«Беларусь будзе існаваць. Пытанне ў тым, як шмат часу пойдзе, каб прарвацца на свабоду»

Медыяменеджар Дзмітрый Навоша, завочна прысуджаны беларускім судом да 12 гадоў пазбаўлення волі, паразважаў пра вызваленне палітвязняў, якое немінуча адбудзецца, пра тое, што такое «рэжым», і пра 2020 год, які, на яго думку, выратаваў Беларусь ад знікнення.

1645767347_5_damion_club_p_zhive_belarus_art_art_6.jpg


— Занадта шмат часу прайшло, каб мець ілюзіі наконт таго, што нейкі размен палітвязнямі можа быць, — са шкадаваннем канстатуе Навоша ў эфіры «Е*рарадыё». — Гэта можа быць магчымым у дачыненні да невялікай колькасці людзей, якіх рэжым не баіцца.

Але, вядома ж, ён працягвае баяцца і Віктара Бабарыку, і Машу Калеснікаву, і Мікалая Статкевіча, і Паўла Севярынца, і Анджэя Пачобута, і Марыну Золатаву — наогул любога з журналістаў і многіх-многіх іншых.

Пытанне вызвалення палітвязняў, на думку Навошы, пачне вырашацца толькі пасля сыходу Лукашэнкі, прычым незалежна ад таго, хто прыйдзе яму на змену.

— Цяпер, у перыяд знікнення Лукашэнкі, мы пачулі пра розныя сцэнары, магчымыя пасля яго — альбо нас чакае нейкая вайсковая хунта, альбо наўпроставая акупацыя Расіі. Але гэта ўсё роўна будзе пачаткам канца дыктатуры. Гэта ўсё роўна будзе ствараць магчымасці для перамен.

Думаю, любы яго зменшчык, нават спрабуючы захаваць дыктатуру, проста па законе палітычнага квача паспрабуе нейкі іншы стыль узаемадзеяння.

Хрушчоў не быў ні лібералам, ні вялікім аматарам грамадзянскіх правоў і свабод. Але пры ім мільёны людзей выйшлі з турмаў, проста таму, што нават ім усім была зразумела тупіковасць таталітарнага рэжыму ў тым выглядзе, у якім яго пабудаваў Сталін.

Тое ж самае ўсведамляюць і паплечнікі Лукашэнкі, — кажа медыяменеджар.


Сярод самых складаных пытанняў часу ён называе матывацыю людзей, якія працягваюць служыць рэжыму.

— Зразумела, за што змагаўся Лукашэнка. У яго выбар — валодаць цэлай краінай у Еўропе або пайсці пад суд. Але дзеля чаго працягвае сябе закопваць пераважная большасць чыноўнікаў, сілавікоў, тых жа настаўнікаў, якія фальсіфікавалі выбары?

Дзіўна, што так шмат людзей унутры гэтай сістэмы навесілі на сябе цяжкія крымінальныя злачынствы, у якіх няма тэрміну даўніны. І для іх гаворка ўжо не будзе ісці проста пра люстрацыю. І феномен у тым, што людзі на гэта пайшлі, не маючы ўвогуле ніякага стымулу, нават матэрыяльнага.

Яны не сталі мільярдэрамі, як пуцінскае асяроддзе, не атрымалі нейкага ўзрушальнага кар'ернага росту. Яны не вельмі добра жывуць нават цяпер, бо ў іх падаюць рэальныя заробкі, калі зрабіць папраўку на інфляцыю.

Яны пазбаўляюцца розных магчымасцей. Яны не могуць выехаць у большасць краін, а ў дачыненні да многіх наогул прыняты драконаўскія законы са смяротным пакараннем.

У мяне гэта не ўкладваецца ў галаве. Магчыма, тлумачэнне ў тым, што частка гэтых людзей проста вырасла пры Лукашэнку, яны не бачылі ніякага іншага жыцця без яго, не разумеюць, што такое жыццё існуе, думаюць, што яго прыдумалі нейкія змагары.

Яны самі сябе прышпілілі да гэтага састарэлага дыктатара і, напэўна, іх пужае сама думка пра тое, што ён калісьці можа знікнуць.

Але пытанне для мяне застаецца: навошта людзі сапсавалі сабе жыццё і працягваюць гэта рабіць? Па сутнасці, яны ператвораны ў прыгонных іх жа ўласнымі рукамі!

У гэтым сэнсе тая няёмкая паўза, якая павісла, калі Лукашэнка захварэў і знік, можа, пасяліла нейкую думку пра жыццё пасля Лукашэнкі ў галовах гэтых суддзяў, чыноўнікаў, сілавікоў і астатніх.

Раптам хоць нехта ўсвядоміў, што перад кожным з іх стаіць вялікая задача: а як я змагу ўвайсці ў тое жыццё, якое будзе пасля Лукашэнкі? Ці магу я нешта зрабіць, каб сказаць потым, што рабіў не толькі дрэннае? — разважае Навоша.

Пра будучыню Беларусі ён гаворыць з асцярожным аптымізмам.

— З майго пункту гледжання, калі б не 2020 год, то адыход Беларусі да Расіі ў выпадку нейкай сумятні быў бы амаль гарантаваным.

І Захад сапраўды мог вырашыць, што наша краіна — гэта сфера расійскага ўплыву, што ў нас занадта мала людзей, якія гэтаму неяк супраціўляюцца, і наогул незразумела, існуюць беларусы ці яны ўжо перавараны імперыяй, як якія-небудзь чувашы ці народы Крайняй Поўначы?

Але пасля 2020 года я перакананы, што Беларусь будзе існаваць як незалежная дзяржава. Пытанне ў тым, як шмат часу пойдзе на тое, каб прарвацца на свабоду, колькі жыццяў з сабой забярэ Лукашэнка і колькі людзі нашы праседзяць у турмах.