Тыберый і Калігула: чаму вучыць гісторыя пра небяспеку шэрых і непрыкметных пераемнікаў?
Пра Калігулу казалі, што не было на свеце лепшага раба і горшага гаспадара. І менавіта непрыкметнага, але адданага Калігулу абраў сабе ў пераемнікі жорсткі імператар Тыберый. Пра тое, якія небяспекі можа прынесці нікчэмны чалавек, калі прыйдзе да ўлады, прыгадвае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
![Забойства Цэзара. Фрэска працы Карла Тэадора фон Пілоці (1867). Фота wikimedia.org Забойства Цэзара. Фрэска працы Карла Тэадора фон Пілоці (1867). Фота wikimedia.org](/img/v1/images/kalig2_583501a39d0aaca7ac953d4ba458acbb.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Забойства Цэзара. Фрэска працы Карла Тэадора фон Пілоці (1867). Фота wikimedia.org
Некаторыя імператары, асабліва тыя, якія заслужылі рэпутацыю тыранаў, чыя ўлада трымалася на страху, а не на народнай любові, імкнуліся выбраць сабе ў якасці афіцыйнага пераемніка чалавека шэрага і слабога, які нічога з сябе не ўяўляе. Бо чым больш нікчэмны чалавек, тым ён бяспечнейшы. Шэрага чалавека можна не баяцца. Слабы пераемнік не рызыкне выступіць супраць свайго дабрадзея.
Імператар Тыберый, які вынішчыў большую частку сваякоў, прызначыў пераемнікам унучатага пляменніка Гая Юлія Цэзара Аўгуста Германіка, больш вядомага пад мянушкай Калігула.
Для састарэлага імператара, які так баяўся за сваё жыццё, што шмат гадоў не рызыкаваў пакінуць рэзідэнцыю на востраве Капры, Калігула здаваўся ідэальным выбарам. Малады чалавек, які ў жыцці не праявіў сябе нічым выдатным, не меў ні ўплыву, ні прыхільнікаў. А ўдзел кронпрынца ў імператарскіх оргіях і прыхільнасць да распутных практыкаў не спрыялі паляпшэнню яго рэпутацыі.
![Г. Семірадскі. Рымская оргія часоў цэзарызму, 1872 год Г. Семірадскі. Рымская оргія часоў цэзарызму, 1872 год](/img/v1/images/5a2a8f9d97d8bed4466dc1c2_preview.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Г. Семірадскі. Рымская оргія часоў цэзарызму, 1872 год
Да таго ж Калігула вельмі любіў свайго старэйшага сваяка. Ніколі не стамляўся распавядаць Тыберыю пра яго неверагодную веліч і славу. Пра яго заслугі перад Рымам і рымскім народам, які быў, вядома, зусім не варты такога вялікага кіраўніка.
Пра Калігулу казалі, што не было на свеце лепшага раба і горшага гаспадара.
Карацей кажучы, мала хто ў Рыме ўспрымаў Калігулу сур'ёзна. І менш за ўсіх — сам імператар. Некаторыя нават меркавалі, што Тыберый спецыяльна абраў Калігулу, каб на фоне мізэрнасці пераемніка яго ўласнае кіраванне здавалася не такім ужо і дрэнным.
![За сталом з тыранамі За сталом з тыранамі](/img/v1/images/obzhorstvo_sem_smertnyh_grekhov.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Як бы там ні было, Тыберый кіраваў, а Калігула выконваў пры ім ролю самага адданага паплечніка. Можа, Калігула ў не меў выбітных вартасцяў, але затое быў вельмі адданым. Усё ішло па плане — і да поўнага задавальнення імператара, пакуль здароўе Тыберыя не пачало пагаршацца.
Адны лічаць, што інсульт здарыўся ў Тыберыя па натуральных прычынах. Усё ж такі імператар быў ужо даўно не хлопчык — і пры гэтым ён не прывык адмаўляць сабе ў жыццёвых задавальненнях. Іншыя падазраюць, што Калігула, які карыстаўся імператарскім даверам, труціў старога павольнай атрутай.
Як бы там ні было, калі Тыберый зваліўся на вачах Калігулы — той не стаў марудзіць. Ён падскочыў да старога, пачаў здымаць з яго пальца імператарскі пярсцёнак, але той раптам нечакана прыйшоў у сябе.
Гэта, вядома, быў непрыемны сюрпрыз. Ведаючы характар Тыберыя, можна было не сумнявацца, што замах на яго імператарскую годнасць скончыцца для таго, хто паквапіўся на яе, вельмі дрэнна. Але Калігула не разгубіўся. Ён схапіў падушку і задушыў старога ўласнымі рукамі.
![Так званы «пярсцёнак Калігулы» будзе прададзены Так званы «пярсцёнак Калігулы» будзе прададзены](/img/v1/images/piarscionak.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Адзінае, у чым Тыберый, як высветлілася пазней, меў рацыю, дык гэта ў тым, што праўленне Калігулы аказалася значна горшым, чым яго ўласнае.
Праўда, і доўжылася яно нядоўга — Калігулу зарэзалі яго ўласныя целаахоўнікі.
Увогуле, як бачна, нават самы непрыкметны, шэры і баязлівы пераемнік можа скарыстацца зручным выпадкам, каб пазбавіцца ад свайго дабрадзея. Асабліва калі падбадзёрыць яго спрыяльным знакам. Накшталт сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.
![Ці добраахвотна Лукашэнка паляцеў у Маскву напярэдадні 9 мая? Жывы шчыт для Пуціна? «Лукашэнку на ложку павезлі б, калі б спатрэбілася»](/img/v1/images/screenshot_from_2023_05_08_23_39_49.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)