Ціханоўская ў NATO выклала план выхаду Беларусі з-пад расійскага ўплыву

Святлана Ціханоўская знаходзілася ў Люксембургу, дзе выступіла на Парламенцкай асамблеі НАТА перад прадстаўнікамі больш чым 40 краінаў. Што яна ім сказала, і ці збаўленыя мы будзем?

nata_3.jpeg

Ціханоўская распавяла пра беларускіх палітвязняў: «Нам вядомыя імёны паўтары тысячы палітычных зняволеных, пералік усіх мог бы заняць цэлую гадзіну. Насамрэч жа іх утрая больш». Яна нагадала пра сітуацыю з Віктарам Бабарыкам і ўсімі, з кім няма сувязі. І заклікала дэпутатаў падтрымліваць беларускіх палітвязняў.
Беларуская лідарка нагадала пра сувязь Беларусі і Украіны і неабходнасць падтрымліваць беларускіх добраахвотнікаў: «Для беларускіх падраздзелаў, што змагаюцца за Украіну, вельмі важная падтрымка. Пастаўка ім несмяротнага рыштунку была б не проста сімвалічным жэстам, але і практычнай дапамогай Украіне».
Падчас выступу Ціханоўская распавяла пра пяцікрокавы план вываду Беларусі з-пад залежнасці Расіі. Ён прадугледжвае выхад Беларусі з Саюзнай дзяржавы, АДКБ і супрацу з еўрапейскімі структурамі і міжнароднымі арганізацыямі. Яна выказала надзею, што Беларусь будзе надзейным партнёрам Еўрасаюза і краінаў НАТА.
Перадаем выступ Святланы Ціханоўскай са скаротамі:
«Нельга дапусціць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь — частка праблемы, але яна таксама павінна быць часткай вырашэння.
Дарагія сябры,
На мінулым тыдні я выступала ў Ахене на публічным мерапрыемстве пасля цырымоніі ўручэння прэміі Карла Вялікага, якая год таму дасталася Беларусі. У гэтым годзе прэмію ўручылі народу Украіны і прэзідэнту Зяленскаму. У сваім выступе я запэўніла прэзідэнта Зяленскага, што беларусы падтрымліваюць Украіну.
Я веру, што абедзве нашыя краіны заслугоўваюць мірнай, дэмакратычнай і еўрапейскай будучыні. Я веру, што Беларусь вырвецца з расійскіх кляшчоў, правядзе ўсе неабходныя рэформы і стане надзейным суседам і партнёрам для альянсу НАТА.
Разам з дэмакратычнымі сіламі Беларусі мы распрацавалі план з пяці крокаў. Я прашу вас падтрымаць іх.
Па-першае, Беларусь павінна выйсці з Саюзнай дзяржавы з Расіяй. Пераход ад дыктатуры да дэмакратыі немагчымы, пакуль Беларусь прыкутая да Масквы.
Па-другое, Беларусь павінна выйсці з Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і двухбаковага ваеннага саюза з Расіяй. Мы не павінны быць у ваенным саюзе з агрэсарам. Кожны расійскі салдат павінен неадкладна пакінуць Беларусь. Незаконная ваенная прысутнасць Расіі ў Беларусі з'яўляецца пагрозай не толькі для нашай краіны, але і для іншых дзяржаваў. Усе пагадненні паміж рэжымам Лукашэнкі і Расіяй павінны быць прызнаныя несапраўднымі або перагледжаныя. Замест гэтага Беларусь будзе выконваць свае абавязальніцтвы па міжнародным праве.
Па-трэцяе, Беларусь павінна нармалізаваць адносіны з іншымі сваімі суседзямі і пачаць шырокае рэгіянальнае супрацоўніцтва, асабліва з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі. Мы пачнем супрацоўніцтва ў палітычнай, сацыяльнай, культурнай, эканамічнай сферах, у галіне рэгіянальнай бяспекі і знешняй палітыкі.
Па-чацвёртае, Беларусь будзе працаваць над пашырэннем супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытутамі і краінамі-чальцамі ЕС. Беларусь павінна ўступіць у Раду Еўропы і распрацаваць доўгатэрміновую стратэгію супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Таму што Беларусь — гэта Еўропа. Мы будзем праводзіць усе рэформы, абапіраючыся на найлепшы еўрапейскі досвед.
Па-пятае, дэмакратычная Беларусь стане надзейным і адказным міжнародным партнёрам. Мы прымем новую Канстытуцыю, якая не дазволіць новаму тыранічнаму рэжыму ўзнікнуць у Беларусі, і пабудуем дэмакратычныя інстытуты, каб выключыць злоўжыванне ўладай.
Беларусь — краіна з еўрапейскім мінулым і еўрапейскай будучыняй. Я бачу Беларусь партнёрам НАТА і іншых арганізацый, якія абараняюць бяспеку і мірнае супрацоўніцтва на нашым кантыненце.
Параза Расіі ў гэтай вайне дасць нам гістарычную магчымасць вярнуцца ў еўрапейскую сям'ю народаў. Я ўпэўненая, што на гэты раз беларусы скарыстаюцца сваім шанцам.
Дзякуй».