Лукашэнка «знік». Хто падхопіць уладу?

Лукашэнка шэсць дзён не з’яўляецца на публіцы — гавораць пра сур’ёзныя праблемы са здароўем. Кожнае жыццё некалі заканчваецца. Хто зможа падхапіць уладу, калі Лукашэнкі не стане? Паразважалі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

belarus_2023__palityka_novy_czas__3__logo.jpg


— Лукашэнка не з’явіўся на публіцы 14 мая, у дзень дзяржаўнага герба, сцяга і гімна. За апошні тыдзень ён фактычна прапусціў другое сімвалічнае для сябе мерапрыемства: 9 мая прысутнічаў на ўскладанні кветак, але прамову рабіў міністр абароны. Відавочна, у Лукашэнкі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Пра што кажуць паводзіны яго бліжэйшага атачэння?
— У Лукашэнкі кепска са здароўем — сапраўды, гэта галоўная версія.
Але можна ўявіць сабе і іншую версію. Калі чалавек хоча праверыць, як павядзе сябе бліжэйшае атачэнне ў выпадку сур’ёзнай хваробы, то ён можа імітаваць сур’ёзныя праблемы. Тэарэтычна можна ўявіць, што Лукашэнка якраз і пракручвае гэты сцэнар. Але я не прыхільнік шукаць мудрагелістыя сцэнары: Лукашэнка чалавек больш просты, не схільны да складаных рашэнняў.


Выглядае так, што ў Лукашэнкі праблемы са здароўем усё ж ёсць. І нават праглядваецца пэўны лагічны ланцужок: учора праходзіла інфармацыя, што ягоны картэж пабываў у «Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры», ці лечкамісіі. Можа, правяраўся наконт таго, ці ў стане правесці дзень герба, сцяга і гімна, магчыма, самаадчуванне пагаршалася. Так ці інакш 14 траўня на мерапрыемстве ён не прысутнічаў. Канешне, мерапрыемства маглі адмяніць, ці спаслаўшыся на тэрарыстычныя пагрозы, ці прыдумаўшы іншую «прычыну» — але вырашылі правесці. Прычым у фармаце, вельмі дрэнным для Лукашэнкі, бо яны падмацавалі ўсе ранейшыя падазрэнні. Галоўчанка зрабіў прамову не ад свайго імя, а ад імя Лукашэнкі, прычым на самым пачатку выказаўся прыкладна так: дазвольце мне гэта зрабіць. 


Што мы маем на дадзены момант? Афіцыйнай інфармацыі пра здароўе Лукашэнкі няма. Рэакцыя прапаганды на гэту сітуацыю вельмі сціплая, дакладней, супярэчлівая: цытуе Шпакоўскага. Гэта не першакрыніца інфармацыі, таму я б нават не назваў яго меркаванне дзяржаўным: чалавек блізкі да рэжыму, але не «Пул першага», не «Жоўтыя слівы», ні «СБ. Беларусь сегодня». А 14 траўня прапаганда толькі згадала, што Галоўчанка выступіў з прамовай — і ўсё, без каментароў.
Каб сказаць, што ў атачэнні Лукашэнкі пачалася нейкая барацьба за ўладу ці нехта імкнецца высунуцца на першы план — так не выглядае. Вышэйшыя чыноўнікі паводзяць сябе як вельмі залежныя ад Лукашэнкі: ніякай самастойнасці, а спробы шукаць нейкія прыкметы ў заявах Качанавай ці Галоўчанкі марныя, гэта будзе выглядаць як падвядзенне фактаў пад існуючы тэзіс.
Я бачу, што атачэнне Лукашэнкі паводзіць сябе спакойна, прынамсі, вонкава спакойна. Што, дарэчы, не здзіўляе: за выключэннем Качанавай, усе гэтыя людзі маюць кэдэбэшна-вайсковы бэкграўнд, для іх схаваць сапраўдныя эмоцыі — асновы іх прафесійнасці. І для Церцеля, і для Галоўчанкі, і для Сергіенкі, і для Вальфовіча, і нават для Хрэніна.


Калі будзем грунтавацца на сухіх фактах (хто калі выступаў), то ў гэтым плане фаварытам выглядае Галоўчанка — 14 траўня ён вырваўся наперад. Першая афіцыйная прамова ў яго была яшчэ 5-га, калі відавочна замяшчаў Лукашэнку, а 14 траўня прамова яму была даручана. Лукашэнка мог даручыць выступіць кожнаму: пры жаданні можна было б абгрунтаваць і прамову Качанавай, і прамову Вальфовіча, і прамову Галоўчанкі. Але даручылі Галоўчанку. А можа, сапраўды, на сённяшні дзень ён лічыцца галоўным фаварытам Лукашэнкі? Але ніхто з іх амбіцый сваіх не паказвае. Мне здаецца, сапраўднае аблічча кожнага з іх мы можам убачыць тады, калі наступіць сталінскі момант ісціны 53-га года: калі паплечнікі тырана былі ўпэўнены, што Сталін скончыўся, Сталін больш не ачуняе і не вернецца, а значыць і нічога не зробіць, вось тады паміж імі пачалася барацьба за ўладу. Лукашэнка не Сталін, але калі ўжо карыстацца гістарычнымі аналогіямі, калі параўноўваць яго месца ў цяперашнім рэжыме, то трэба параўноваць са сталінскім.
— Апошнія тры гады сілу набіралі толькі спецслужбы: наколькі вялікая верагоднасць, што пасля смерці Лукашэнкі ўладу захопіць паліцэйская хунта?
— Нават пасля паспяховай аперацыі (чуткі пра іх прасочваюцца ў публічную прастору) чалавеку патрэбны час на рэабілітацыю. Мы бачылі гэта на прыкладзе Ельцына ў 90-я: Ельцын выконваў свае прэзідэнцкія абавязкі, але яго публічнасць была вельмі скарочана, і на публіцы ён з’яўляўся куды радзей. Было бачна, што ён пасля аперацыі знаходзіцца ў досыць складаным стане.
Ці можа Лукашэнка з’яўляцца на публіцы працяглы час у дрэнным стане? Калі ён не зможа выконваць свае абавязкі, то галоўныя козыры акажуцца ў руках менавіта тых, хто кантралюе спецслужбы, міліцыю, армію. У іх куды большыя шансы, чым у той жа Качанавай. Качанава — чалавек наменклатуры, Галоўчанка — таксама чалавек наменклатуры, але з чэкісцкім бэкграўндам. Дарэчы, на яго карысць гаворыць узрост: ён куды больш малады, чым астатнія. Розныя магчымы камбінацыі. Але калі мы разглядаем шанцы ў беларускіх умовах, то гэта — КДБ, армія, міліцыя, за якімі стаяць узброеныя структуры. У гэтым сэнсе пазіцыі Качанавай выглядаюць куды больш слабейшымі.
Але пры ўсёй паліцэйска-ваеннай гісторыі мы не павінны забывацца пра вельмі важны фактар — расійскі. Што будзе рабіць Расія ў гэтай сітуацыі? Перш за ўсё, як мне падаецца, яна паспрабуе ўзяць сітуацыю пад кантроль: персона — гэта другаснае, галоўнае — каб праводзілася адпаведная палітыка. Той, каго Расія ў выніку падтрымае (а падтрымаць яна можа любога з іх), і выйдзе ў дамкі.


Яшчэ трэба мець на ўвазе, што беларускі кейс адрозніваецца ад аналагічных гісторый транзіту ўлады на поставецкай прасторы. У беларускім выпадку ўмяшальніцтва Расіі будзе вельмі актыўным. За транзітам улады ў Казахстане, Узбекістане, Азербайджане Расія ўважліва сачыла і, магчыма, выказвала свае пажаданні, але ў выніку прызнавала статус-кво, актыўнага ўмяшальніцтва і насаджэння не было. Беларускі кейс іншы, бо цікавасць да Беларусі зусім на іншым узроўні. Акрамя таго, Беларусь адыгрывае вельмі важную ролю ў вайне, а на тэрыторыі Беларусі зараз знаходзяцца расійскія войскі. Так што гэты фактар улічваць неабходна.
— Пад актыўным умяшальніцтвам вы маеце на ўвазе нават сілавое?
— Усё што заўгодна. Асабліва калі Расія ўбачыць, што існуе верагоднасць страціць Беларусь зусім. Мы абсалютна не ведаем, што можа пачацца ў Беларусі, калі знікне Лукашэнка: можа, гэта стане каталізатарам для выхаду людзей на вуліцы? Як павядзе сябе міліцыя, калі Лукашэнка не аддае загадаў, як будзе паводзіць сябе войска, КДБ — усё адкрытыя пытанні. Сітуацыя можа пайсці ў любым кірунку.
Мне здаецца, што чырвоных рыс у Крамля няма: як толькі там адчуюць, што ў Беларусі могуць прыйсці да ўлады сілы, якія яны не кантралююць, іх нічога не спыніць.
— Не спыніць нават вайна ва Украіне? Весці барацьбу на два франты складана.
— Сённяшнюю хаду вайны ацэньваюць абсалютна па-рознаму. Нехта выдае вельмі аптымістычныя прагнозы нават пра тое, што расійская армія можа пасыпацца — у такім выпадку Расіі будзе яўна не да Беларусі. Але зараз сітуацыя пакуль не такая.