Транзіт улады па-туркменску: ад бацькі да сына

У Туркменістане нечакана пачаўся транзіт улады. Прэзідэнт Гурбангулы Бердымухамедаў сабраўся ў адстаўку. Краіну, хутчэй за ўсё, узначаліць яго сын Сердар.

Манумент Аркадаг. Фота Allan Mustard

Манумент Аркадаг. Фота Allan Mustard

Усход справа тонкая. Гэта датычыцца і туркменскага парламентарызму, дзе ў тым ліку ў абавязковым парадку засядаюць старэйшыны. Прыкладна ў сярэдзіне студзеня аксакалаў-дэпутатаў запрасілі на пасяджэнне абедзвюх палат парламента, прызначанае на 11 лютага. Пры гэтым іх упершыню абавязалі скарыстацца парфумай, каб не псаваць паветра ў памяшканні.
Гэта быў толькі пачатак сюрпрызаў. Наступным стаў змест паслання прэзідэнта. Спачатку Аркадаг анансаваў прыняцце новай дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Туркменістана на наступныя 30 гадоў, якую ён даручыў распрацаваць сыну Сердару Бердымухамедаву. А потым раптам заявіў, што прыняў «няпростае рашэнне» (...) даць дарогу маладым.
Экспертная супольнасць асцярожна інтэрпрэтавала гэты крок як намер Аркадага пайсці на пенсію. Так і здарылася. Ужо ў суботу, 12 лютага, туркменскія «ярмошыны» з мясцовага ЦВК паведамілі, што датэрміновыя выбары гаранта адбудуцца 12 сакавіка.
Варыянтаў таго, хто можа стаць пераемнікам Бердымухамедава, няшмат. Асноўным кандыдатам называюць яго 40-гадовага сына Сердара. Ужо некалькі гадоў прэзідэнт актыўна прасоўваў яго па кар'ернай лесвіцы. Для даведкі: нашчадак нарадзіўся 22 верасня 1981 года, ён жанаты і мае чацвярых дзяцей. Па першай адукацыі інжынер-тэхнолаг, некалькі гадоў працаваў у харчовай прамысловасці і нафтагазавым сектары. Потым вучыўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Расіі. Таксама атрымаў ступень магістра па еўрапейскай і міжнароднай бяспецы ў жэнеўскім Цэнтры палітыкі бяспекі.
Пасля вяртання ў родныя Каракумы зрабіў фантастычную кар'еру. Яе асноўныя этапы наступныя: дэпутат, намеснік кіраўніка МЗС, губернатар аднаго з велаятаў (так у Туркменістане называюць вобласці), міністр прамысловасці, віцэ-прэм'ер (ім Сердар працуе і цяпер).
Калі наконт фігуры пераемніка ўсё зразумела, то адказу на пытанне аб прычынах адстаўкі Гурбангулы няма.Афіцыйная версія — неабходнасць амаладжэння кіраўніцтва. «Дарогу да дзяржаўнага кіравання трэба даць маладым кіраўнікам», — заявіў Аркадаг на сесіі парламенту. Акрамя таго, гучаць містычныя матывы. Сваё рашэнне Бердымухамедаў у тым жа выступе патлумачыў тым, што яшчэ два гады таму «дасягнуў узросту прарока» (паводле Карану, прарок Мухамед памёр ва ўзросце 63 гадоў).
Таксама ёсць версія, што гарант мае сур'ёзныя праблемы са здароўем. «Гэта (адстаўка) можа быць звязана з пагаршэннем стану здароўя прэзідэнта або як мінімум з узроставым падзеннем працаздольнасці. Магчыма, кіраўніцтва Туркменістана лічыць, што надалей сітуацыя ў краіне будзе толькі пагаршацца, таму транзіт улады трэба правесці, пакуль сітуацыя застаецца адносна спакойнай», — лічыць адзін з экспертаў.
Аднак гэтыя аргументы трошкі кульгаюць. Дзеючаму прэзідэнту ўсяго 65 гадоў і ён знаходзіцца ў нядрэннай фізічнай форме. На першы погляд, вострай патрэбы ў зыходзе з пасады не назіраецца. Але можа туркменскі ​​транзіт улады змушаны?
Некаторыя дапускаюць, што на такі ход як адстаўка Гурбангулы Бердымухамедава падштурхнулі нядаўнія падзеі ў Казахстане, дзе сарваўся транзіт у тым выглядзе, у якім ён задумваўся Назарбаевым. Напалоханы падзеямі, Бердымухамедаў вырашыў фарсіраваць свой варыянт транзіту. З той розніцай, што дзеля перастрахоўкі прызначыў пераемнікам не блізкага чыноўніка, як Елбасы, а сямейніка. Сам Гурбангулы, хутчэй за ўсё, сыдзе на пазіцыю старшыні верхняй палаты парламента і будзе ў больш паслабленым для сябе рэжыме кіраваць дзяржавай,
Не выключаюць і эканамічны чыннік. Туркменістан адчувае харчовы крызіс, у краіне эпізадычна банальна не хапае хлеба. Не кажучы пра тое, што афганскія талібы паступова ператвараюцца ў вялікую пагрозу. У такіх умовах Аркадаг, магчыма, палічыў за лепшае пакінуць прэзідэнцкую пасаду, пераклаўшы місію разграбаць усе праблемы на плечы пераемніка.
Яшчэ адна інтрыга — ці будзе Сердар кіраваць па канонах бацькі? Іншымі словамі, будаваць персанальную дыктатуру.
Наконт гэтага кансэнсусу няма. Адны ўспамінаюць, што будучы пераемнік адзін час жыў у Швейцарыі і магчыма ўвабраў дух дэмакратыі. Але Кім Чэн Ын таксама жыў у Швейцарыі, — парыруюць песімісты. На іх думку, Сердар будзе ксеракопіяй свайго бацькі. Пішуць, што Бердымухамедаў-малодшы, будучы кіраўніком вобласці, забараніў сустракацца на сваім шляху супрацоўнікам установы (ім наогул было нельга выходзіць з кабінетаў, калі Сердар ішоў па калідорах).
У любым выпадку апошнія падзеі ў Ашхабадзе могуць неяк адгукнуцца і на беларускім палітычным працэсе. Многія нашы каментатары не вераць у перспектыву схемы транзіту ўлады па мадэлі двоеўладдзя, якая прапісана ў новым варыянце Канстытуцыі РБ. У такім разе можа быць запатрабаваны туркменскі досвед.
Акрамя таго, эканамічная сітуацыя ў Туркменістане настолькі не вясёлая, што, на думку многіх аналітыкаў, хуткага ўключэння краіны ў постсавецкія інтэграцыйныя структуры не пазбегнуць. Прычым гэтая інтэграцыя можа выйсці за межы сяброўства ў эканамічных або вайсковых саюзах. Так, Лукашэнка нядаўна выдаў прагноз пра тое, што Туркменістан «з-за эканамічных праблем» увойдзе ў Саюзную дзяржаву Расіі і Беларусі.