Андрэй Саннікаў выдаў унікальную кулінарную кнігу «аб смачнай турэмнай ежы»

Былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і былы палітвязень Андрэй Саннікаў выдаў кнігу «ЗК — Забароненая кухня». Яна прысвечана ежы і кухні турмаў у розных краінах.

348846516_241731285128162_4870171273316600617_n.jpg


Як паведаміў Саннікаў у Facebook, кніга ўнікальная тым, што рэцэпты страў і апісанне іх прыгатавання — гэта тое, што і як насамрэч гатавалі зняволеныя ў турмах для сябе.

«Былі ў свеце кнігі рэцэптаў страў, якія распрацоўвалі ў розных краінах для вязняў. На розных мовах выдаваліся кнігі рэцэптаў страў, якія гатуюць у турмах і калоніях. Аднак кніга кулінарнай творчасці саміх зняволеных пакуль адзіная», — зазначыў аўтар.

«Кніга выдадзена пад псеўданімам «Лапіцый» (яго паходжанне тлумачыцца ва ўступе да выдання), каб не падвяргаць небяспецы ўдзельнікаў праекта. Усе стравы ў кнізе гатаваліся ў няволі і былі паўтораны на волі ў аўтэнтычным выглядзе», — зазначае Саннікаў.

Як абяцае Саннікаў, «усе сродкі ад рэалізацыі друкаваных прадуктаў, да якіх я маю дачыненне, ідуць на дапамогу палітвязням Беларусі».

«Для бяспекі жадаючым заказаць кнігу і тым самым дапамагчы палітвязням прапаную пісаць асабістыя паведамленні. Нават калі вы не ў маіх сябрах на ФБ, я буду правяраць усе паведамленні. Або напішыце пад гэтым допісам, як вы хочаце звязацца.

Грошы я прапаную пераводзіць праз Paypal, Paysend ці непасрэдна на рахунак арганізацыі (зарэгістраванай у Еўропе, што з'яўляецца гарантыяй мэтавага выкарыстання сродкаў).

Пасля атрымання аплаты кніга/кнігі будуць адпраўлены на ўказаны вамі адрас. Чытачам з Беларусі, на жаль, кнігу пакуль даставіць немагчыма з пункту гледжання бяспекі, яе могуць заказаць іх сябры, якія жывуць за межамі», — зазначыў грамадскі дзеяч.

Кошт аднаго экзэмпляра кнігі — ад 99 EUR.

«Чаму «ад»? Бо могуць знайсціся чытачы, якія захочуць дапамагчы палітвязням Беларусі у большым аб'ёме і адначасова атрымаць унікальнае выданне (насамрэч ужо знайшліся, за што я ім шчыра ўдзячны). Карацей — акцыя пачалася!» — зазначыў Саннікаў.


Андрэй Саннікаў — экс-намеснік міністра замежных спраў Беларусі, мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла. У 1992-1995 гадах узначальваў беларускую дэлегацыю на перамовах па звычайным і ядзерным раззбраенні, працаваў дарадчыкам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі. У 1995-1996 гадах — намеснік міністра замежных спраў Беларусі.

Падаў у адстаўку ў лістападзе 1996 года ў знак пратэсту супраць рэферэндуму Лукашэнкі па змене Канстытуцыі. У 1997 годзе быў адным з ініцыятараў «Хартыі’97». У 2008 годзе разам з Віктарам Івашкевічам, Міхаілам Марынічам і іншымі палітыкамі стаў ініцыятарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», якая ставіць сваёй мэтай уступленне Беларусі ў ЕС.

Кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе. Нават паводле экзітполу ад праўладнага «аналітычнага цэнтра» ECOOM, рэйтынг Саннікава на дзень выбараў склаў 6,33% (другі пасля Лукашэнкі), але ЦВК РБ намалявала яму 2,43%.

Затрыманы разам з жонкай Ірынай Халіп у ноч з 19 на 20 снежня 2010 года пасля разгону ўладамі мітынгу супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. 11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Саннікава вязнем сумлення.

14 траўня 2011 года суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў Саннікава вінаватым у арганізацыі беспарадкаў і даў яму 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 23 снежня 2011 года Саннікаў падаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, і 14 красавіка 2012 года быў датэрмінова вызвалены з папраўчай калоніі.

У кастрычніку 2012 года атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, жыве ў Польшчы.