Хронікі рэпрэсій за 22 траўня: пачаўся суд на Эдуардам Бабарыкам, Уладзімір Гундар аглух у калоніі
Сённяшні дзень «багаты» на навіны пра затрыманні і суды. Затрымліваюць нават непаўнагадовых.
***
Сёння, 22 траўня, праз тры гады пасля затрымання пачалі судзіць сына былога кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і каардынатара яго перадвыбарчага штаба Эдуарда Бабарыку.
Дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што Эдуард Бабарыка нібыта аказваў садзейнічанне Сяргею Ціханоўскаму ў «арганізацыі масавых беспарадкаў».
Паводле абвінавачання, Ціханоўскі і іншыя асобы, знаходзячыся, у прыватнасці, у Гомелі і Мінску, у 2019-2020 гадах «з мэтай павелічэння колькасці асоб, гатовых удзельнічаць у пратэстах, росту сацыяльнай напружанасці, дыскрэдытацыі дзяржорганаў, нарошчвання антыдзяржаўных настрояў праз Інтэрнэт распаўсюджвалі матэрыялы дэструктыўнага характару». Пры гэтым нібыта выкарыстоўвалася дапамога паліттэхнолагаў, псеўдаабаронцаў.
Сцвярджаецца, што Бабарыка з дапамогай платформ «Улей» і «Мола-Мола» арганізаваў размяшчэнне адпаведных «дэструктыўных праектаў» з названай інфармацыяй і збор з нявызначанага кола асоб сродкаў «у падтрымку ўдзельнікаў масавых беспарадкаў».
Таксама Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць і па іншых артыкулах.
Палітвязень пасля абвяшчэння яму абвінавачання не прызнаў віну ў прад'яўленых яму «злачынствах»:
«Я не здзяйсняў аніводнага злачынства, у якіх мяне абвінавачваюць. Следствам не было здабыта аніводнага доказу маёй віны», — заявіў ён у судзе.
***
Як стала вядома праваабаронцам, пасля аперацыі Марыя Калеснікава ўсё яшчэ мае праблемы са здароўем у жаночай ВК-4 у Гомелі, таму яна не працуе. Каля месяца таму на пастраенні яе давялося нават выводзіць пад рукі.
Апошнім часам Калеснікава ўтрымліваецца ў адзіночнай камеры. Да гэтага яе рэгулярна адпраўлялі ў ШІЗА.
Разам з тым, Марыя не губляе прысутнасці духу і нават працягвае рэгулярна карыстацца чырвонай памадай, якая стала сімвалам нязломнасці і аптымізму Калеснікавай.
***
Палітзняволены Уладзімір Гундар стаў дрэнна чуць у апошні дзень 7-дзённага знаходжання ў карцары. Пасля выхаду адтуль палітвязня пачало ліхаманіць у камеры, яму было вельмі холадна, балелі галава і вушы, ён перастаў чуць сукамернікаў і зразумеў, што аглух канчаткова.
Выкліканы лекар даў Гундару цытрамон і ібупрафен, абяцаў выклікаць ЛОРа. Аднак дагэтуль невядома, ці наведаў палітвязня спецыяліст.
Пакаранне карцарам яму было вынесена яшчэ ў першы дзень красавіка за «не так пакладзеную на шконку падушку». Але цягам месяца яго туды не адпраўлялі праз адсутнасць вольнага месца.
Палітвязень Уладзімір Гундар асуджаны на 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па 4 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Разгляд апеляцыйнай скаргі па апошнім прысудзе адбудзецца 6 чэрвеня.
***
Стала вядома пра затрыманні ў Магілёве дваіх мужчын. За кратамі апынуліся 40-гадовы Яўген Холадаў і 35-гадовы Аляксей Кандурцаў.
З відэа на праўладных рэсурсах вынікае, што мужчын затрымалі нібыта за распаўсюд «экстрэмізму» ў сацыяльных сетках і за «абразы Лукашэнкі».
***
З моманту затрымання былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў і кіраўніцы «Таварыства беларускай мовы» Алены Анісім мінула пяць дзён, але пра яе лёс нічога не вядома. Анісім схапілі 17 траўня на працы. У чым яе вінавацяць, таксама не паведамляецца.
***
Непаўналетняга жыхара Касцюковічаў разам з яго двума дарослымі таварышамі затрымалі і абвінавачваюць у тым, што яны «распаўсюджвалі ілжывыя экстрэмісцкія матэрыялы аб уцягванні Рэспублікі Беларусь у спецыяльную ваенную аперацыю, якая праводзіцца Расійскай Федэрацыяй на тэрыторыі Украіны», — паведамілі ў СК. Таксама адзін з іх «заклікаў да ўжывання гвалту ў дачыненні да братэрскага народа».
«Яны заклікалі астатніх членаў закрытай суполкі ў Тэлеграме нападаць на супрацоўнікаў міліцыі і забіраць у іх зброю, спыняць ваенную тэхніку. Акрамя гэтага, у гэтай жа закрытай суполцы хлопец і яго саўдзельнікі актыўна размяшчалі паведамленні і каментары пра вядзенне дзейнасці тэрарыстычнай накіраванасці, у тым ліку па разбурэнні і пашкоджанні шляхоў чыгуначных і іншых зносін, прымяненні зброі і запальнай сумесі пад назвай „кактэйль Молатава“, а таксама іншую дэструктыўную інфармацыю», — заявілі ў СК.
***
Як стала вядома праваабаронцам, у судзе Мазырскага раёна 5 мая адбыўся працэс па замене пакарання дырэктару студыі вэб-дызайну «Іквадарт» Глебу Койпішу. Палітвязню ўзмоцнілі пакаранне: з «хіміі» яго адправілі ў калонію.
9 снежня 2021 года Койпіша прысудзілі да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. 14 сакавіка 2022 года ён пачаў адбываць пакаранне ў Мазырскай ПУАТ № 21.
***
Сілавікі затрымалі супрацоўніка аптовай кампаніі Мікалая Мельніка. Невядома, калі дакладна затрымалі мужчыну, але з усіх сацсетак ён знік трое сутак таму. Акрамя традыцыйнага «ўдзелу ў пратэстах», яму закідаюць каментаванне ў Тэлеграм-каналах. Найперш гэта каментары з асуджэннем расійскай вайны ва Украіне і дзеянняў расійскіх вайскоўцаў.
***
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне 22 траўня ў Оршы жыхара Мінска Канстанціна Баяндзіна.
Верагодна, ён вяртаўся ў Масквы, дзе мае працу. Пра мужчыну вядома, што ён скончыў журфак БДУ, быў пераможцам конкурсу «Містар-журфак» і атрымліваў званне «Студэнт года БДУ».
Паводле Orsha.eu, Канстанцін супрацоўнічаў з камандай аднаго з найпапулярнейшых блогераў Беларусі, уладальніка плацінавай кнопкі YouTube Улада Бумагі. Затрымалі Баяндзіна пасля праверкі тэлефона, але што менавіта там знайшлі — пакуль невядома. Таксама невядома, якую справу завялі на шоумэна — адміністрацыйную ці крымінальную.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1525 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1789 чалавек. Сярод іх — 206 жанчын і 7 непаўнагадовых. 16 чалавек былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.