40 гадоў без дарагога Ільіча. Брэжнеў у карыкатурах

Роўна 40 гадоў таму пайшоў з жыцця Леанід Брэжнеў, з якім, безумоўна, была звязана цэлая эпоха. Нядзіўна, што нябожчыку было прысвечана маса карыкатур. Як пры жыцці, так і пасля.

1_620.jpg


У Савецкім Саюзе маляваць карыкатуры на генсека КПСС было забаронена пад страхам крымінальнага артыкула. Выяўляць Брэжнева дазвалялася асобным мастакам і толькі для агітацыйных плакатаў. На тых плакатах лідар выглядаў вельмі пафасна.
Затое на Захадзе ніякіх межаў наконт выяўлення савецкіх палітыкаў не існавала. Таму тут генсека малявалі ў самых незвычайных выглядах. Так, на адной з карыкатур канца 60-х Брэжнеў намаляваны ў выглядзе жанчыны, з якой намагаецца фліртаваць тагачасны амерыканскі дзяржсакратар Генры Кісінджэр.

2_573.jpg

Трэба сказаць, што да інтэрвенцыі ў Афганістан у 1979-м Брэжнеў у заходняй карыкатуры выглядаў часам нават вельмі сімпатычна. Асабліва ў той час, калі Белым домам кіраваў Рычард Ніксан. Палітыкаў выяўлялі як заўзятых сяброў.

3_512.jpg

Уварванне ў Афганістан і разгром польскага незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» стала пераломам у ацэнках лідара СССР прадстаўнікамі заходняй грамадскасці. З пачатку 80-х Брэжнеў у заходняй карыкатуры пачаў стала выглядаць як жорсткі ваенны дыктатар, які душыць любую спробу пратэсту. Праўда, былі і выключэнні. Напрыклад, нейкі мастак выявіў кіраўніка СССР у выглядзе мядзведзя, які намагаецца спыніць палякаў з «Салідарнасці».

4_476.jpg


На гэты час Леанід Ільіч быў ужо досыць стары, што і адзначыла замежная графіка.

5_442.jpg


Тым не менш смерць генсека 10 лістапада 1982 года ўзрушыла многіх. І, дарэчы, фактам сваёй смерці палітык таксама паставіў складаную задачу перад сатырычнымі часопісамі і газетамі СССР. Справа ў тым, што ўсе СМІ краіны абавязалі апублікаваць некралог пра Брэжнева на вокладцы ці на першай старонцы. Але што рабіць сатырыкам? Рэдакцыя часопіса «Крокодил» знайшла даволі арыгінальнае выйсце.

6_325.jpg

Трэба прызнаць, што і пасля смерці Брэжнеў застаўся героем карыкатур. Пры гэтым адбыўся адыход ад шаблонаў. Напрыклад, успомнілі пра тое, як Брэжнеў намагаўся цалаваць палітыкаў падчас урачыстых цырымоній. Любоў правадыра да пацалункаў натхніла аднаго з мастакоў намаляваць на берлінскай сцяне славутае графіці.

7_229.jpg

Перабудова зняла табу з тэмы Брэжнева таксама і для савецкіх мастакоў. У гэты час было вельмі модна смяяцца са шматлікіх узнагарод, якімі любіў сам сябе ўзнагароджваць нябожчык.

8_151.png


А з улікам таго, што ў гэты час сярод моладзі была папулярная субкультура «металістаў» з іх арыгінальным гардэробам, тэма захаплення Брэжнева цацкамі-ўзнагародамі зайграла новымі фарбамі.

9_122.jpg


Апошні раз мастакі шмат успаміналі пра Брэжнева ў 2017-м, калі пайшоў 19-ты год знаходжання ва ўладзе Уладзіміра Пуціна. Факт сімвалічны, ключавы. Атрымліваецца, што сённяшні кіраўнік Расіі абскакаў Леаніда Брэжнева, які 18 гадоў узначальваў краіну, з 1964 па 1982 гады. Нядзіўна, што многія тады малявалі Пуціна як пастарэлага Брэжнева.

10_106.jpg


Сёння асацыяцый Пуцін-Брэжнеў яшчэ больш з-за таго, што вайна ва Украіне шмат каму нагадвае афганскую авантуру, якая паскорыла калапс СССР. Адсюль папулярная версія пра магчымы крах рэжыму ў Расіі. Бліжэйшы час пакажа, наколькі дакладны гэты прагноз.