За сталом з тыранамі

У Францыі пабачыла свет кніга «За сталом з тыранамі» Хрысціяна Рудо, якая расказвае пра гастранамічныя прыхільнасці дыктатараў і ўплыў харчавання на іх учынкі.

Ілюстрацыйная выява. Фрагмент карціны «Сем смяротных грахоў» Іераніма Босха — «Абжорства»

Ілюстрацыйная выява. Фрагмент карціны «Сем смяротных грахоў» Іераніма Босха — «Абжорства»


Ключавы тэзіс кнігі: талерка дыктатара — не што іншае, як люстэрка таталітарызму, яна дэманструе яго прагу абсалютнай улады, а таксама і яго трывогі, якія часта сыходзяць каранямі ў дзяцінства. Ежа распавядае гісторыю чалавека з усіх бакоў: яго жаданні, страхі, фізіялагічныя недахопы, сацыяльнае становішча, класавыя звычкі і гэтак далей.
У якасці доказу аўтар прапануе нам зазірнуць у меню дыктатараў. Ад мудрагелістага вегетарыянства Гітлера і «рэвалюцыйнай» ежы Маа Цзэдуна да блюдаў Чаўшэску, ад імперскіх банкетаў Бакасы да п’яных абедаў Садама Хусейна.
Пачаць можна з Маа, які баяўся, што ўлада здольная ператварыць аскетычных рэвалюцыянераў у «тоўстых і пузатых шляхетных людзей». Таму была прыдумана сістэма рондаляў. Чым вышэйшы ранг чыноўніка, тым меншы ў яго павінен быў быць рондаль. Праўда, тут быў адзін фокус. У высокага чыноўніка быў маленькі рондаль, але свой Вялікі рондаль выдаваўся на калектыў.
Маа таксама выкарыстоўваў тэму ежы як піяр. У разгар голаду ён заявіў, што вырашыў стаць хударлявым ды часова адмовіўся мяса. «Калі ўсе галадаюць, я не магу есці мяса», — сказаў Старшыня. Народ адразу ж ахапіла паніка. З правінцыі Маа дасылалі нават мяса тыгра і аленя, молячы яго есці мяса. Марныя намаганні! «Аддайце мяса ў сталовыя, дзе кожны зможа атрымаць асалоду ад яго», — казаў правадыр — і выклікаў захапленне ў простых кітайцаў.
А вось афрыканскі Жан Бакаса бачыў у сваіх банкетах спосаб уразіць лідараў іншых, больш заможных краін Чорнага кантынента. Таму на гастраномію ён грошай не шкадаваў. У 1977 годзе Бакаса даў банкет, зроблены ў гонар французскай гастраноміі. Да ўсялякіх вустрыц і фуа-гра падавалася найлепшае віно Эльзаса, Бургундыі і Бардо. Усяго для адной вячэры з Францыі было дастаўлена 60 тысяч бутэлек віна і шампанскага.


Стаўленне Гітлера да ежы выкладзенае ў «Майн Кампф», дзе ён выяўляе сябе аскетам, які гатовы да любых цяжкасцей, каб выканаць нейкую місію. Недаяданне, ад якога ён, калі быў маладым мастаком, пакутаваў у Вене, разглядаецца як тэст. На базе комплексу велічы фарміруецца і адмоўнае стаўленне да алкаголю.Захапленне вегетарыянствам завяршае партрэт чалавека, які зрабіў аскетызм правілам жыцця. Была яшчэ адна дэталь. «Яго (Гітлера) веданне ўсяго на свеце дазваляла яму з упэўненасцю сцвярджаць, што працягласць жыцця людзей павялічылася б да 140 гадоў, калі б яны ўстрымліваліся ад ужывання мяса», — піша Хрысціян Рудо. Ён таксама робіць выснову, што «стаўленне да ежы ў Гітлера вызначалася жаданнем максімальна наблізіцца да эстэтычных канонаў, усталяваных нацысцкай ідэалогіяй, сакральнае цела фюрэра больш не належала яму цалкам».
Цікавае месца займала ежа ў жыцці пары Чаўшэску, якія вялі досыць шыкоўны лад жыцця. За свае дваццаць пяць гадоў ва ўладзе пара збірала раскошныя вілы і аўтамабілі без ценю пакут сумлення. У свядомасці Нікалаэ і Алены вілы і аўтамабілі былі сціплай кампенсацыяй за іх працу на карысць румынскага народа. Аднак пры гэтым яны былі камуністамі і памяталі, што трэба падтрымліваць сувязь з народам. Таму вялікае значэнне ў іх меню надавалася традыцыйным румынскім стравам: курыца, галава цяляці з пятрушкай, салата з ялавічыны з маянэзам, рыбная чорба... За стол Алена і Нікалаэ таксама любілі садзіцца ў народных строях. Каб, напэўна, быць яшчэ бліжэй да народа.
Арыгінальна падыходзіў да кулінарыі Садам Хусейн. Ён зыходзіў з тэзы, што сытыя не робяць рэвалюцый. Таму падчас інспекцый па краіне любіў нечакана ўваходзіць у дамы простых іракцаў і адкрываць іх лядоўні. Калі лядоўня не вызначалася багаццем прадуктаў, мясцовага адміністратара чакаў суровы «ператрах». Зрэшты, гэты прыём чыноўнікі хутка вывучылі, і напярэдадні з’яўлення дыктатара мясцовыя адміністратары патрабавалі ад людзей, каб у халадзільніках дамоў быў абавязковы прадуктовы набор: фінікі, барановае сцягно, вярблюджае малако...
Дарэчы, у многіх такі прадуктовы набор быў да інтэрвенцыі Ірака ў Кувейт. Пасля гэтага краіна трапіла пад санкцыі, давялося багацце ў лядоўнях імітаваць. Праўда, рацыён Хусейна таксама змяніўся. Дыктатар разумеў, што шматлікія іракцы на яго злыя. Таму перш, чым ежа ішла да яго на стол, яна правяралася на наяўнасць атруты. Узоры ежы захоўваліся на працягу некалькіх дзён у халадзільніках палаца на выпадак атручвання прэзідэнта і крымінальнага расследавання.
Наогул, Хусейн быў фанатам міфа пра трапезы ў Сталіна. Таму за сталом у Садама панавала тая ж атмасфера. Гаспадар патрабаваў, каб усе госці забаўляліся без мітусні і пратаколаў. Але абдымкі і паляпванні па спіне не павінны былі ўводзіць у зман. У любы момант Хусейн мог узняць палец — і госця адводзілі ў падвал. Прычым госці гэта ведалі і дыктатар ведаў, што пра магчымы арышт ведаюць яго госці. Вось такая «руская рулетка».
Застаецца дадаць, што апошні раз Хусейн сеў за стол 29 снежня 2006 года напярэдадні смяротнага пакарання. Пра што думаў ён падчас апошняй вячэры? Напэўна, кніга пра думкі дыктатараў напярэдадні пакарання можа стаць тэмай наступнага даследавання.