выклікаў з-за стала Козырава і пачаў высвятляць, дзе чарнавік пагаднення. Козыраў адказаў, што не змог дастукацца ў нумар машыністкі і праект дамовы з прыпіскай «Аддрукаваць!» падсунуў пад дзверы гасцінічнага нумара.
— Але там нічога няма, — кажу я.
— Як няма? Я ж падсунуў пад дзверы, — апраўдваецца Козыраў.
— Пайшлі ў гасцініцу, — настойваю.
Неахвотна Козыраў пагадзіўся, і мы з ім пайшлі ў гасцініцу.
Аказалася, што Козыраў грукаў у дзверы пустога нумара, пад дзверы якога і падсунуў чарнавік пагаднення.
Рок? Лёс?…»