Кіраўніка гродзенскай студыі «Іквадарт» Глеба Койпіша з «хіміі» перавялі ў калонію
Глеба Койпіша, дырэктара студыі вэб-дызайну «Іквадарт», перавялі ў калонію — праз суд яму змянілі меру стрымання.
Суд па замене абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу дырэктару студыі вэб-дызайну «Іквадарт» над Глебам Койпішам адбыўся ў судзе Мазырскага раёна 5 траўня.
Справу дызайнера Глеба Койпіша разглядаў старшыня суда Анатоль Стрэльчанка. Пасля працэсу сувязь з палітвязнем знікла. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Глебу ўзмацнілі пакаранне, а яго перавялі ў следчы ізалятар.
Глебу Койпішу — 37 гадоў, ён разам з жонкай выхоўвае двух дзяцей. Глеб займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, беларускамоўны. Ягоная студыя «Іквадарт» працавала з 2004 года і ажыццявіла шмат дабрачынных праектаў — у прыватнасці, студыя дапамагла стварэнню сайта Фонду Паўла Шарамета.
Глеб Койпіш аказаўся разам з многімі жыхарамі Гродна, якія выйшлі вечарам на мірнае шэсце ў знак нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.
Дызайнер быў затрыманы 10 жніўня 2020 года. Яго моцна збілі сілавікі — яго забрала хуткая дапамога. У прыватнасці, сілавікі тады нанеслі Глебу Койпішу ўдар па галаве, затым ён паспрабаваў левай рукой прыкрыць галаву, у сувязі з чым другі ўдар прыйшоўся на палец, які зламаўся. Трэці ўдар прыйшоўся ў левую лапатачную частку пляча. Пасля ўдараў у затрыманага была рассечаная галава, мужчына ўвайшоў у памяшканне крамы, дзе прадавец дала яму вільготную паперу, каб выцерці кроў, хтосьці з мінакоў дапамог зрабіць перавязку.
Пасля гэтага Койпіша забрала хуткая дапамога, якая даставіла яго ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. У бальніцы мужчыну апытаў следчы па абставінах нанясення цялесных пашкоджанняў.
Вінаватых ў збіцці следчыя не знайшлі.
Праз год пасля гэтага — 25 жніўня 2021-га — Глеб быў затрыманы ў Гродне. Дома ў яго, а таксама ў студыі былі праведзены ператрусы. Да суда Койпіш утрымліваўся пад вартай у гродзенскай турме №1.
Глеба Койпіша абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным ўдзеле у іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
9 снежня 2021 года яму быў вынесены прысуд: два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Койпіша адпусцілі з-пад варты да часу накіравання на адбыццё пакарання.
Падчас першага суда над Глебам дзяржаўны абвінаваўца распытаў яго пра збіццё пры затрыманні і ўдакладніў, ці атрымліваў абвінавачаны адказ са Следчага камітэта па факце нанясення ўдараў па галаве і спіне. Койпіш адказаў, што атрымаў пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. І дадаў, што са СМІ яму было вядома: ні адна заява ў СК аб гвалце не была разгледжана станоўча для заяўнікаў па ўсёй краіне.
14 сакавіка 2022 Глеб пачаў адбываць пакаранне ў мазырскай ПУАТ № 21.
28 кастрычніка 2022 года МУС уключыў палітзняволенага ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
13 чэрвеня 2023-га ў палітвязня адбудзецца апеляцыйны суд наконт прысуду пра змену меры стрымання. Да гэтага яго можна падтрымаць грашовымі пераводамі і пасылкамі.