Ні пераемніка, ні каманды. Што будзе пасля Лукашэнкі?
Лукашэнка, нават маючы царскія паўнамоцтвы, ходзіць пад тым жа Богам, што і ўсе смяротныя. Маскоўская гісторыя запусціла непазбежны дыскурс: што будзе пасля Лукашэнкі? Пра выклікі і шанцы для Беларусі пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Лукашэнка ўсіх перажыве?
— Ці стала здароўе Лукашэнкі палітычнай праблемай рэжыма? Якія нервы сістэмы яна ўжо агаліла?
— Прынамсі, для прэс-службы Лукашэнкі, для прапагандыстаў ягонае здароўе сапраўды стала праблемай: шуму шмат — а адказаў няма. Пакуль яны абмяжоўваюцца аптымістычнымі ўкідамі кшталту «Лукашэнка ўсіх перажыве». Лукашэнка на аўдыторыі не з’яўляецца, у той час як усе бачылі фотаздымкі і відэа з маскоўскага парада.
Насамрэч мы не ведаем, наколькі ўсё кепска ў яго са здароўем. Сама тэма вельмі непрыемная для Лукашэнкі, які ўвесь час падкрэсліваў свой добры стан, фізічную падрыхтоўку.
Маскоўскія падзеі паказалі, наколькі моцна сам рэжым завязаны на адну асобу. Калі б беларускі рэжым не быў настолькі персаналісцкім, то і рэакцыя была б больш мяккай: існуюць розныя функцыянеры, у кожнага свая роля, якая выконваецца незалежна ад абставінаў. А гэтая сістэма цалкам завязаная на Лукашэнку: калі ж ён выпадае, то ўзнікаюць вельмі сур’ёзныя праблемы.
Гэты выпадак паказаў, што ў Лукашэнкі няма пераемніка, бо рэпрэзентатыўныя функцыі выконваюць розныя асобы. Мы зараз бачым калектыўнага Лукашэнку: і Качанава, і Хрэнін, і Вальфовіч, і Галоўчанка, і Церцель — усе яны адказныя за пэўныя кавалкі працы, але адной фігуры, здольнай вылучыцца і аказацца ў цэнтры ўвагі, няма. Гэта сведчыць, што ў Лукашэнкі велізарныя праблемы нават з тэарэтычным транзітам улады.
Відавочна, што выконваць абавязкі яму ўсё цяжэй і цяжэй, а перадаць уладу няма каму, ён не можа вызначыцца з пераемнікам.
Пераемнікаў многа, каманды няма
— У чым сіла і слабасць калектыўнага Лукашэнкі?
— Галоўная іх слабасць у тым, што як палітычныя фігуры яны сфармаваліся ў сістэме Лукашэнкі, дзе ты павінен ведаць сваё месца, не высоўвацца і быць гатовым у любы момант апынуцца на новым месцы, апусціцца на самы ніз уладнай піраміды ці нават за кратамі. Яны выканаўцы, у іх праблемы з крэатыўнасцю, праблемы з ініцыятывай; яны прывыклі быць фігурамі другога-трэцяга плана. У іх няма харызмы, бо ў лукашэнкаўскай сістэме харызма можа быць толькі ў Лукашэнкі.
Калі б яны ведалі, што Лукашэнка больш не вернецца да выканання сваіх абавязкаў, можа тады і паводзілі б сябе інакш. Сёння мы не бачым нейкай барацьбы за ўладу. Але як адна каманда яны працаваць не будуць — гэтыя фігуру з пула Лукашэнкі; каб яны працавалі ў адной камандзе, паміж імі мусіць быць давер. А давер — не тое, што прасоўвалася ў гэтай сістэме. Думаю, адносіны паміж імі вельмі дрэнныя і напружаныя.
— Дырэктар даследчай праграмы па ўсходнім суседстве ЕС і па Расіі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошэс кажа, што ўнутры сістэмы няма кланаў, здольных змагацца за ўладу; пасля Лукашэнкі змаганне будзе праходзіць па лініі Беларусь-Крэмль.
— Я трохі інакш бачу сітуацыю. Уявім сабе: калі Лукашэнка знікае, то нават гэтыя зусім шэрыя персоны могуць праявіць сябе зусім па-іншаму. У існуючай сістэме ім наканавана быць шэрымі, але якія яны на самай справе, за амбіцыямі ці без іх, мы пабачым толькі тады, калі Лукашэнка апынецца па-за гульнёй.
Цалкам можна ўявіць сабе, што разгорнецца ўнутраная барацьба за ўладу. Канечне, у Масквы ёсць свае фаварыты, але я не ўпэўнены, што ў Крамлі ёсць канкрэтны план і канкрэтны кандыдат на замену Лукашэнку. Цалкам верагодна, што калі пасля Лукашэнкі паміж імі разгорнецца барацьба, то Расія кагосьці з іх падтрымае, і той прэтэндэнт, які заручыцца маскоўскай падтрымкай, атрымае найлепшыя шанцы.
Тут трэба ўлічваюць яшчэ адзін нюанс. Лукашэнка, пры ўсёй сваёй адданасці Маскве, чалавек з амбіцыямі, з эмоцыямі, самастойны — на ролю абсалютнай марыянеткі не вельмі падыходзіць. З ім Расіі таксама заўсёды было нялёгка, бо для Лукашэнкі самае галоўнае — уласная ўлада, уласныя інтарэсы. Я вельмі насцярожана стаўлюся да спробаў паказаць Лукашэнку маскоўскай марыянеткай: зразумела, ён залежыць ад Масквы, але за сваю самастойнасць ён змагаецца — такі характар. А яны ўсе іншыя — без уласнага «я», выканаўцы, у культурным, моўным, ментальным сэнсе яны даўно ў «рускім міры». Качанава дэманструе гэта кожны раз, як выказваецца на нейкія палітычныя пытанні. У гэтых людзей беларускасці куды менш, яны куды больш знаходзяцца пад расійскім уплывам, чым той жа Лукашэнка, адпаведна, іх жаданне і гатоўнасць праводзіць прарасійскую палітыку, не задаючы пытанняў і выконваючы загады, мне падаецца больш вялікай. Бо як фігуры ўсе яны выглядаюць слабейшымі за Лукашэнку. Магчыма, мы памыляемся, таму што гэтыя людзі ў сістэме працуюць у адпаведных масках, магчыма, калі сістэма зменіцца, мы ўбачым зусім іншае аблічча. А сёння яны павінны быць такімі, як чакае і жадае Лукашэнка.
Што рабіць Лукашэнку
— Лукашэнка, нягледзячы на свае «царскія паўнамоцтвы», таксама пад Богам ходзіць — як і ўсе смяротныя. Якія рызыкі для краіны ўзнікаюць пасля яго?
— Вельмі вялікія рызыкі. Лукашэнка цалкам адбудаваў гэтую сістэму, натуральна, што яна поўнасцю звязана з ім. Яшчэ нават да 2022 года ён імкнуўся гэтую сістэму нейкім чынам рэфармаваць, каб захаваць яе, магчыма, сышоўшы з галоўнай пасады, але захаваўшы поўны кантроль за ўсім тым, што адбудаваў амаль за 30 гадоў. І тут перад ім паўстае фундаментальная праблема: як перафарматаваць сістэму, якая поўнасцю заточана пад аднаго чалавека, каб не абрынуць яе? Мне падаецца, гэтую праблему ён не вырашыў. Кантраляваны пераход ад аднаасобнай улады да калектыўнага кіраўніцтва вельмі цяжка рэалізаваць, як назваў гэтую задачу квадратурай круга, а выбраць (і не памыліцца) чалавека, які працягне пасля яго палітыку, ён не можа. Цалкам магчыма, што прэтэндэнты, калі зменіцца становішча, памяняюць і сваю пазіцыю.
Я згодны з Паўлам Мацукевічам, што адзіным магчымым варыянтам, самым надзейным для Лукашэнкі, была б перадача ўлады сыну Віктару; хоць і пішуць пра іх няпростыя адносіны, Віктар — ягоны сын, і здрада з яго боку выглядае куды меншай. Але я не думаю, што такі варыянт спрацуе ў Беларусі, тым больш што і Віктара Лукашэнку на гэтую пасаду, як мне падаецца, не рыхтуюць. Гэта зусім не азначае, што Віктар Лукашэнка не паспрабуе заняць гэтую пасаду, але ў яго вельмі сур’ёзныя праблемы з харызмай, гэтая праблема прысутнічае ва ўсіх.
Давайце ўявім, што рэжыму давядзецца праводзіць больш-менш дэмакратычныя выбары, то якім чынам людзі сістэмы будуць перамагаць? Яны не робяць добрых прамоваў, яны вельмі бляклыя, вельмі слабыя. Таму Лукашэнка і не можа вызначыцца з пераемнікам. Назарбаеў, у якога няма сыноў, а ёсць толькі дочкі, не мог перадаць уладу жанчыне — нават у такой прасунутай азіяцкай дзяржаве, як Казахстан, гэта не спрацавала б, таму ён і мусіў шукаць трэцюю асобу — Такаева. У Лукашэнкі больш спрыяльная сітуацыя: у яго ёсць сыны, але Беларусь еўрапейская краіна, і як бы Лукашэнка ні жадаў перадаць уладу сынам, у беларускім кантэксце гэта не спрацуе.
У Лукашэнкі засталіся фактычна дзве магчымасці. Першая: знаходзіцца ва ўладзе да апошняга, можа нават на прэзідэнцкай пасадзе. Другая — паспрабаваць вылучыць фігуру, якая б удзельнічала ў прэзідэнцкіх выбарах і заняла месца Лукашэнкі. Але на дадзены момант (ужо 23-ці год!) такой фігуры няма: усе людзі, якіх адносяць да пулу фаварытаў, тая ж Канчанава, не выглядаюць як пераемнік. Мне здаецца, што погляд на Качанаву, як на фаварыта, у пэўнай ступені штучны. Я б не выключаў, што ў выніку такой фігурай магла б стаць Качанава, але стоадсоткавай упэўненасці ў мяне няма. Ва ўмовах ваеннага часу сэксіст Лукашэнка, я думаю, не наважыцца перадаць уладу жанчыне, нягледзячы на тое, што Качанава абсалютна адданы яму чалавек. Другі фактар — расійскі: там ва ўладзе знаходзяцца такія ж сэксісты, якія прызвычаіліся кіраваць у мужчынскім асяроддзі. Калі і шукаць пераемніка, то сярод людзей, якія больш падыходзяць Пуціну і па ўзросце, і ў іншых аспектах. А гэта не абавязкова Качанава.
Перамены наступяць тады, калі Расіі стане не да Беларусі
— Ці дае нейкія шанцы гэтая сітуацыя дэмакратычнай Беларусі?
— У сённяшняй сітуацыі — не.
Калі Лукашэнка знікае сёння, то хутчэй за ўсё мы ўбачым наменклатурную барацьбу, і да ўлады прыйдзе чалавек, якога зацвердзіць Расія. Надзеі на масавыя пратэсты выглядаюць нерэальнымі. Сёння Расія пачувае сябе ў Беларусі вельмі ўпэўнена, таму ў сённяшніх умовах, калі здарыцца форс-мажор, апошняе слова будзе за Расіяй. Тым больш што ўсе гэтыя людзі, пачынаючы ад Галоўчанкі і заканчваючы Качанавай — адразу кінуцца за дапамогай у Расію.
Калі ж сыход Лукашэнкі адбудзецца ў іншых знешнепалітычных умовах, калі Расіі будзе ўжо не да Беларусі праз уласныя праблемы і не будзе магчымасці ўмешвацца ў беларускія справы, тады, канечне, адчыняецца новае акно магчымасцей. Бо той чалавек, які прыйдзе да ўлады ў Беларусі, так ці інакш змушаны будзе неяк карэктаваць адносіны з Захадам. Калі гэты крок будзе насустрач, то Захад адразу запатрабуе перамоваў з Ціханоўскай, запатрабуе дэмакратызацыі Беларусі. Але такі сцэнарый магчымы толькі пры ўмове, што Расія будзе занятая сабой.