Прэзідэнт + віцэ-прэзідэнт = ?

Увесь свет абмяркоўвае ўказ кіраўніка Ільхама Аліева пра прызначэнне сваёй 51-гадовай жонкі Мехрыбан Аліевай першым віцэ-прэзідэнтам Азербайджана. Сваімі думкамі з гэтай нагоды падзяліўся азербайджанскі эколаг Намік Мамедаў.

Фота dni.ru

Фота dni.ru

— Што прымусіла кіраўніка Азербайджана ўвесці сваю жонку ў вышэйшае палітычнае кіраўніцтва?

— Па словах азербайджанскага лідара, першая лэдзі «заслужыла гэта (пасаду віцэ-прэзідэнта) сваёй шматгадовай працай на карысць краіны». Аднак нават афіцыйная прэса лічыць, што новая пасада Мехрыбан — пралог нейкай глабальнай акцыі. Прызначэнне на пасаду першага віцэ-прэзідэнта Мехрыбан Аліевай можа быць абумоўленае хуткім запускам непапулярных эканамічных рэформаў. Для такіх крокаў уладзе патрэбны крэдыт даверу, а Мехрыбан, якая шмат займалася філантропіяй, з’яўляецца ўвасабленнем гэтага даверу. Другая версія — пасля няўдалага дзяржаўнага перавароту ў Турцыі рэгіён уваходзіць у паласу турбулентнасці. Таму трэба загадзя цэментаваць вертыкаль.

— Якія функцыі ў віцэ-прэзідэнта Азербайджана?

— Інстытут віцэ-прэзідэнта з’явіўся ў Азербайджане летась, пасля рэферэндуму аб унясенні адпаведных паправак у Канстытуцыю. Пасада першага віцэ-прэзідэнта да прызначэння Аліевай была вольнай. Збольшага, у віцэ-прэзідэнта функцыі прадстаўнічыя, аднак ён, згодна з Канстытуцыяй, можа замяняць кіраўніка дзяржавы ў выпадку немагчымасці таго выконваць свае паўнамоцтвы. У гэтым плане Мехрыбан-Ханум становіцца вельмі важнай фігурай.

— Жанчына на пасадзе віцэ-прэзідэнта — выглядае вельмі па-еўрапейску. Аднак большасць азербайджанцаў — мусульмане-шыіты. Ці не выклікае прызначэнне жанчыны на такую высокую пасаду нараканняў у соцыуме?

— Якраз наадварот. Некаторыя лічаць, што захоп Аліевым усіх пасадаў выглядае як адыход ад еўрапейскіх каштоўнасцяў, трансфармацыю краіны ў класічны блізкаўсходні нафтавы рэжым. У любым выпадку, негатыўнай рэакцыі на гендэрны аспект прызначэння чакаць не варта. Азербайджанская гісторыя, у тым ліку і найноўшага перыяду, ведае шмат прыкладаў, калі высокія пасады ў дзяржаве займалі жанчыны. У нас да гэтага ставяцца спакойна. Грамадства рэагуе, хутчэй, жартамі. Маўляў, толькі ў нас прэзідэнт можа спаць з віцэ-прэзідэнтам. Жартуюць, што хутка цешча Аліева ўзначаліць дэпартамент Мінабароны.

— Як каментуе гэта прызначэнне апазіцыя?

— Крытыкі Ільхама Аліева абвінавацілі яго ў фармаванні сямейнага ўкладу асабістай улады. Такой думкі трымаецца, напрыклад, галоўная апазіцыйная партыя «Мусават». Паводле яе лідараў, віцэ-прэзідэнцтва Мехрыбан канчаткова замацоўвае прынцып сямейнасці ў сістэме ўлады. Адначасова Аліеву прапануюць адмяніць пастанову, і ўвогуле адмовіцца ад зменаў у Канстытуцыю, па выніках якіх была ўведзена пасада віцэ-прэзідэнта. Прынятыя папраўкі, на думку дысідэнтаў, сур’ёзна парушылі баланс улады. Праўда, апазіцыя вельмі маргінальная, і наўрад ці прымусіць уладу ўспрымаць свае заявы ўсур’ёз.


75fed4c4_175b_4bb2_9f67_fbf2d9a9d9ff_mw1024_n_s.jpg

— Ці здольная новы віцэ-прэзідэнт аўтаномна ад мужа прымаць палітычныя рашэнні? Ці ўласцівыя Мехрыбан уладныя амбіцыі?

— Хаця Мехрыбан — вельмі дынамічная асоба, была апаратчыкам аліеўскай партыі «Новы Азербайджан» і дэпутатам парламента, яе суб’ектнасць у палітычным працэсе вельмі спрэчная. Яе функцыі заўжды былі ў тым, каб надаваць рэжыму адценне чалавечнасці і нармальнасці — яна займаецца выхаваннем сваіх дзяцей, актыўна падтрымлівае спорт і культуру ў межах Фонду Гейдара Аліева.

— Ці паўплывала пастанова Аліева на міжнародны імідж Баку?

— Узлёт Мехрыбан на палітычны алімп прывітала Масква, а вось экс-пасол Злучаных Штатаў у Баку кажа, што гэта яўны трэнд на стварэнне дынастыі. Затое армянская прэса лічыць, што прызначэнне Мехрыбан робіць непазбежным рост канфрантацыі ў Карабаху. Маўляў, цяпер увесь Каўказ будзе лічыць Ільхама «падкаблучнікам». Каб давесці, што ён сапраўдны мужчына, Аліеву давядзецца рабіць нейкія ваяўнічыя крокі. Прызначэнне жонкі першым віцэ-прэзідэнтам краіны выклікала негатыўны водгук у Турцыі, дзе назіраецца паступовая ісламізацыя. Адзін з дэпутатаў партыі Эрдагана заявіў, што прызначэнне было памылкай. Незадаволеная і турэцкая дэмакратычная апазіцыя, якая непакоіцца, што кумаўство Аліевых будзе прыкладам для Эрдагана.

Фота sputnik.az

Фота sputnik.az

— Вядома, што ў Ільхама ёсць сын Гейдар. Кажуць, што менавіта яго рыхтуюць у пераемнікі. Аднак яму каля 20 гадоў. Ці магчымы варыянт, што спачатку прэзідэнтам Азербайджана будзе Мехрыбан-Ханум?

— Адказаць на гэтае пытанне, не будучы сябрам клану Аліевых, немагчыма. Аднак, гледзячы па выніках інтэрнэт-апытанняў, прыкладна 60 працэнтаў грамадзян лічаць, што наступным прэзідэнтам сапраўды будзе Мехрыбан.