Гадавіна Нарыльскага паўстання 1953-га

60 гадоў таму, 25 траўня 1953 года, у Нарыльску, у так званым Горлагу, адбылося самае буйное паўстанне ў гісторыі Гулага.



17norilsk.jpg

Больш 20 гадоў (1935–1956 гг.) на тэрыторыі Таймыра існаваў адзін з найбуйнейшых лагераў Сібіры — Нарыльлаг з дзясяткамі лагаддзяленняў і лагпунктаў, размешчаных у Нарыльску, Дудзінцы, арктычных раёнах і маланаселеных раёнах Краснаярскага краю.

23 чэрвеня 1935 г. у Маскве Саветам Народных Камісараў СССР прынята пастанова «Пра будаўніцтва Нарыльскага нікелевага камбіната», адным з пунктаў якога было: «…будаўніцтва Нарыльскага нікелевага камбіната прызнаць ударным і ўскласці яго на Галоўнае кіраванне лагерамі НКУС, абавязаўшы яго для гэтай мэты арганізаваць адмысловы лагер».
 

Ужо 1 ліпеня 1935 г. у Дудзінку прыбываюць першыя зняволеныя (колькасць зняволеных: ад 1 200 у 1935 г. да больш за 72 тыс. у 1951 г., 67 889 чал — у 1953; потым колькасць пачала змяншацца, і ў 1956 г. у лагеры засталося крыху больш за 13,5 тысячы чал.; агульная колькасць зняволеных, якія адбывалі пакаранне ў Нарыльлаге з 1935 па 1956 гады, — каля 500 тысяч чалавек).
 

Акрамя таго, у 1948 годзе ў Нарыльску быў арганізаваны адмысловы лагер — Горны. Зняволеныя Горлага выконвалі цяжкія фізічныя працы на горнарудных прадпрыемствах Нарыльскага камбіната, земляныя працы на будаўніцтве дарог, меднага і механічнага заводаў і самага Нарыльска. У Нарыльлаге з 1935 па 1956 гады ўтрымлівалася больш тысячы падданых 22 краін свету, прадстаўнікі ўсіх рэспублік і нацыянальных меншасцяў былога Савецкага Саюза.
 

У 1953-м годзе лагерны «кантынгент» Горлага — гэта, галоўным чынам, «палітычныя», асуджаныя па сумна вядомаму 58-у артыкулу. Сярэдні тэрмін пазбаўлення волі — 10–15 гадоў. Працоўны дзень па 10–12 гадзін нават у 40-градусны мароз, і пайка хлеба ў дзень толькі крыху большая за блакадную  ленінградскую. Захворванні і траўмы былі асноўнымі чыннікамі смерці зняволеных. Акрамя таго, любы зняволены мог памерці ад збіцця, укусаў нацкаваных на іх сабак, «няправільнага ўжывання зброі» — усе гэтыя прыёмы ўціхамірвання выкарыстоўвалі афіцэры і салдаты канвойных войскаў. У першыя гады існавання Нарыльлага, з 1935 па 1939 гады, ад знясілення, паралічу сэрца, цынгі, сухотаў памерлі каля 400 зняволеных.
 

Страшным выпрабаваннем быў тэрор «блатных» — крымінальнага элемента, які ў турэмнай сістэме СССР заўсёды знаходзіў падтрымку ў лагернай адміністрацыі.
 

Праз Нарыльлаг прайшло шмат выбітных людзей: Гумілёў Леў Мікалаевіч, гісторык, пісьменнік; Штэйн (Снягоў) Сяргей Аляксандравіч, фізік, пісьменнік; Козыраў Мікалай Аляксандравіч, вядомы астраном, працаваў у Пулкаўскай абсерваторыі; Федароўскі Мікалай Міхайлавіч, адзін з заснавальнікаў Маскоўскай горнай акадэміі, дзе ўзначальваў кафедру мінералогіі (1918–1923 гг.), чалец-карэспандэнт АН СССР (з 1933 г.), заснавальнік і дырэктар Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута мінеральнай сыравіны (з 1923 г.) і шматлікія іншыя.
 

Гэтыя таленавітыя, глыбока прыстойныя людзі, нягледзячы на бесперапынны прыгнёт паднявольнага жыцця, абстаўленыя стукачамі, якія рэгулярна адзначаліся ў камендатуры, якіх кожны мог абразіць і зняважыць, пакінулі светлую памяць пра сябе ў ветэранаў заводу.
 

Паўстанне ў Горлаге стала адказам на расстрэл групы зняволеных. Яно пачалося 25 траўня пасля таго, як сяржант 78-га асобнага атрада Дзятлаў праз зону адкрыў агонь з аўтамата па зняволеных, якія сядзелі на ганку лагернага барака 5-га лагаддзялення. Зняволеныя абвясцілі пра страйк. Іх падтрымалі 4-е і 6-е (жаночае) лагаддзялення. 5 чэрвеня застрайкавалі ўсе аддзяленні Горлага. Зняволеныя Нарыльлага паўсталых горлагаўцаў не падтрымалі.
 

Паўсталыя спынілі працу ва ўсіх лагерных аддзяленнях, над баракамі паднялі чорныя сцягі з чырвонай паласой пасярэдзіне ў знак жалобы па загінулых таварышах і пралітай імі крыві. Яны  адмовіліся выходзіць на працу, запатрабавалі прыезду камісіі з Масквы, перагляду сваіх спраў, 8-гадзіннага працоўнага дня, дазволу на спатканні і перапіску з роднымі.
 

З 5 чэрвеня ў страйку бяруць удзел усе лагаддзяленні Горлага (акрамя 2-га). 6 чэрвеня замест Урадавай камісіі з Масквы прыязджае ведамасная камісія МУС з прадстаўнікамі ЦК КПСС. Пачынаюцца перамовы з прадстаўнікамі страйкавых камітэтаў. Камісія часткова задаволіла патрабаванні зняволеных: зняць нумары з адзежы, дазвол перапіскі і спатканняў. Але паколькі  асноўныя патрабаванні (прыезд Урадавай камісіі, перагляд справаў) выкананы не былі, вырашана было працягваць страйк. Аднак 9 чэрвеня на працу выходзяць зняволеныя 4-га, 5-га і 6-га лагаддзяленняў. Даўжэй усіх трымалася 3-е (катаржнае) аддзяленне. У ноч на 4 жніўня яно было ўзята штурмам: 57 чалавек забіта, 98 паранена. У штурме ўдзельнічалі камуністы і камсамольцы г. Нарыльска. Пры затрыманні жорстка збівалі ўсіх, нават параненых. У ноч на 4 жніўня 1953 году Нарыльскае паўстанне было задушана. Пачаліся арышты, збіванні, допыты, новыя тэрміны.
 

Нарыльскае паўстанне — самае працяглае і масавае ў гісторыі Гулага. З 26 траўня па 4 жніўня 1953 гады хваляванні адбываліся ва ўсіх шасці лагаддзяленнях Нарыльска. Па розных ацэнках за час паўстання загінулі каля 150 зняволеных. Але ўпартасць, самаадданасць і бясстрашнасць удзельнікаў паўстання ўлетку 1953 году не былі марнымі, прынесеныя імі ахвяры не прайшлі  дарма. У Нарыльск прыбыла камісія па пераглядзе спраў палітвязняў.
 

Пасля паўстання ў Горным лагеры ў 1953 году пачынаецца вызваленне зняволеных. 1953 год, знакавы для краіны і Нарыльска, калі пасля смерці Сталіна і жорсткага здушэння Нарыльскага паўстання палітвязняў сістэма Гулага дала глыбокую расколіну. Гэта было пачаткам канца нарыльскіх лагераў. Загадам міністра МУС СССР ад 22 жніўня 1956 года Нарыльскі лагер быў ліквідаваны.
 

Паводле экспертных ацэнак, пачынаючы з кастрычніка 1917 года, ад палітычных рэпрэсій тым ці іншым чынам пацярпелі да 50 мільёнаў грамадзян СССР. Увесь час свайго існавання Савецкі Саюз фактычна быў вялікім лагерам з рознай ступенню рэжымнасці. Лагерам, які зламаў лёсы дзясяткам мільёнам людзей і цэлым народам.
 

Што характэрна — амаль ніхто за гэта не панёс ніякай адказнасці.