Самота дыктатараў. Як Пуцін і Лукашэнка становяцца таксічнымі нават у краінах былога СССР

Пасля нападу на Украіну Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка сталі таксічнымі не толькі ў краінах заходняй цывілізацыі. Ад двух суагрэсараў, гідліва заціскаючы нос, памалу дыстанцыююцца іх былыя партнёры на постсавецкай прасторы. Гэта добрая прыкмета — яе варта зафіксаваць.

marsz_adzinstva_6__36__logo_2_logo.jpg

 

Арменія: Пуціна — у Гаагу

У геапалітычным сэнсе Арменіі сёння вельмі цяжка. Абвастрыўся шматгадовы канфлікт з Азербайджанам па карабахскім пытанні. Турцыя хаўруснічае з Баку, што пагаршае пазіцыі Ерэвана ў гэтым супрацьстаянні. Доўгі час сваім асноўным абаронцам ад знешніх пагроз армяне бачылі Расію, для чаго ўступілі ў АДКБ — арганізацыю калектыўнай бяспекі.

Але потым выявілася, што ў практычным сэнсе АДКБ каштуе не болей, чым папера, на якой тая дамова падпісана. Калі ў Карабаху загучалі стрэлы і выбухі, калі Анкара адкрыта стала на бок азербайджанцаў, належнай рэакцыі Масквы Арменія не дачакалася.

У выніку ў Ерэване былі зроблены высновы — не толькі ў грамадстве, а і ў палітычных элітах.

Летась у лістападзе армянскі прэм’ер Нікол Пашынян па выніках сумеснага пасяджэння адмовіўся падпісваць праект дэкларацыі Рады АДКБ аб аказанні дапамогі яго краіне. Праект той быў беззмястоўны і «ні аб чым», то палітык і здзейсніў дэмарш. Прычым зрабіў гэта дэманстратыўна, публічна, так што ў Лукашэнкі ад нечаканасці заварушыліся вусы.


Далей — болей. У студзені Пашынян заявіў ад адмове Арменіі праводзіць сумесныя вучэнні АДКБ на сваёй тэрыторыі. Вучэнні былі планавыя, але Ерэван планы сарваў. Эксперты з новай сілай загаварылі пра тое, што арганізацыю можна распускаць.

І нарэшце. 24 сакавіка Арменія нанесла Пуціну ўдар нават не пад дых, а ніжэй. Невялікая каўказская краіна ратыфікавала паўнамоцтвы Міжнароднага крымінальнага суда, які перад гэтым выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ. То-бок у выпадку наведвання Ерэвана Пуціна могуць затрымаць і перадаць у Нідэрланды.

Армянскае рашэнне наконт МУС выклікала ў Маскве надзвычай нервовую рэакцыю. У расійскім МЗС грозна заявілі, што афіцыйны Ерэван папярэджаны аб «негатыўных наступствах».

Але ці баяцца там Расію? Мяркуючы па ўсім, ужо не асабліва. Відавочна, што Арменія расчаравалася ў РФ і актыўна шукае падтрымкі на Захадзе. Рыторыка і дзеянні ў дачыненні да Крамля паказваюць, што гэтая падтрымка, магчыма, ужо знойдзена.

Што да Лукашэнкі, то ў Ерэване, падобна, яго ўспрымаюць гэтак сама, як і ў астатнім свеце — у якасці пуцінскага паслугача з абмежаванай суб'ектнасцю. Таму адносіны афіцыйнай Беларусі з Арменіяй апошнім часам не напоўненыя не тое што цеплынёй, а ўвогуле якім-небудзь зместам. Паспрыяла такому стаўленню ў тым ліку анлайн-нарада чальцоў АДКБ у кастрычніку міналага года, калі Лукашэнка, надзьмуўшыся ад уяўнай уласнай важнасці, наўпрост накрычаў на Пашыняна. Тады накрычаў — цяпер маўчыць.

 

 

Азербайджан: З Турцыяй — больш надзейна

З фармальнага гледзішча, у Расіі і Азербайджана неблагія стасункі. Літаральна некалькі дзён таму Пуцін і азербайджанскі лідар-аўтакрат Ільхам Аліеў паразмаўлялі па тэлефоне, абмеркавалі, як гэта падаецца, пытанні бяспекі, эканомікі і двухбаковыя адносіны.

Але даўно вядома: Азербайджан ужо не проста не з'яўляецца саюзнікам Масквы — ён нават пайшоў са сферы расійскага ўплыву. І не абяцаў вярнуцца.

Баку сёння — у цесным сяброўстве з Турцыяй. Тая мае дастатковую геапалітычную вагу, каб азербайджанцы былі заспакоеныя і не чакалі агрэсіі з боку РФ. Дый у пытанні вайны ва Украіне пазіцыя Баку зусім не прарасійская. «Байрактарамі», як Анкара, Азербайджан Кіеву не дапамагае, але і акупацыю Крыма і іншых тэрыторый не прызнае, і гуманітарную дапамогу аказвае, і Зяленскі з Аліевым рэгулярна кантактуюць па тэлефоннай лініі.

Відавочна, што Азербайджан для Крамля — адрэзаная луста. І ўкусіць яе маскоўскія імперцы не могуць, ужо нават і зубамі не ляскаюць.

Яшчэ больш далёкі ад баку афіцыйны Мінск. Лукашэнка наведваў Азербайджан з візітам у красавіку 2021 года, і прапаганда падавала гэта як вялікі дыпламатычны прарыў. Але — ну, сустрэліся-пагаварылі. Набіцца ў сябры да Аліева ў дыктатара Беларусі не атрымалася.

Выглядае, што пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне Баку наогул трымае мінскага «суагрэсара» ў баку. Пра шмат што тут кажа вядомы здымак з саміта ШАС, які прайшоў ва Узбекістане летась у верасні. Паглядзіце, дзе Эрдаган і Аліеў, а дзе Пуцін з Лукашэнкам — адразу бачна, хто кіруе банкетам, а хто, як у тым кіно, ціснецца каля нырак.

 

Грузія: Народ — за далучэнне да ЕС




afp_1.webp

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

Як ні дзіўна, але Грузія сёння лічыцца ледзь не самай блізкай Расіі краінай на постсавецкай прасторы. Кіруючая ў краіне партыя «Грузінская мара» адкрыта фліртуе з Крамлём, а яе галоўныя спікеры рэгулярна пляжаць у афіцыйных выступах украінскіх палітыкаў.

На пачатку сакавіка грузінскі парламент нават зрабіў спробу прыняць закон аб замежных агентах, рэдакцыя якога была амаль цалкам спісаная з адыёзнага расійскага аналагу. І вось тут выйшаў буйны аблом.

Афіцыйна Грузія трымае курс на еўраінтэграцыю і далучэнне да НАТА. Гэта прапісана ў Канстытуцыі, адпаведная заяўка пададзеная ў Брусель, але галоўнае — гэтага вельмі хоча грамадства. Паводле апытанняў, каля 75% грузін падтрымлівае развіццё краіны ў заходнім кірунку, і гэта не тыя лічбы, якія даспадобы Маскве.

Менавіта па гэтай прычыне закон аб замежных агентах у Грузіі не прайшоў. Дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы ў Тбілісі і атачылі будынак парламента. Пратэсты трывалі некалькі дзён, іх падтрымалі самыя вядомыя грузінскія селебрыці, улады адчулі на сабе моцную крытыку з заходніх сталіц. Яшчэ дэталь: паводле некаторых інсайдаў, заснавальніку і нефармальнаму кіраўніку «Грузінскай мары» бізнесоўцу Бідзіну Іванішвілі кулуарна намякнулі наконт магчымасці санкцый… І прыняцце закону было адменена.

 

 

Арыентаванасць на Еўрасаюз і НАТА трох чвэрцяў насельніцтва — надзвычай моцная прыкмета таго, што Грузія не бачыць сваёй будучыні поруч з Расіяй. З гэтым вымушаны лічыцца як улады, так і Масква.

Што лічыць на гэты конт Лукашэнка, наогул не мае значэння. У Тбілісі яго і раней не віталі, а пасля кастрычніцкага візіту ў акупаваную Абхазію перасталі заўважаць.

 

Малдова: Таксама выбар на карысць Еўропы

У траўні 2021 года ў Мінск на сустрэчу з Лукашэнкам прыехаў былы малдаўскі прэзідэнт Ігар Дадон. Збіты лётчык, прамаскоўскі палітык, які прайграў выбары 2020 года арыентаванай на Захад Маі Санду.

Перамога Санду (амаль 50% у другім туры) — яскравы паказчык таго, што малдаўскае грамадства саспела да інтэграцыі ў ЕС. Летам 2022 года краіна атрымала афіцыйны статус кандыдата на ўступленне. А яшчэ зусім нядаўна дзяржаўнай мовай у Малдове была зацверджана румынская (што гэта значыць, чытайце тут).

Малдова — небагатая краіна. Мінулыя пракрамлёўскія кіраўнікі зрабілі яе вельмі залежнай ад Расіі ў эканоміцы. Таму не дзіўна, што імкненні ў Еўропу ў літаральным сэнсе нятанна абышліся малдаванам. Праз павелічэнне цэн на газ і камунальныя паслугі па краіне пракаціліся хвалі пратэстаў, якія цалкам не сціхлі і дагэтуль. Сацыяльную базу незадаволенасці адмаўляць не варта, але паказальна, што пратэсным рухам кіравала прарасійская партыя «Шор» (8% на апошніх парламенцкіх выбарах). То-бок фактычна гэтыя мітынгі (у іх удзельнічаюць пераважна сталыя людзі) скіраваныя на змену ўлады і вяртанне Малдовы ў сферу ўплыву Крамля.

Змены ўлады ў Кішынёве не адбылося, а што будзе далей — пабачым. Так ці інакш, заходні вектар развіцця ў Малдове абраны, і разварот на 180 градусаў на фоне варварскай расійскай агрэсіі не падаецца высокаімаверным.

 

Сярэдняя Азія: Марудны сыход ад Масквы

Блок азіяцкіх краін былога СССР — гэта Казахстан, Узбекістан, Кыргызстан, Таджыкістан і Туркменістан. Іх яднае адсутнасць дэмакратыі (у Кыргызстане тут не ўсё так адназначна), невысокі ўзровень жыцця і знешнепалітычны нейтралітэт.

Так, збольшага яны трымаюць цесную сувязь з Крамлём і ўваходзяць у сумесныя з РФ арганізацыі, але ніводная з гэтых дзяржаў не прызнала Крым расійскім, і тым больш — не прызнала маскоўскую акупацыю Данбаса і іншых тэрыторый Украіны. Дый увогуле не падтрымала агрэсію Расіі.

Геапалітычныя працэсы ў гэтым рэгіёне ідуць марудна. Аднак яны ідуць — і не ў тым кірунку, якога хацелася б Пуціну і Лукашэнку. Многія памятаюць, як не вытрымаў кіраўнік Таджыкістана Эмамалі Рахмон, запатрабаваўшы ад Пуціна павагі да «нашых народаў» падчас сумеснага саміта ў кастрычніку мінлага года. Многія не забыліся, як у чэрвені 2022-га казахстанскі прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў, седзячы побач з расійскім калегам на Пецярбургскім эканамічным форуме, назваў «ДНР» і «ЛНР» квазідзяржавамі. Многія разумеюць: пяць усходніх краін не хочуць жыць у адным лагеры з Расіяй і Беларуссю, якія развязалі вайну і цяпер гібеюць у геапалітычнай адзіноце. 


Паўтара месяца таму, выступаючы на чарговай нарадзе АДКБ, Лукашэнка палымяна заклікаў чальцоў да аб’яднання. Казаў: «Калі хтосьці думае, што канфлікт Украіны і Расіі — гэта не наш канфлікт, што ціхенька дзесьці адседзімся, нічога падобнага, так не будзе». Сцвярджаў: «Прыйдзе час, ён недалёка, літаральна заўтра, і ён запатрабуе вызначацца, займаць пэўную пазіцыю». Настойваў: «Нам давядзецца дакладна вызначаць сваю палітыку, сваю лінію для таго, каб дзейнічаць разам», бо «заўсёды прасцей і лягчэй».

У адказ была — цішыня. Яны занялі пазіцыю: яны адседзяцца, а вы, два старыя дурні, самі пачалі гэтую вайну — самі ў гэтым пекле і гарыце.