Эдуард Бабарыка — закладнік Лукашэнкі

У 2020 годзе сына патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі Эдуарда арыштавалі разам з бацькам. Тры гады ён правёў у зняволенні без суда і следства, і ўвесь гэты час адвакаты і праваабаронцы былі ўпэўнены, што Бабарыка-малодшы — закладнік, якога ўзялі для шантажу яго бацькі. Цяпер выглядае на тое, што гульня зайшла ў тупік і палітзняволены атрымае рэальны «тэрмін» — ні за што.

Эдуард Бабарыка

Эдуард Бабарыка


У мінулым жыцці Эдуард Бабарыка быў адным са стваральнікаў краўдфандынгавай платформы «Улей», якая, сярод іншых важных праектаў, прафінансавала выданне пяцітомнага збору твораў Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч на беларускай мове.

«Не баяцца — гэта абсалютна нармальна, — гаварыў Эдуард Бабарыка на прэзентацыі калекцыі ў 2018 годзе ў Мінску. — І, нягледзячы ні на што, рабіць тое, што ты лічыш правільным і важным. Гэта абсалютна нармальна — не чакаць, пакуль хтосьці зверху скажа вам, што рабіць, а браць ініцыятыву ў свае рукі».

Цяпер яго трываласць выпрабоўвае турма. 33-гадовы Бабарыка паўстае перад так званым «судом» па абвінавачанні ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў», «адмыванні грошай», «арганізацыі масавых беспарадкаў» і «распальванні нянавісці». Арыштаваны ў чэрвені 2020 года, ён ужо правёў тры гады пад вартай без суда і следства. Цяпер яму пагражае да 20 гадоў турэмнага зняволення.


«Эдзік разумны, добры і неверагодна цікаўны, — кажа ў размове з «Радыё Св*бода» Аляксандра Зверава, былая дзяўчына Эдуарда. — Вельмі прыстойны і адказны. У яго высокія патрабаванні да сябе, і ён умее прызнаваць свае памылкі».

Кранальная гісторыя Эдуарда Бабарыкі — частка агульнай трагедыі беларусаў, чый пратэст супраць масавых фальсіфікацый і гвалту быў падаўлены жорсткімі рэпрэсіямі.

Сын свайго бацькі

Шлях Эдуарда Бабарыкі ў мінскую залу суда пачаўся вясной 2020 года, калі ён пагадзіўся дапамагчы свайму бацьку Віктару Бабарыку арганізаваць прэзідэнцкую выбарчую кампанію.

59-гадовы Віктар Бабарыка — банкір і філантроп, які раней займаў пасаду генеральнага дырэктара «Белгазпрамбанка». У траўні 2020 года ён распачаў сваю кампанію для ўдзелу ў жнівеньскіх выбарах. Каб быць зарэгістраванымі, патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты павінны былі сабраць 100 000 подпісаў. Усяго за некалькі тыдняў, да сярэдзіны чэрвеня, каманда Бабарыкі сабрала ў чатыры разы больш — подпісаў было каля 425 000.


18 чэрвеня 2020 года і Віктар, і Эдуард былі арыштаваны. 14 ліпеня ЦВК адхіліў кандыдатуру Бабарыкі ад удзелу ў выбарах. Праваабаронцы прызналі абодвух мужчын палітычнымі зняволенымі.

У ліпені 2021 года Віктара Бабарыку па абвінавачанні ў «хабарніцтве» і «ўхіленні ад выплаты падаткаў» прысудзілі да 14 гадоў турэмнага зняволення. Сваёй віны палітзняволены не прызнаў. Напрыканцы красавіка ён трапіў у наваполацкую гарадскую бальніцу пасля збіцця ў калоніі. Дактары паставілі яму дыягназ «пнеўматоракс» і паспелі правесці мінімальнае абследаванне, пасля чаго Віктар Бабарыка знік — і вось ужо месяц няма аніякай інфармацыі пра яго месцазнаходжанне і стан здароўя.

У відэароліку, апублікаваным яго кампаніяй неўзабаве пасля арышту, Віктар Дзмітрыевіч расказвае, як прасіў Эдуарда далучыцца да яго, каб перамагчы на выбарах.

«Эдуард сказаў: "Добра, я аддам табе 90 дзён свайго жыцця", — згадвае былы кандыдат у прэзідэнты. — Але гэта не 90 дзён яго жыцця. Зразумела, што ён нароўні са мной. Ён падвяргае сваё жыццё небяспецы дзеля мяне. Гэта цяжка сказаць любому бацьку».

Кошт свабоды

Эдуард утрымліваўся ў СІЗА КДБ на працягу 18 месяцаў пасля арышту, і гэта максімальны тэрмін утрымання падазраванага пад вартай без суда ў гісторыі незалежнай Беларусі. Аднак, калі справа была перададзена ў Следчы камітэт, мяркуючы па ўсім, стрэлкі гадзінніка былі скінуты на нуль.

«Там няма нічога падобнага да судовага працэсу, — кажа Уладзімір Пыльчанка, былы адвакат Эдуарда, якога пазбавілі ліцэнзіі, помсцячы за яго працу па гэтай справе. — Гэтага чалавека проста трымаюць у ізаляцыі ў якасці закладніка. Відавочна, каб аказаць ціск на яго бацьку».

«Турма можа быць месцам, якое крадзе ваша жыццё, а можа быць унікальнай магчымасцю для самаўдасканалення», — пісаў у сваіх лістах Эдуард Бабарыка. Нягледзячы на жорсткія ўмовы ён стараўся максімальна выкарыстоўваць абставіны, якія склаліся, і захоўваць бадзёрасць.

«Клетка нічым не адрозніваецца ад астатняга свету, — упэўнены палітвязень. — Гаворка заўсёды ідзе пра выбар: легчы або ўстаць. Паддацца слабасці або пераадолець сябе».

У турме ён займаецца ёгай, шахматамі, чытаннем, медытацыяй і маляваннем.

Правёўшы амаль два гады за кратамі, Эдуард напісаў, што прабачэнне — гэта ключ да асабістых стасункаў. Ён прытрымліваецца пазіцыі, падобнай да той, што выказаў псіхолаг Віктар Франкл, які перажыў Халакост: «У чалавека можна адабраць усё, акрамя адной рэчы: апошняй з чалавечых свабод — выбіраць сваё стаўленне да любых абставін, выбіраць свой уласны шлях».


Суд над Эдуардам Бабарыкам пачаўся ў Мінску 22 траўня. Дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што Эдуард Бабарыка нібыта аказваў садзейнічанне Сяргею Ціханоўскаму ў «арганізацыі масавых беспарадкаў».

Паводле абвінавачання, Ціханоўскі і іншыя асобы, знаходзячыся, у прыватнасці, у Гомелі і Мінску, у 2019-2020 гадах «з мэтай павелічэння колькасці асоб, гатовых удзельнічаць у пратэстах, спрыяння росту сацыяльнай напружанасці, дыскрэдытацыі дзяржорганаў, нарошчвання антыдзяржаўных настрояў праз Інтэрнэт распаўсюджвалі матэрыялы дэструктыўнага характару». Пры гэтым нібыта выкарыстоўвалася дапамога паліттэхнолагаў, псеўдаабаронцаў.

Сцвярджаецца, што Бабарыка з дапамогай платформ «Улей» і «Мола-Мола» арганізаваў размяшчэнне адпаведных «дэструктыўных праектаў» з названай інфармацыяй і збор з нявызначанага кола асоб сродкаў «у падтрымку ўдзельнікаў масавых беспарадкаў».

Таксама Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць і па іншых артыкулах.

Палітвязень пасля зачытвання яму абвінавачання не прызнаў віны ў прад'яўленых яму «злачынствах»:

«Я не здзяйсняў аніводнага злачынства, у якіх мяне абвінавачваюць. Следствам не было здабыта аніводнага доказу маёй віны», — заявіў ён у судзе.

Яго працяглы перыяд утрымання пад вартай да суда і прад'яўленыя яму абвінавачанні паказваюць на тое, што яго затрыманне было задумана ўладамі з мэтай дамагчыся саступак ад Віктара Бабарыкі.

«Спачатку іх план складаўся з таго, што, калі Віктар пойдзе на саступкі, Эдуард будзе вызвалены, — кажа Іван Краўцоў, былы член перадвыбарчага штаба Віктара Бабарыкі. — Але цяпер відавочна, што Эдуарду пагражае вельмі працяглы тэрмін зняволення».