«Не лезь, бо заб’е». Белгарадскі кейс для Беларусі

Прайшлі амаль трое сутак, як расійскія добраахвотнікі з «Рускага добраахвотніцкага корпуса» і легіёна «Свабода Расіі», якія ваююць на баку Украіны, перасеклі расійскую мяжу і захапілі шэраг населеных пунктаў. Колькі часу расійскія добраахвотнікі пратрымаюцца ў Белгародскай вобласці, залежыць у тым ліку і ад падтрымкі Узброеных сіл Украіны.

18991034ac2a5ef49d628aeea3c4fff6.jpg


Цікава іншае: захоп часткі тэрыторыі Белгарадскай вобласці адбыўся напярэдадні візіту Лукашэнкі ў Маскву 24-25 траўня. Які ўрок далі афіцыйнаму Мінску гэтыя падзеі?
Эксперт Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч на сваім Youtube-канале разважае пра наступствы гэта кроку.
— Адна справа, калі Украіна ваюе на сваёй тэрыторыі, то цяпер, пасля такога заходу — а гэта заход з захапленнем населеных пунктаў, не проста рэйд — атрымліваецца цікавая сітуацыя. Расія вымушана кінуць пэўную колькасць сілаў на прыкрыццё мяжы з Украінай — а гэта вялікая працягласць… Гэта новая ўводная для працягу вайны, — лічыць ён.
Як можа паводзіць сябе Расія ў такой надзвычайнай сітуацыі?
— Тэарэтычна Расія можа апеляваць да статута Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Але, па-першае, у Белгарадскую вобласць зайшлі расійскія добраахвотніцкія фарміраванні, а па-другое, сітуацыя сёння і год таму адрозніваецца. Для Крамля апеляваць да АДКБ не тое, што сябе не паважаць, гэта вельмі небяспечна з палітычнага пункту гледжання. Арменія ўпісвацца ў вайну супраць Украіны не будзе, Казахстан адназначна не будзе, астатнія краіны Цэнтральнай Азіі — таксама. На форуме краін Цэнтральнай Азіі ў Пекіне падпісаны вялікі дакумент, у якім, сярод іншага, ішла гаворка пра фармаванне ўласнай сістэмы бяспекі. Гэта азначае, што АДКБ застаецца мёртвым дэ-факта, там ёсць толькі адна Беларусь з Аляксандрам Лукашэнкам, — кажа аналітык.
Спецаперацыя ў Белгарадскай вобласці адбылася напярэдадні паездкі Лукашэнкі ў Маскву 24—25 траўня.
— Выкручваць рукі, каб афіцыйны Мінск прыняў больш актыўны ўдзел супраць Украіны. Пытанне ў іншым: ці будзе ён у стане і ці не прыляціць адказ ад Узброеных сіл Украіны на тэрыторыю Беларусі? Калі беларускі рэжым будзе дэстабілізаваны, то Расія вымушана будзе траціць дадатковыя рэсурсы — вайсковыя, сілавыя — на стабілізацыю сітуацыі, — мяркуе Ігар Тышкевіч.
У Беларусі «па-геройску праводзяць вучэнні», днямі ў Мазыры тэрытарыяльная абарона страляла з сапага — не патрапілі нават па нерухомай мішэні, а пад Гомелем расстаўляюць супрацьтанкавыя перашкоды, так званыя «зубы дракона».
— Для Лукашэнкі сітуацыя склалася кепская: абодва рашэнні дрэнныя. Лукашэнка ляціць да Пуціна, дзе зойдзе размова пра больш актыўны ўдзел у вайне, дапамогу РФ. На думку афіцыйнага Мінска, Расія пакуль што мае рэсурсы, каб умяшацца ў сітуацыю ў Беларусі, таму адскок немагчымы. Залазіць больш глыбока ў вайну ва Украіне? Але які ўрок паднесла Беларусі аперацыя ў Белгарадзе? Україна пастаянна шле Лукашэнку вельмі просты сігнал: не лезь, бо заб’е. У Мінску сігнал зразумелі. Пакуль з Беларусі не ляцяць ракеты, пакуль там адносна невялікая колькасць расійскіх салдат, якія не ўяўляюць пагрозы ўварвання, датуль украінцы глядзяць спакойна. У прынцыпе ёсць маўклівая згода: вы нас не атакуеце, мы вас не атакуем. Але калі зноў папруць, то прылятаць будзе. Пакуль гэта маўклівая згода ёсць, наўрад ці будзе дадзена згода палку Каліноўскага ці іншым беларускім фармаванням паўтарыць белгарадскі марш. Але калі Лукашэнка паддасца на ўмовы Расіі, будзе кепска: белгарадскі марш можа паўтарыцца. Без парушэння сённяшняга рэжыму суіснавання Мінска і Кіева, то-бок калі Мінск не палезе глыбей у Расію, адносна спакойна могуць спаць і таварыш Лукашэнка, і яго атачэнне.
А што пасля, калі не паспееш адскочыць?
—Тут пачынае дзейнічаць страх перад колькасцю беларускіх добраахвотнікаў: калі паскрэсці па сусеках, то іх у некалькі разоў болей, чым расейцаў, ваюе на баку Украіны. А другое — Беларусь усё яшчэ знаходзіцца ў стане палітычнага крызісу, і як адрэагуюць мясцовыя жыхары на падобны заход беларускіх добраахвотнікаў — невядома, — адзначыў эксперт.
Ігар Тышкевіч зрабіў некалькі далёкасяжных высноў з сітуацыі.
Расійскі фактар змяняецца: Расія абаронца знікае, Расія як той, хто мусіць прымусіць да паслухмянасці, — гэты фактар таксама змяншаецца.
Пры любых спробах трансфармацыі сістэмы ўлады ў будучыні групы, якія маюць сілавы рэсурс, акажуцца ў сістэме, іх роля будзе ўзрастаць. Беларусы са зброяй у руках становяцца палітычным суб’ектам, але яны пакуль не дараслі да неабходнасці фармавання дадатковай інфраструктуры — ці самастойна, ці з партнёрамі, якая стала б палітычнай. Напрыклад, Ірландская рэспубліканская армія.