Лукашэнка: Калі б не цёшча, я б не быў прэзідэнтам

Цёшча Аляксандра Лукашэнкі, Алена Фёдараўна Жалняровіч, адыграла значную ролю ў яго рашэнні балатавацца на пасаду прэзідэнта. Пра гэта афіцыйны беларускі кіраўнік заявіў у інтэрв'ю расійскаму тэлеканалу "Дождь", якое выйшла ў эфір 21 мая.



lukashenka_sabcak.png

"Я калі бываю дома, перш за ўсё еду да сваёй цёшчы, — сказаў Лукашэнка. — Фёдараўна для мяне — сябар чалавека, як я заўсёды кажу. Яна мяне любіць і любіла заўсёды, і я да яе еду, нягледзячы на тое што з яе дачкой мы не жывем трыццаць ці колькі гадоў. Гэта для мяне святы чалавек, гэта пасля маці другі чалавек. Калі б не яна, я б прэзідэнтам не быў, я б, магчыма, нават нармальным чалавекам не быў".
 

Лукашэнка паведаміў, што не збіраецца скасоўваць шлюб з жонкай, з якой ён ужо доўгі час не жыве разам, бо не хоча яе "траўмаваць". "Навошта гэта трэба, каму гэта трэба, хто ад мяне патрабуе гэтае скасаванне? Колькі мой Коля сустракаўся з маёй Радзівонаўнай (жонка Лукашэнкі Галіна Радзівонаўна. — БелаПАН.), некалькі разоў, ён мне ў жыцці нічога не сказаў", — зазначыў Лукашэнка, дадаўшы, што такую размову не распачынала і маці Мікалая.
 

"Каму гэта трэба, я не разумею? Калі б мне было 30 гадоў, і наперадзе ўсё вось гэтае жыццё, і заўтра жаніцца…" — сказаў беларускі кіраўнік.
 

"Я не хацеў бы глыбока пра ўсё гэта расказваць, — растлумачыў Лукашэнка. — Мы з маці маіх старэйшых дзяцей даўно ўжо не жывем. Гэта найпрыстойнейшы чалавек. Абсалютна не хачу [скасоўваць шлюб афіцыйна], бо каму ад гэтага лягчэй?"
 

Каментуючы нядаўняе скасаванне шлюбу прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і яго жонкі Людмілы, Лукашэнка задаўся пытаннем, якая была прычына гэтага ўчынку і каму быў патрэбны гэты крок. Ён не выключыў, што на Пуціна маглі націснуць, бо "на прэзідэнта можна націснуць вельмі проста".
 

"Вы лічыце, што гэта вельмі сумленны і прыстойны ўчынак? Вы супастаўце ўсе нюансы, у тым ліку Люды (экс-першай лэдзі Расіі Людмілы Пуцінай. — БелаПАН.), дзяцей і гэтай далей. Стаіць пытанне, каму гэта трэба было. Не памыляйцеся, тут столькі аспектаў. Вы яшчэ зусім маленькая, Ксюша (вядучая інтэрв'ю Ксенія Сабчак. — БелаПАН.), калі вы пасталееце, пройдзеце вось гэты шлях, не дай бог, вядома, вам сутыкнуцца з тым, што зведала Люда", — сказаў Лукашэнка.
 

Захар Шчарбакоў, БелаПАН