Малдова адмаўляецца ад малдоўскай мовы

2 сакавіка парламент Малдовы прыняў у першым чытанні закон, які пасля другога чытання ўнясе «тэхнічныя праўкі» ў артыкул 13.1 Канстытуцыі краіны. Ён будзе гучаць: «Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Малдова з'яўляецца румынская мова», піша «Н*аша Ніва».

Фота https://moldova.md/

Фота https://moldova.md/

Змены Асноўнага закона забароненыя ва ўмовах надзвычайнага становішча, таму парламентарыі скарысталіся юрыдычнай нормай, якую ў 2017 годзе прапанаваў Канстытуцыйны суд краіны. Яны ўносяць не «змены», а «тэхнічныя праўкі».

Такія тэрміны, як «малдаўская мова», «дзяржаўная мова», «афіцыйная мова», павінны знікнуць з законаў і падзаконных актаў, якія дзейнічаюць у краіне, і будуць заменены на тэрмін «румынская мова». Часам гэта будзе няпроста, бо трэба будзе ўнесці змены ў міждзяржаўныя і міжурадавыя пагадненні. А гэта можна зрабіць са згоды абодвух бакоў.

Як з'явілася малдаўская мова

Насамрэч асобнай малдаўскай мовы не існуе. Усё пачалося яшчэ ў часы Расійскай Імперыі, калі ў 1812 годзе па выніках Бухарэсцкага міру Асманская імперыя саступіла Расіі ўсходнюю частку Малдаўскага Княства — Бесарабію. У 1861 годзе заходняя частка княства аб'ядналася з Валашскім Княствам. З 1881 года гэта аб'яднанне стала Каралеўствам Румынія.

Ва ўсходняй частцы былога Малдаўскага Княства пісьмовасць развівалася на аснове кірыліцы, а ў заходняй частцы ў 1862 годзе адбыўся пераход на лацініцу.

З 1918 па 1940 год Бесарабія ўваходзіла ў склад Румыніі. На тэрыторыі Прыднястроўя савецкія ўлады заснавалі Малдаўскую АССР (у складзе Украінскай ССР) і імкнуліся ўсімі сродкамі падкрэсліць адрозненні паміж румынамі і жыхарамі левабярэжжа Днястра.

Галоўнай была кампанія па самаідэнтыфікацыі малдаван як асобнага народа. Для гэтага ў 1920-х гадах быў распрацаваны малдаўскі алфавіт на аснове кірыліцы, малдаўская мова была абвешчана асобнай мовай, а не дыялектам румынскай.

У 1932 годзе па дырэктыўным указанні ЦК Кампартыі Украіны малдаўская мова была пераведзена на лацініцу. У выніку наступных рэформаў мовы да 1938 года яна стала ідэнтычнай румынскай. Але ўжо па рашэнні з Масквы яна (як і іншыя мовы савецкіх рэспублік) была вернута на кірылічны алфавіт.

У 1940 годзе СССР вярнуў сабе Бесарабію. На карце ўзнікла Малдаўская ССР. З пачаткам вайны Германіі з СССР рэспубліка была акупавана румынскімі войскамі. Пасля перамогі Малдавія зноў вярнулася пад кантроль Савецкага Саюза.

Штучна створаная «малдаўская мова» заставалася афіцыйнай да канца 1980-х гадоў. Па рашэнні парламента рэспублікі ад 31 жніўня 1989 года мова вярнулася на лацінскую графіку. Гэты дзень да сёння з'яўляецца дзяржаўным святам і выхадным днём.

Адметна, што ў Дэкларацыі аб незалежнасці Малдовы ад 27 жніўня 1991 года гаворыцца аб «абвяшчэнні румынскай мовы дзяржаўнай».



Мова як інструмент палітычнай барацьбы і ўплыву

Нягледзячы на абвяшчэнне румынскай мовы дзяржаўнай, моўнае пытанне канчаткова не было вырашана. Яно стала інструментам палітычнай барацьбы. 

У 1994 годзе, калі прымалі Канстытуцыю Малдовы, па патрабаванні левых сіл замест «румынскай мовы» ў ёй была зафіксаваная «малдаўская».

А ў часы праўлення камуніста Уладзіміра Вароніна (2001—2009) лінгвістычна абсурднае пытанне аб назве мовы ператварылася ў пытанне ідэнтычнасці. Не адмаўляючы таго, што мовы аднолькавыя, улады настойвалі на тым, што Малдова больш старажытная, чым Румынія, а таму назва мовы павінна заставацца.

Супярэчнасць паміж замацаваннем у Дэкларацыі аб незалежнасці румынскай мовы ў якасці дзяржаўнай, а ў Канстытуцыі малдаўскай стала тэмай для разгляду ў Канстытуцыйным судзе. Ён пастанавіў, што Дэкларацыя мае большую юрыдычную моц.

Моўнае пытанне выкарыстоўвае і Расія. Напрыклад, у падкантрольным ёй Прыднястроўі малдаўская мова разглядаецца як асобная.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава назвала галасаванне ў парламенце за перайменаванне малдаўскай мовы ў румынскую «дэмакратыяй па-амерыканску» і «адмовай ад роднай мовы». Міністр замежных спраў і еўраінтэграцыі Ніку Папеску пракаментаваў гэтую рэакцыю Масквы:

«У Рэспубліцы Малдова размаўляюць на румынскай мове, і ні адна краіна не мае маральнага, юрыдычнага і палітычнага права каментаваць гэта. Мова, на якой мы гаворым, належыць нам. Рашэнне аб тым, як мы называем гэтую мову, належыць нам, і абсалютна ні адна краіна ў свеце не мае маральнага, юрыдычнага і палітычнага права каментаваць гэтыя рэчы. На румынскай мове гавораць у Малдове. Рэспубліка Малдова мае супольную гісторыю, культуру і мову з Румыніяй».