Расіяне адмовіліся ад «бацькі»

Аналітычны цэнтр Юрыя Левады («Левада-Цэнтр») правёў апытанне сярод расіян, каб высветліць іх стаўленне да кіраўнікоў мінулага стагоддзя, ад Мікалая ІІ да Барыса Ельцына. Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў... хто б вы думалі?



biez_caria_v_holovie.jpg

Без цара ў галаве

Не тое каб ашаламляльны сюрпрыз, але я, напрыклад, падумаў не пра таго. Столькі разоў даводзілася чуць пра цягу нашых усходніх суседзяў да «моцнай рукі», разваг пра тое, што рускі народ раб па натуры, якому патрэбны бізун і бот, што падумалася адразу пра Сталіна. І я толькі рады, што памыліўся.


Да змрочнай постаці «важдзя народаў» ставяцца лепей, чым да лібералізатараў бальшавіцкага рэжыму Мікіты Хрушчова і Міхаіла Гарбачова. Як і яго разбуральніка — Барыса Ельцына. Станоўча і «хутчэй станоўча» Сталіна ацанілі 50% апытаных, тады як яны атрымалі сімпатыі 45%, 21% і 22%, адпаведна. Але ж ён саступіў Уладзіміру Леніну (55%) і Леаніду Брэжневу (56%). Мікалай II уплішчыўся паміж Хрушчовым і Сталіным, атрымаўшы 48%. Бясспрэчным фаварытам сённяшняга расійскага грамадства, як ужо можна зразумець, стаў «дарагі Леанід Ілліч».

Аб чым сведчаць гэтыя вынікі?


Па-першае, цалкам відавочна, што пра агульную станоўчую ацэнку савецкай эпохі большасцю расійскіх грамадзян. Але калі раней у такой настальгіі бачылі толькі праяву незадаволенасці існым парадкам рэчаў, цяпер яна можа сведчыць таксама пра высокую ступень унушальнасці. Бо расійская ўлада даволі даўно свядома падсілкоўвае і накіроўвае настальгію па СССР. Уладзімір Пуцін у 2005 годзе назваў распад Савецкага Саюза «найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай стагоддзя» ў сваім пасланні Федэральнаму сходу, прапагандысцкая ж машына запрацавала яшчэ раней. Спачатку на пачуцці настальгіі хітра ігралі, выкарыстоўваючы ў сваіх мэтах, а потым пачалі выпрацоўваць і насаджаць яго.  


Па-другое, пра неразуменне прычынаў крушэння савецкага ладу. Пра дэталі можна спрачацца, шмат хто лічыць, у тым ліку і я, што бальшавіцкая сістэма ад пачатку была заганнай, але нават самыя апантаныя прыхільнікі СССР згодны з тым, што галоўныя міны запаволенага дзеяння былі закладзены пад яго акурат у часы кіравання Леаніда Ілліча. Зрэшты, якога там «запаволенага» — Савецкі Саюз знік з палітычнай мапы ўсяго праз дзесяцігоддзе пасля смерці Брэжнева. Надта ўжо кароткая памяць у расіян, калі яны забыліся, з якім энтузіязмам напачатку былі сустрэты рэфарматарскія ініцыятывы Міхаіла Гарбачова. Ці было б гэта магчымым у выпадку задаволенасці грамадства брэжнеўскім курсам і жаданнем яго працягваць?


Станоўча ацэньваючы гэты перыяд цяпер, яго разглядаюць ізаляваным у часе, нейкім аўтаномным перыядам. І пад такім ракурсам  ён, канешне, можа здавацца блаславёнай выспай стабільнасці. Прынамсі для асобна ўзятага чалавека. Пры Брэжневе мне асабіста, думае рэспандэнт,  было яшчэ нішто сабе, нядрэнна, калі параўноўваць з тым, якая навала спасцігла мяне потым, за Гарбачовым і Ельцыным. А значыць, Брэжнеў лепшы за іх. Гэта цалкам антыгістарычная ацэнка.


Тым не менш, перамога Брэжнева ў спаборніцтве за сімпатыі расіян нясе ў сабе і добрую навіну для тых, хто разумее, што працэсы ў расійскім грамадстве яшчэ доўга будуць мець сур'ёзны ўплыў на нас, і не хацеў бы, каб яны рухаліся ў бок жорсткага аўтарытарызму.


Нягледзячы на тое, што пры Брэжневе адбылася частковая рэабілітацыя сталінскіх часоў, ён сам быў поўным антыподам «вялікага правадыра». Падчас яго кіравання нарадзіўся і ўвайшоў у шырокі ўжытак лозунг «абы не было вайны». Пра яго казалі, што ён «жыў і даваў жыць іншым». У пэўным сэнсе Леанід Ілліч быў большым лібералам, чым Міхаіл Сяргеевіч, калі пад лібералізмам падразумяваць прынцып неўмяшальніцтва. Гарбачоў у ход жыцця актыўна ўмешваўся, спрабаваў яго паскорыць, развярнуць, круціў яго і так і гэтак. Брэжнеў большую частку свайго тэрміна правёў у стылі даоса, які сам нічога не робіць, усё робіцца само сабой. Згодна з вучэннем даасізма, у нашым сусвеце менавіта так усё адбываецца і павінна адбывацца.


Хаця Гарбачова ніхто так, здаецца, не называў, ён прадстаўляў сабой у якасці кіраўніка пэўную разнавіднасць «бацькі». Тую ж самую, што і Хрушчоў. Іншага кшталту, але таксама «бацькам» быў і Андропаў. Адрозненні не маюць вялікага значэння, галоўнае ў бацькоўскім пачатку — імкненне апладніць, потым прыдаць форму, выхаваць, заразіць сваімі ідэямі і бачаннем свету — у іх супадала. Леанід Ілліч стаў першым кіраўніком СССР, хто, так бы мовіць, манкіраваў сваімі бацькоўскімі абавязкамі. Фактычна ён быў кімсьці  кшталту брытанскай каралевы, збольшага рытуальнай фігурай. З яго кпілі, хто па-добраму, хто сярдзіта, але ніхто не ўспрымаў усур'ёз.


Безумоўна, абіраючы Брэжнева, расійскае грамадства абірае сацыяльны пакет і пэўныя гарантыі стабільнасці, але што тычыць асобы кіраўніка, дык «бацька» яму, як высветлілася, не патрэбны. Мы тут самі, маўляў, як-небудзь разбярэмся, вы толькі моцна не перашкаджайце.