«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 6: Польскія лялькаводы ў галаве турэмнікаў

У папярэдніх частках я згадвала, як начальнік калоніі страшыў мяне пісталетам, якія «выхаваўчыя метады» аператыўнік Кузняцоў-Джасаў выкарыстоўваў у дачыненні да палітвязняў, пра сваю сустрэчу з фігурантамі «справы Аўтуховіча» і якія менавіта словы адміністрацыя ПК-4 не змагла дараваць Вікторыі Кульша і Паліне Шарэнда-Панасюк.

turemnyja_dzjonniki_klaskouskaj_vokladka_novy_czas_1_1_1.jpg

Усе часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай

Сёння распавяду, як зняволеных каралі за яблыкі, чаму чалавек-павук быў католікам і што ўяўляе сабой тэорыя змовы ў разуменні палкоўніка Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў.

Мур хутка рухне

— А па якім артыкуле вас абвінавачваюць? — па-беларуску запытаў мяне хлопец, што сядзеў у клетцы насупраць. Нас везлі ў аўтазаку з баранавіцкага СІЗА на чыгунку, каб перасадзіць у «сталыпін» і пасля завезці каго куды.
Этап адразу падаўся лёгкім і прыемным — побач аднадумцы. Мы разгаварыліся, хлопцам насупраць аказаўся палітвязень Артур Жвірыдоўскі.
— А мяне асудзілі да трох гадоў калоніі за тое, што сцяг дзяржаўны сарваў з адміністрацыйнага будынку ў Астраўцы, — працягвае Артур. — А таксама абвінавацілі ў тым, што на будынку школы вывесіў бел-чырвона-белы сцяг.
— Калі б не клетка, то паціснула б табе руку, — усміхаюся ў адказ. — Малайчына!
— Ты ведаеш, Вольга, я ж да жніўня 2020 года быў апалітычным чалавекам, сорамна прызнацца. Асабліва не задумваўся над тым, што адбываецца ў краіне. Калі я даведаўся пра зверствы сілавікоў, у мяне ў душы ўсё перавярнулася. Я настолькі абурыўся, настолькі прасякнуўся, настолькі вялізны боль і крыўду адчуў за народ, што не змог застацца раўнадушным, не змог назіраць за гэтым кашмарам з боку. Ну вось, зрабіў тое, што змог, — сумна ўсміхнуўся хлопец.
У «сталыпіне» нас з Артурам рассадзілі вельмі далёка адзін ад аднаго, мне адразу стала неяк сумна. Раптам чую, як да мяне звяртаюцца з суседняга купэ:
— Дзяўчына, што па палітыцы, як вас завуць?
Гэта быў палітзняволеныВіталь Жук.
Мы прагаварылі ўсю дарогу. У нейкі момант я заспявала «Муры» і «Пагоню». Канвой не зрабіў аніводнай заўвагі. «Мур хутка рухне!» — працягвала спяваць я, амаль што выкрыкваючы гэтыя словы. «Абавязкова рухне!» — данеслася з аднаго з закратаваных купэ.
Мяне высадзілі ў Мінску і павезлі аўтазакам на Валадарку. Віталя і Артура — цягніком у калоніі.
«Да пабачэння, Вольга, яшчэ сустрэнемся абавязкова!» — пракрычаў аднекуль здалёк Артур.
«Жыве Беларусь!» — выгукнуў на развітанне Віталь.
А я тым часам паплялася са сваімі клункамі ў аўтазак. На душы стала маркотна: адчуванне было такое, нібыта страціла вельмі блізкіх людзей.

Валадарка. Дубль два

Знаёмыя сцены. Тут я ўжо другі раз.
У камеру мяне прывялі ўначы. Да гэтага трымалі ў так званым адстойніку, нешта ўсё марудзілі з засяленнем. Калі нарэшце прыйшлі, то папрасіла супрацоўнікаў, каб пакінулі мяне ў транзітнай камеры да раніцы — ну як гэта ўвальвацца ў камеру ў такі час, людзі ўжо даўно спяць, навошта іх будзіць.
— Нет, пойдем сейчас, — адказаў кантралёр.
Пераадольваючы няёмкасць і змагаючыся з пачуццём віны, заходжу ў камеру нумар 84. Ляскат дзвярэй прадказальна ўсіх абудзіў.


Дзяўчаты паўскоквалі са «шконак», з цікаўнасцю абляпілі мяне, пачалі знаёміцца.
— Волька, дык гэта ты? — з радасцю крыкнула Таня Астроўская. — Ну вось і сустрэліся нарэшце!
Таня — валанцёр. На момант нашай сутрэчы ў СІЗА яе абвінавачвалі ў «спробе захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». А ведала мяне таму, што пасля майго арышту пазнаёмілася з маёй маці і збіралася разам з ёй везці мне харчовую перадачу ў калонію.
— Даруй, што да твайго Гомеля так і не даехала. Мяне папросту неўзабаве арыштавалі. Але нічога, ад лёсу не ўцячэш: вось бачыш, сустрэліся тут, — усміхалася Таня.
Праз некаторы час у камеру прывялі Свету Бараноўскую.
Яе арыштавалі і збіраліся судзіць ужо па другім коле. Раней Святлану ўжо асудзілі да хатняй хіміі за нібыта абразлівы каментар пра амапаўцаў. Гэтым разам іх арыштавалі разам з дачкой. Навесілі народны артыкул.
— Дачушка, гэта мама, ты тут? — пачала гукаць Света праз вакно.
— Так, мам, я тут, усё добра, не пераймайся, — пачулася аднекуль здалёк.
— Трымайся, родненькая! Я таксама ў парадку!
Праз некалькі дзён да нас перавялі Волю Гарбунову. У нейкі момант у нашай камеры было восем чалавек, з якіх шэсць — палітычныя, у тым ліку Воля Вайцяховіч, фігурантка «справы Гайдукевіча», і зусім маладзенькая дзяўчына-студэнтка. Тую ўзялі за рэпост фотаздымкаў з акцый пратэсту, артыкул — народны.
— І што, у іншых камерах тое ж самае, усё пад завязку забіта нашымі? — пытаюся ў сябровак.
— Так. Уся Валадарка забітая палітычнымі, — адказалі каляжанкі. — А хочаш з Ірай Леўшынай паразмаўляць? Яна ў суседняй камеры.
— Вядома! — абрадавалася я.
З Ірынай мы перамовіліся праз вакно.
— Воля, дык а чаму ты зноў на Валадарцы, што здарылася? — запыталася яна.
— Новую крымінальную справу ўзбудзілі, цяпер вось цягаюць па ўсёй Беларусі, такі своеасаблівы калядны тур, — жартую. — Але вельмі цешуся, што вырвалася з гомельскай калоніі, у любым СІЗА нашмат лепей, чым там.
— Воль, ну ты трымайся!
— Ты таксама!
І тут пачуўся гук барабанаў. Музыка граў «Перамен».
— Ого, нічога сабе, якія смелыя людзі. Не пабаяліся, да саміх сцен Валадаркі падышлі з барабанамі, каб нас падтрымаць, — кажу дзяўчатам.
— Ды не, — усміхаюцца сяброўкі. — Гэта з суседняй камеры нашыя арыштаваныя барабаншчыкі на баках і тазіках граюць.
— Дзяўчаты, сёння па тэлеку «Чалавек-павук», але пасля адбою, ужо рызеткі будуць выключаныя. Мо дамовімся неяк з карпусным?
— А сёння ж акурат каталіцкае Раство. Давайце скажам, што ўрачыстую імшу хочам у жывым эфіры паглядзець. А самі будзем глядзець «Чалавека-павука».
— Окей. Давайце скажам карпусному, што мы католікі, — уношу прапанову. — Толькі галоўнае не прагаварыцца падчас праверкі, што замест трансляцыі з касцёла мы будзем глядзець фільм.
— Ну, калі што, дык скажаш тады, што чалавек-павук быў католікам. А вы што, маўляў, не ведалі пра гэта? — засмяялася Воля Гарбунова.
Пакінуць рызетку ўключанай нам, канечне, не дазволілі.
Але мы чамусьці не расстроіліся.
Неўзабаве за мной прыйшлі. Развітвацца з дзяўчатамі было вельмі цяжка і балюча.
Наперадзе — новыя этапы, новыя камеры, новы тэрмін і вяртанне ў гомельскую калонію, гэтае пекла, у якім няма чым дыхаць.

Гісторыя пра выедзенае яйка

— Осужденная! Кто вам разрешил съесть яйцо?! — завішчала супрацоўніца-кантралёр, што дзяжурыла ў сталоўцы.
Вязні адарваліся ад місак з кашай і павярнулі галовы ў бок, адкуль зыходзіў шум. Раніца, атрад снедаў, людзі яшчэ толкам не прачнуліся, лямант прапаршчцыцы прымусіў уздрыгнуцца.
Кантралёр крычала на асуджаную жанчыну, якую суседка па стале, не захацеўшы з’есці сваю порцыю, пачаставала яйкам. Ну не выкідаць жа яго. Ежа на зоне на вагу золата, людзі там увесь час галодныя.
Пільная кантралёрка заўважыла «непарадак», абрадавалася, што выкрыла змову зэкаў і з асалодай пачала разбор палётаў. Галоўнае ж — рабіць гэта публічна і як мага больш страшным голасам: па-першае, і самасцвярджаешся за кошт гэтага, па-другое — каб іншым непанадна было, каб дрыжэлі ад аднаго толькі выгляду людзей у пагонах.
— Гражданка начальница, простите меня, пожалуйста, я больше так не буду. Ну пожалуйста, извините меня, — прамармытала Света (так звалі небараку). Твар яе збялеў.
— Не дай бог еще раз что-то подобное себе позволишь! Будет рапорт! Ты должна была подойти ко мне и спросить, разрешаю ли я тебе съесть это яйцо, — пераможна прамовіла кантралёрка. Выраз твару ў яе быў такі, нібыта яна атрымала пагоны палкоўніка.
Света выйшла са сталоўкі і заплакала.
Не паспеў атрад пашыхтавацца, як аднекуль наляцелі іншыя кантралёры і прымусілі нас выварочваць кішэні. Правяралі, ці выносім хлеб. У кагосьці знайшлі кавалачак, сказалі, што за гэтае будзе пакараны ўвесь атрад.
— А что ты хотела? — здзекліва пракаментаваў пазней гэтую сітуацыю намеснік начальніка калоніі Кавалёў. — Зек должен знать свое место. Ты что, думаешь, в санаторий попала?
«Да уж, санаторий «Незабудка», — хацела я агрызнуцца, але прыкусіла язык.

Як нам падкідалі таблеткі і іголкі

Сумна вядомы пункт правілаў унутранага распарадку ведае кожны вязень. Ён, пункт, азначае, што ты не можаш абсалютна нічога даваць іншаму асуджанаму, а таксама не маеш права нічога ў іншых браць. Называецца гэта адчужэнне-прысваенне
Нельга даваць і браць нават у часовае карыстанне — напрыклад, ты не можаш даць пачытаць камусьці кнігу. Нават за тое, што даў на пару секунд запальнічку, рызыкуеш нарвацца на рапарт і як вынік — на пакаранне.
Адміністрацыя калоніі шырока выкарыстоўвае гэты момант, каб звесці рахункі з палітвязнямі. Калі палітычнага цяжка падлавіць на гэтым, то чужыя альбо забароненыя рэчы чалавеку папросту падкідаюцца.
Часцей за ўсё гэта іголкі, лязо, таблеткі. Мне неяк падкінулі чужы кіпяцільнік. Ані Баран — вопратку іншай палітзняволенай. Алене Гнаук — іголкі. Іры Шчаснай — таблеткі.
Адміністрацыя робіць гэта рукамі іншых асуджаных, схема добра адпрацаваная і збояў не дае.
Людзей караюць за тое, што даюць іншым зняволеным кавалачак туалетнай паперы, лыжачку кавы, аловак, канверт.
Мяне пазбавілі спаткання з сям'ёй за тое, што дала неяк каляжанцы цыгарэту. Паліну Шарэнда-Панасюк пакаралі за тое, што пачаставала знаёмую яблыкамі.
— Дык хіба ж дзяліцца, падтрымліваць адзін аднаго, праяўляць дабрыню і спагаду — гэта кепска? Чаму вы ганіце самыя лепшыя чалавечыя якасці, саму чалавечнасць у прынцыпе? Чаму міласэрнасць успрымаецца вамі як загана? — запыталася я неяк у аператыўніка Трушкіна.
— Ты ничего не понимаешь, — адказаў той. — Ты знаешь, почему вообще возник этот пункт ПВР? Вот-вот. Ты вообще в курсе, что происходит в мужских зонах, какой кошмар творился в лагерях в девяностых? Ты в курсе, что зеки в карты квартиры проигрывают, а потом на счетчик ставят всю семью? Поэтому эти правила и придумали — чтобы все это пресекать на корню.
— А вы шмат бачылі тут жанчын, што гуляюць у карты? — удакладняю. — Я ні разу. Вы ж не з картачнымі даўгамі змагаецеся, а выкарыстрўваеце гэты пункт для прэсінгу зняволеных. Ужо даўно не дзевяностыя — гэта раз. У карты тут ніхто не гуляе — два. А па-трэцяе, як па мне, дык гэта маніпуляцыі адміністрацыі і пункт гэты выкарыстоўваецца для фальсіфікацыі рапартаў і расчалавечвання зняволенных.
Яшчэ эпізод.
— Циничный характер корреспонденции, распишитесь в акте об уничтожении письма, — аператыўнік Чорны працягвае бланк і асадку.
Ліст — ад Наташы Хершэ, яна ўжо на волі і спяшаецца перадаць мне цёплае прывітанне з Цюрыха.
— А што там такога цынічнага? — пытаюся з сумнай усмешкай. — Мабыць, Наташа напісала, як добра ў Швейцарыі і як кепска ў Беларусі? У гэтым і ёсць цынізм?
Чорны адказвае нешта невыразнае і адкрывае штодзённік з кампраматам. Называе дату, час майго «парушэння». Як ні дзіўна, рапарт не складае — праводзіць прафілактычную гутарку.
Папрок аператыўніка палягаў на тым, што я калісьці фарбавала валасы і падзялілася фарбай з іншымі дзяўчатамі. Нават пералічыў іх прозвішчы. І назваў дакладную фарбу — хна.
— Так делать нельзя, — павучаў мяне маёр. — Это отчуждение, за это могут наказать.
 — Вашыя правілы адносна адчужэння-прысваення — амаральныя. Як і правілы датычна калектыўнай адказнасці, — сказала я начальніку калоніі Талсцянкову падчас сходу ў клубе.
Дакладна не памятаю, якая тэма там узнімалася, але прысутнічала ўсё кіраўніцтва, сустрэчы ў падобным фармаце — звычайная практыка для калоніі.
Калі службоўцы пасля прамовы запыталіся ў асуджаных, ці маюцца пытанні, я ўзняла руку — і, як ні дзіўна, мне далі слова.
У актавай залі павісла цішыня. Асуджаная за абарот наркотыкаў Ніна, што сядзела побач, скрозь зубы прамовіла:
— Табе хана. Ты разумееш, што яны табе гэтага не даруюць?
— Нет, ничего аморального тут нет, — нарэшце прагучаў фальшыва-бадзёры голас начальніка аператыўнага аддзелу Алёхіна. Ён нацягнута ўсміхаўся, у вачах блішчаў нядобры агенчык.
— Принцип коллективной ответственности срабатывает очень хорошо, — перахапіў мікрафон Талсцянкоў. — Отличная воспитательная мера. Ничего лучшего еще не придумано, она себя полностью оправдывает. Присаживайтесь, у нас тут не коллективная дискуссия сейчас, — скончыў размову начальнік.
Праз некалькі дзён мяне прадказальна змясцілі ў ШІЗА.

«От экстремистов нам ничего не надо»

— Закрыли рты и слушаем меня внимательно! Чтобы немедленно все сдали деньги на ремонт в отряде и купили ведра, веники и совки! Список всего необходимого на столе! — выхоўвала атрад падчас вечаровай праверкі заўгас (на такую пасаду прызначаюць з ліку асуджаных) Воля.
У калоне пачуліся незадаволеныя галасы, людзі абураліся, кідалі злыя рэплікі.
— А як жа адчужэнне-прысваенне? — пытаюся ў яе. — То-бок калоніі вымагаць можна, а нам падзяліцца цукеркай з іншымі нельга?А прымусовая падпіска на газету «Трудовой путь»? Гэта не адчужэнне?
Зняволеныя захіхікалі. Заўгас паглядзела на мяне з нянавісцю. Потым пераключылася на Паліну Шарэнда-Панасюк:
— Полина Сергеевна, а ты что тут, особенная?
— Так, я асаблівая, — з гонарам адказала палітзняволеная.
— И в чем твоя особенность? — гаркнула наглядчыца ў целагрэйцы.
— У тым, што я тут незаконна знаходжуся, — адказала Паліна.
Пра гэтыя дыялогі вельмі хутка стала вядома аператыўнай частцы, і мы з Палінай атрымалі чарговае спагнанне ў выглядзе штрафнога ізалятара — фармальна, нам, канечне, прышылі іншае парушэнне. Але рэальная прычына палягала ў тым, што адміністрацыя вельмі не любіць, калі палітвязні дзёрзка размаўляюць у прысутнасці іншых асуджаных. У разуменні турэмнікаў— гэта кепскі прыклад, падбухторванне да непадпарадкавання, ламанне сістэмы. Ты павінен маўчаць і крый божа ўзнімеш галаву вышэй, чым табе дазволена. А яшчэ і спрачацца пачнеш ці «качать права».
— И чтобы сдали деньги в фонд отряда, понятно?! — крычала ўжо на іншай праверцы загадчыца гаспадаркі. — Все, кроме экстремистов.
— А потому что нам от вас ничего не надо, — патлумачыў мне пазіцыю адміністрацыі Кавалёў.Неизвестно, что это за деньги и кто вам их дает. Нам ваши сомнительные финансы не нужны.
— А можна я тады і за турэмную вопратку плаціць не буду — таксама ж невядома, з якіх крыніц я гэты рахунак буду аплочваць. А раптам гэта грошы польскіх лялькаводаў? — патроліла я тады падпалкоўніка.
— Дошутишься скоро. А газету выписывать надо. И вообще, ты же у нас журналист? Давай вот начинай писать статьи в «Трудовой путь», — прапанаваў Кавалёў.
«Ага, зараз я разганюся», — падумала я сама сабе.
А ўслых прамовіла: «Падобна на нейкі здзек. Ведаеце, няма натхнення і ўвогуле я кепска пішу».

«Опасаемся, что тебя завербуют иностранные спецслужбы»

— Ну что, готова к освобождению? Или, может еще продлим пребывание в наших местах? — з’едліва ўсміхнуўся палкоўнік Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці Андрэй Шабулдаеў.
Да майго вызвалення заставалася некалькі дзён. Вядома, я пераймалася: не было ніякай упэўненасці, што 14 снежня мяне выпусцяць. Аднойчы ж ужо накруцілі дадатковы тэрмін — што перашкаджае і на гэты раз?
Такія жарты ў гэтыя напружаныя дні ўспрымаліся даволі хваравіта. Я нацягнута ўсміхнулася ў адказ:
— Не, не магу, грамадзянін начальнік. На 15 снежня ўжо на манікюр запісаная, так што ніяк, соры.— Да-да, понимаю, — фальшыва-спагадліва кіўнуў галавой палкоўнік. — Хочу тебя предупредить, чтобы на свободе была очень осмотрительна. Возможно, тебя попытаются завербовать иностранные спецслужбы. Ты сразу даже можешь и не понять этого, они будут действовать очень осторожно, через кого-то.
У той момант мяне ўразілі нават не самі словы палкоўніка, а той факт, што ён сцвярджаў гэта на поўным сур’ёзе. І пры гэтым глядзеў некуды ўдалечыню.
Якое трафарэтнае мысленне. І многія людзі ў пагонах насамрэч так думаюць. Многія шчыра лічаць нас ворагамі народа і ўпэўненыя, што выконваюць высакародную місію, душачы і знішчаючы нас.
Але разам з тым службоўцы, што апантана выконваюць загады зверху, не адчуваюць сябе пераможцамі, у іх напружаных позірках вельмі часта можна ўбачыць страх і няўпэўненасць. Гэта сведчанне таго, што хоць фармальна гэтыя людзі гаспадары становішча — у маральным плане яны так і не здолелі ўзяць верх.
І гэта наводзіць на думку, што служкі рэжыму насамрэч пачуваюцца не так камфортна, як падаецца на першы погляд.
Працяг будзе