Польскі генерал: У Беларусі будзе паўстанне, і Польшчы трэба да яго падрыхтавацца
«Давайце падрыхтуемся да паўстання ў Беларусі, таму што яно адбудзецца», — сказаў у праграме «Госць падзей» генерал Вальдэмар Скрыпчак, былы камандуючы сухапутнымі войскамі Рэчы Паспалітай. Па яго меркаванні, Польшчы трэба быць гатовай падтрымаць тых, хто будзе весці аперацыю супраць Лукашэнкі.
Генерал Вальдэмар Скрыпчак распавёў у праграме «Госць падзей» у Polsat News пра апошнія падзеі ў Белгарадскай вобласці, дзе расійскія найміты, якія ваявалі ва Украіне, правялі дыверсійную акцыю.
«Не ўсе расійцы згодныя з палітыкай Пуціна»
Па словах генерала, гэтыя дзеянні не маюць стратэгічнага значэння, але маюць іншую мэту.
— Гэта дзеянні расійцаў, якія з'яўляюцца праціўнікамі рэжыму Пуціна і яго самога. Іх задача — дэстабілізаваць расійскую адміністрацыю ў гэтай галіне. Гэта паказвае, што не ўсе расійцы згодныя з палітыкай пуцінскага рэжыму. Прыйшоў час расійскаму народу, прынамсі часткова, адмовіць падпарадкаванне Пуціну.
Я б не стаў звязваць гэта з чаканым украінскім контрнаступленнем, але я бачу ў гэтых дзеяннях такі сігнал, які, спадзяюся, распаўсюдзіцца шырэй.
«Рыхтуемся да паўстання ў Беларусі»
Паводле яго, падобныя акцыі могуць адбыцца і на тэрыторыі Беларусі.
— Калі ўкраінскае контрнаступленне будзе паспяховым, то тыя ўзброеныя беларусы, якія складаюць частку вайсковага патэнцыялу ўкраінскага войска, не складуць зброю. Яны адправяцца ў Беларусь. Я спадзяюся, што гэта выкліча паўстанне ў Беларусі, гэтага Лукашэнка баіцца.
Давайце рыхтавацца да паўстання ў Беларусі, бо гэта адбудзецца. Мы не павінны спаць у гэты момант. Трэба быць гатовым падтрымаць тыя атрады, якія будуць весці аперацыю супраць Лукашэнкі. У нас ёсць прычыны дапамагаць ім, як мы дапамагаем украінцам.
Паводле яго слоў, «беларускі народ іх падтрымае і з энтузіязмам пойдзе супраць Лукашэнкі».
— У яго ўжо няма такога вайсковага патэнцыялу, каб прадухіліць такое паўстанне. Расія яму мала дапаможа, бо ў яе будуць свае праблемы, — дадаў ён.
«Украінскае контрнаступленне павінна пачацца з хвіліны на хвіліну»
У другой частцы размовы была закранутая тэма сітуацыі ва Украіне. Па словах Скрыпчака, Украіна дасягнула гатоўнасці да контрнаступлення.
Пра гэта сведчыць той факт, што ва Украіну паступае тэхніка, якая павялічвае магчымасці ўкраінскай арміі ў дзвюх абласцях. Па-першае, здольнасць да глыбокіх удараў: сродкі, якімі будуць размяшчаць украінцы, дазволяць ім знішчаць, выводзіць з ладу і паралізаваць дзеянні расійскай арміі, якія знаходзяцца на ўсход ад ракі Дон, сказаў ён.
Па-другое, самалёты F-16. «Умовай для правядзення наземнага контрнаступлення з'яўляецца падтрымка з паветра», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, украінскія пілоты ўжо даўно навучаюцца на гэтых машынах.
— Звярніце ўвагу на адну рэч. Усё, што адбываецца з пастаўкамі абсталявання для Украіны, на некаторы час застаецца загадкай, пасля чаго мы даведаемся, што гэта ўжо на Украіне, — адзначыў генерал.
Паводле яго слоў, украінскае контрнаступленне павінна завяршыцца за некалькі тыдняў да саміту NATO у Вільні, які запланаваны на ліпень.
— Гэта значыць, што яна павінна пачацца з хвіліны на хвіліну, таму што ўкраінцам патрэбны поспех, яго ўсе чакаюць.
Пераклад «НЧ»